Выбрать главу

Густаў глядзеў на Лізу і верыў, што вось-вось здарыцца цуд. А Ліза глядзела ўбок і разумела, што яшчэ трошкі, і яна расплачацца.

— Дабранач, — нарэшце сказала яна і адышла.

Густаў зразумеў, што цуду не будзе.

Зрэшты, адзін цуд усё-ткі здарыўся. Калядная ялінка пусціла карані, і, калі пацяплела, Ліза пасяліла яе ў садзе, насуперак пратэстам Валянціна.

— Адвязіце яе ў лес, — казаў ён хмурна. — Навошта нам яліна? І так кветкі саджаць няма куды!

— У лесе яна не прыжывецца, — упарта паўтарала Ліза, і, урэшце, садоўнік здаўся.

— Рабі як ведаеш, — кінуў ён раздражнёна.

Калі прыйшла вясна ды пацяплела, Ліза і Густаў пацягнулі выратаваную ялінку туды, дзе для яе была ўжо загадзя самаўпраўна выкапана ямка. Валянцін дэманстратыўна крывіўся кожны раз, калі яны ўсе разам выходзілі ў сад і натыкаліся на яркія свежанькія шыпулькі.

Але потым прараслі цюльпаны, пацягнуліся пакупнікі па першацветы, цыбуліны ды чаранкі, і садоўніку стала не да ялінкі. Так яна і расла сабе, пушылася ды зелянела, стаўшы яшчэ адной незвычайнасцю ў і без таго незвычайным садзе.

Ліў дождж. Менавіта дзякуючы дажджу крама адпачывала ад пакупнікоў у разгар продажаў — летнім нядзельным днём. Ніхто не патрабаваў тэрмінова нарэзаць сотню пунсовых руж, сплесці з іх сэрца і адправіць на «вось такі» адрас. Ніхто не прасіў рамонкаў з няцотнай колькасцю пялёсткаў, і нават букецік незабудак з жалобнай стужачкай нікому пакуль што не быў патрэбны.

Ліза стаяла з кубкам ля расчыненых дзвярэй і з задавальненнем назірала, як дождж барабаніць па забытых палівачках і матыках, як цяжэюць ад вільгаці жоўтыя пампоны вяргіняў, хіляцца да зямлі перапоўненыя келіхі лілей. Павольна размакаюць дарожкі, выпаўзаюць дажджавыя чарвякі. А ў сярэдзіне чэрвеньскага махрыстага цюльпана, перамазаўшыся ў пылку, бездапаможна гудзе чмель, і сядзець яму там, пакуль не выгляне сонца і кветка зноў не раскрые пялёсткі.

Добра, што на свеце ёсць дождж. Ён выстуквае ціхую музыку, пад якую добра разважаць і дзяліцца сакрэтамі. Ён прыходзіць з вялікай палівачкай і насычае вадой градкі, дае адпачыць садоўніку. Можна заварыць духмяную гарбату, зняць сурвэтку з горкі птыфуры і сядзець за сталом, ляніва перамаўляючыся. Змятаць далонню крошкі, няўважліва памешваць гарбату ў кубку, аддавацца марам ці захоплена спрачацца. У кожнага свае прычыны любіць дождж. Валянцін цешыцца, што кветкі напіліся вады. Густава радуе, што не прыйдуць наведвальнікі і не стомяць Лізу. А Ліза проста любіць дождж гэтак жа, як і паліваць кветкі, і размаўляць з пакупнікамі, і пячы птыфуры. Цяжка наогул прыдумаць, што яна не любіць, што можа выклікаць на яе твары злосны выраз.

— Кажуць, адзін садоўнік выгадаваў чорную ружу, — паведаміла дзяўчына. — Ён збіраецца паказаць яе ўсім на свяце горада.

— Няўжо чорную? — з'едліва перапытаў Валянцін. — Хацеў бы я ведаць, як яму гэта ўдалося, калі ў ружы няма пігментных генаў, што адказваюць за чорны колер! Шарлатан! Чорных руж не бывае ў прыродзе!

— І нельга вывесці іх? — здзівілася Ліза.

— Можна, — нядобра ўсміхнуўся Валянцін. — Але наўрад ці табе гэта спадабаецца. Карані ружы трэба асцярожна надсячы, паліць марэнгавай фарбай, туга перавязаць і прысыпаць зямлёй. Кветкі атрымліваюцца чорныя, але вельмі хутка гінуць.

— Бедныя ружы! У карак гнаць такіх селекцыянераў!

— Гэта не селекцыя, а падман! — паціснуў плячыма Валянцін. — Прыстойны чалавек ніколі не дазволіць сабе такія маніпуляцыі.

— Кажуць, на выставе справяць феерверк з пялёсткаў лотаса, — памаўчаўшы, працягнула дзяўчына. — А яшчэ там з'явіцца танцорка, апранутая толькі ў трапічныя архідэі!

— Усё гэта танныя эфекты, Ліза, — раззлаваўся садоўнік. — Халтура, разлічаная на такіх прасцячак, як ты. Я пакажу ўсім, што такое сапраўднае мастацтва. Я выгадую ўнікальныя кветкі з нашага чароўнага насення!

— Хочаш патраціць усё насенне адразу?

— Не ведаю. А якая розніца? — спытаў ён безуважліва.

Тут да дзвярэй падкаціў экіпаж, з яго выскачыла тонкая фігурка і, хаваючыся пад парасонікам, забегла ў краму. Ліза і Густаў нахмурыліся — гэта была тая самая труфельная прыгажуня. Гэтым разам кудзеркі яе выбіваліся з-пад далікатнага крэмавага капялюшыка, а сукенка коле­ру молатай карыцы ды кававыя замшавыя туфлікі яшчэ больш рабілі дзяўчыну падобнай на смачную шакаладную цукерку.

— Абрыдлы дождж, — прагаварыла яна, разглядаючы прамоклыя туфлікі.