Валянцін кінуўся насустрач, і яны сустрэліся акурат пад амялой.
— Які хітрун, — усміхнулася дзяўчына і пацалавала Валянціна. Ліза ўспыхнула і адвярнулася. Бровы Густава ізноў высока ўзняліся. А парачка ўжо знікла, пляснуўшы дзвярыма і пакінуўшы пасля сябе змешаны водар марозу і дарагіх духоў.
— Яна падобная на цукерку, — прагаварыла Ліза сумна.
— Цярпець не магу салодкае, — адгукнуўся Густаў.
Яны паглядзелі адно на аднаго. Ліза ўздыхнула, правяла задуменна рукой па рукаве Густава, кіўнула яму і сышла ў зімовы сад, дзе драмалі пад лапнікам ружы. Добра кветкам узімку. Іх ухутваюць яловымі галінкамі, абвязваюць саломай, укрываюць сухім лісцем. Ах, калі б гэтак жа ўхутаць, ахаваць сэрца ад халоднага кахання без узаемнасці! Ліза блукала па замеценых дарожках, заграбала чаравікамі снег і не заўважала гэтага. А Густаў назіраў за ёй скрозь наледзь на акне, і кулакі яго сціскаліся. Вельмі рэдка ён адчуваў такую бяссільную злосць, як цяпер. І няма на кім яе спагнаць. І Лізу, і Валянціна ён аддана любіў. А труфельная прыгажуня — што з яе ўзяць? Урэшце, на яе месцы магла апынуцца і іншая. Не ў гэтым справа. А вось у чым, ён не ўмеў зразумець, не мог, і ад гэтага хмурнеў усё больш.
Марудны і непаваротлівы, Густаў быў асабліва нязграбны ў абыходжанні з дзяўчатамі. Ён выдатна разбіраўся ў арэхатворках і крыжакветных блошках. Нейкім нябачным трэцім вухам чуў, як з чмяканнем ядуць цыбуліну цюльпана цвёрдыя, як дрот, лічынкі шчаўкуноў. Умеў, зазірнуўшы пад лісток, знайсці там непрыкметнага вусеня соўкі ці тлю. А вось зазірнуць у душу дзяўчыны і зразумець яе мудрагелістыя дзявочыя нягоды — о, як жа гэта было складана для яго! І ён пахмурным ценем цягаўся за Лізай, цямнеў ці святлеў следам за ёй, люстэркам паўтараў яе настрой.
Яны прачакалі Валянціна да позняга вечара — і толькі апоўначы сцямілі, што ён не вернецца да наступнага дня. Гарэлі свечкі на ялінцы, астывала некранутая індычка, ляжалі цішком у камодзе так і не знойдзеныя Лізай святочныя сурвэткі. Ліза і Густаў сядзелі за сталом і моўчкі пацягвалі віно.
— Што ж, з Калядамі, — прагаварыла Ліза. — Там, пад ялінкай, ляжыць падарунак табе. Раніцай разгорнеш...
Крыва ўсміхнуўшыся, Густаў зрабіў таямнічы твар (напярэдадні ён доўга рэпеціраваў гэтую грымасу перад люстэркам) і дастаў з кішэні знаёмы пакуначак.
— Чароўнае насенне! Ты ўзяў без дазволу? Валянцін ведае? — ахнула Ліза.
Густаў кіўнуў, потым пакруціў галавой і жаласна зірнуў на Лізу.
— Добра, але толькі па адным, — пагадзілася яна. — Бо насенне патрэбна Валянціну для эксперыментаў! Мы не можам марнаваць чарадзейства на пустыя забаўкі.
Бесцырымонна адсунуўшы індычку, яны паставілі на стол два вазоны з зямлёй і пасадзіла ў кожны па семечку.
— Давядзецца чакаць раніцы? — са шкадаваннем спытала Ліза.
— Не. Заплюшчы вочы і думай, — вымавіў Густаў нязвыкла доўгую фразу і ўзяў дзяўчыну за рукі. Яны старанна зажмурыліся і чулі толькі дыханне адно аднаго, патрэскванне марозу за вокнамі ды як часам выстрэльвала іскрынка ў каміне. Але раптам цішыня амаль непрыкметна змянілася. Як быццам у пакоі з'явіўся хтосьці яшчэ і, не дыхаючы, затаіўся з лёгкай усмешкай. І пах з'явіўся, нейкі няўлоўна знаёмы, цёплы летні пах... Яны абодва адчулі гэта, не расплюшчваючы вочы.
— Цяпер можна? — нясмела спытала Ліза, са шкадаваннем забіраючы рукі з велізарных цёплых далоняў Густава.
— Угу, — уздыхнуў ён.
І дакладна, семечкі ўжо прараслі. Кветка Лізы трымала на тонкіх сцяблінках цяжкія пунсовыя гарлачыкі, да краёў напоўненыя густым сунічным водарам. Ліза не ўтрымалася, пагладзіла адзін гарлачык — і з карычневых тычынак ёй на пальцы пырснуў салодкі нектар. А ў Густава зноў не выйшла спякотна-чырвонай ружы, і ён хмурна разглядаў свае кветкі, падобныя на абгрызеныя шкілецікі рыб. Яны паціху пастуквалі костачкамі і варушылі хвосцікамі. Добра хоць, што рыбай ад іх не пахла.
— Спадзяюся, Валянцін не раззлуецца, — прагаварыла Ліза. — Позна ўжо. Час класціся спаць.
Загасіўшы свечкі на ялінцы, Густаў пайшоў засунуць засаўку на дзвярах, якія вядуць у сад, а Ліза, памарудзіўшы, замкнула ўваходныя. Наўрад ці Валянціну прыйдзе ў галаву вярнуцца сярод ночы. Ён і не папярэджваў. Дый не пакідаць жа дом адкрытым. Каляды Калядамі, а ліхіх людзей заўсёды хапае. Думаючы пра ўсё гэта, Ліза сама не заўважыла, як сутыкнулася з Густавам, які з чагосьці раптам стаў на яе шляху. І вядома ж, стаялі яны пад амялой. Можна нават не задзіраць галаву, і так усё ясна. Традыцыі, каб ім праваліцца.