Выбрать главу

Ліза таксама ўздыхала. А калі Валянцін вяртаўся дадому, вясёлы, узбуджаны, і пахла ад яго нейкімі чужымі аскомістымі духамі, яна моўчкі ставіла перад ім вячэру і сыходзіла ў мансарду. Густаў глядзеў з папрокам, але садоўнік нічога не заўважаў. Ён рассеяна выстукваў пальцамі левай рукі танцавальную мелодыю і ўсё часцей узгадваў пра тое, што набліжаецца дзень горада. Кірмаш, танцы і, вядома ж, выстава кветак. Кветкавыя крамы ў гэты дзень імкнуліся перагнаць адна адну, выстаўляючы на суд гараджан эфектныя кампазіцыі. Валянцін звычайна ігнараваў падобныя спаборніцтвы, казаў, што яму няма чаго даказваць, што ён найлепшы і добра гэта ведае. Але цяпер ён раптам загарэўся ўдзельнічаць. Мабыць, хтосьці прымусіў Валянціна ўсумніцца ў яго непераўзыдзенасці. І Ліза здагадвалася, хто.

Напярэдадні свята Валянцін замкнуўся ў кабінеце і з'явіўся толькі на абед. У руках ён нёс нешта, клапатліва абгорнутае вільготнай папяроснай паперай.

— Я выгадаваў унікальную кветку, — паведаміў ён ганарліва. Крыху адхінуў абгортку — і Ліза ахнула, прыкрыўшы вочы рукой.

— Выдатна! — абвясціў Валянцін.

— А мне больш падабаецца твая сіненькая малютка, — прызналася Ліза. — Да гэтай прыгажуні і дакрануцца страшна.

— Што ты разумееш! — пагардліва сказаў Валянцін, насоўваючы капялюш. — Я геній! Перамога ў маёй кішэні! Ты прыйдзеш паглядзець, як мне ўручаць медаль?

Горад кіпеў і бурліў, як мурашнік, толькі мурашкі былі шыкоўна прыбраныя. Яны елі цукровую вату, каталіся на каруселях і заглядаліся на прапанаваныя цуды. Ліза з латком белых фіялак мільгала сярод гараджан то тут, то там. Духмяныя букецікі ішлі нарасхват: мужчыны ўсоўвалі іх у пятліцы фракаў, а жанчыны прышпільвалі да карсажаў. Густаў блукаў следам за Лізай, грозна пазіраючы на мінакоў. І калі некаторыя легкадумныя юнакі збіраліся заляцацца да яе ці таргавацца з ёю, то пад пахмурным поглядам Густава яны цішэлі і са словамі «рэшты не трэба» хутка знікалі ў натоўпе.

Людзі сыходзіліся да цэнтра плошчы — туды, дзе моцна і духмяна пахла выстава кветак. Там Валянцін дэманстраваў усім ахвотнікам свой незвычайны экспанат, які вырас з чароўнага семечка, — бліскучую і пампезную залатую лілею, у якой на кожным пялёстку круглай кропляй вільготна зіхацеў брыльянт. Людзі не верылі, што кветка жывая, а не зробленая майстрамювелірам, асцярожна дакраналіся — і ўсклікалі захоплена, адчуўшы аксаміцістасць пялёсткаў. «Чараўніцтва!» — раз-пораз вохкаў хто-небудзь, і садоўнік паблажліва ківаў.

Суддзі былі аднадушнымі, калі прысуджалі першае месца.

— Я прысвячаю сваю перамогу самай прыгожай дзяўчыне горада! — выклікнуў садоўнік, трасучы медалем. Аркестр зайграў урачысты марш. Пад апладысменты гледачоў на сцэну выпырхнула тая самая труфельная прыгажуня, вытанчаная і зграбная, у малочна-белай сукенцы ды перламутравых туфліках. Валянцін асцярожна прышпіліў залатую кветку дзяўчыне на карсаж і закруціў яе ў вальсе. Рушылі ўслед за імі і шматлікія гараджане, хутка разбіўшыся на пары.

Густаў пераступаў з нагі на нагу. Ён не ўмеў танчыць, а калі б і ўмеў, то Лізу з яе кульгавай нагой, не затанчыш. А ў Лізы на шчоках блішчалі слёзы. Густаў прыгледзеўся, нахмурыўся, і тады яна вясёлым голасам растлумачыла, што, вядома ж, гэта ніякія не слёзы, а проста першыя кроплі дажджу. Густаў ёй паверыў. Вось толькі дождж, што дзіўна, так і не пайшоў.

Медаль з надпісам «лепшаму кветкаводу» Валянцін павесіў над прылаўкам, каб ён кідаўся ў вочы кожнаму, хто ўваходзіў у краму. Апоўдні ад пазалоты адбівалася сонца, і наведвальнікам даводзілася жмурыцца. «Мая слава асляпляе», — казаў Валянцін. І Ліза не заўсёды разумела, жартуе ён ці не.

Свята горада адшумела і заціхла, было вымецена з плошчы разам з тысячамі завялых пялёсткаў. Крыху пазней тым жа венікам нябачны дворнік вымеў з горада лета. Бочкі, наскрозь прапахлыя цыбульным ды палыновым настоем, цяпер марна збіралі дажджавую ваду, таму што труціць больш не было каго: жукі ды вусені зніклі, скончыўшы свой кароткі насякомы век. Градкі рабіліся пустымі адна за другой, а ў краму ўсё часцей зазіралі школьнікі, каб купіць рознакаляровыя віхрастыя астры для спадарыні настаўніцы.

— Ах, як я зайздрошчу вам! Вы заўсёды сярод кветак! — неяк сказала Лізе адна маладзенькая наведвальніца. Яна гойдалася на крэселку ды частавалася шакаладкамі, пакуль у садзе яе малады чалавек пад суровым наглядам Густава акуратна зразаў белыя духмяныя хрызантэмы.