Выбрать главу

Прачнуўшыся і працягнуўшы руку, я знайшоў побач скібу хлеба і збанок вады. Я быў надзвычай стомлены, каб неяк абдумаць іх з’яўленне тут, але ж прагна паеў і папіў. У хуткім часе я працягнуў абыходзіць вязніцу і, хоць з цяжкасцю, але знайшоў той баваўняны лапік. Да моманту падзення я налічыў пяцьдзесят два крокі, а пасля таго, як зноў працягнуў свой шлях, налічыў яшчэ сорак восем, намацаўшы абрэзак. Такім чынам, разам атрымалася сотня крокаў і, прыняўшы, што два крокі – гэта ярд, памеры цямніцы, па маіх падліках, складалі пяцьдзесят ярдаў у дыяметры. Аднак ідучы ўздоўж сцяны, я сустракаў нямала кутоў і таму не мог меркаваць пра форму склепа, а наконт таго, што гэта быў менавіта склеп, я не меў ужо ніякіх сумневаў.

Мае блуканні былі практычна бязмэтнымі, бо нешта знайсці тут было амаль немагчыма, але ж нейкая няясная цікаўнасць штурхала мяне працягваць пошукі. Пакінуўшы вывучаць сцяну, я вырашыў перасекчы склеп наўскос. Спачатку я ступаў надзвычай асцярожна, бо падлога, хоць і здавалася цвёрдаю, была па-здрадніцку слізкая. Але нарэшце я набраўся смеласці і без асаблівых ваганняў пакрочыў даволі ўпэўнена, намагаючыся прайсці як мага больш роўным і простым шляхам. Такім чынам я адолеў дзесяць ці дванаццаць крокаў, калі раптам падраны падол майго балахона заблытаўся ў нагах. Я наступіў на яго і ўпаў, моцна ўдарыўшыся тварам.

Праз тую збянтэжанасць ад падзення я не адразу заўважыў адну дзіўную акалічнасць, якая ўжо праз некалькі секунд, хоць я ўсё яшчэ працягваў ляжаць на зямлі, прыцягнула маю ўвагу. А гэта было вось што: шчакой я ляжаў на падлозе вязніцы, а мае вусны і верхняя частка галавы ўжо ні да чаго не дакраналіся. У той жа час мой лоб быў нібы ахутаны халоднай ліпучай парай, і ноздры лавілі спецыфічны пах гнілля і цвілі. Я працягнуў руку і здрыгануўся ад думкі, што ўпаў ля самага краю круглага калодзежа, але яго глыбіню я не мог натуральным чынам вымераць зараз жа. Абмацваючы каменную кладку ніжэй за край калодзежа, я здолеў адбіць невялікі кавалачак каменю і кінуў яго ў бездань. Доўгія секунды прыслухоўваўся я да водгулля, што пакідаў каменьчык, грукаючыся аб сцены прадоння, пакуль нарэшце злавеснае гучнае рэха не адзначыла яго падзенне ў ваду. І ў той жа момант я пачуў, як недзе ўверсе хутка адчыніліся і зачыніліся дзверы, слабы прамень святла нечакана працяў імглу і тут жа знік.

Я выразна ўразумеў пагібель, прыгатаваную для мяне, і павіншаваў самога сябе са своечасовым здарэннем, дзякуючы якому выратаваўся. Яшчэ адзін крок – і не ўбачыць бы мне больш белага свету. А смерць, якой я толькі што пазбег, была з ліку тых, якія ў гісторыях пра норавы інквізыцыі я лічыў неабгрунтаванымі і надуманымі. Ахвяры іх лютасці маглі пасці ад смерці, спрычыненай або цяжкімі фізічнымі мукамі, або невыносным цяжарам жуды душэўнай. Мне было наканавана апошняе. Працяглыя пакуты расхісталі мае нервы настолькі, што мяне палохаў нават гук уласнага голасу, і найлепшым чынам падрыхтавалі да таго страшнага катавання, якое чакала мяне.

Дрыжучы ўсім целам, я адпоўз назад да сцяны, вырашыўшы лепш загінуць там, чым зведаць жахі калодзежаў, – маё ўяўленне малявала іх мноства ў самых розных кутках склепу. Калі б я быў у іншым душэўным стане, то, мабыць, наважыўся б імгненна скончыць сваё нікчэмнае існаванне, кінуўшыся ў самае прадонне, але цяпер я быў найбольшым у свеце баязліўцам. Таксама я не мог забыцца на тое, што чытаў пра гэтыя калодзежы – іх жудасная планіроўка не перадугледжвала хуткай смерці.

Цягам доўгіх гадзінаў мой стрывожаны розум не даваў мне заплюшчыць вочы, але нарэшце я зноўку задрамаў. Прачнуўшыся, я і гэтым разам знайшоў побач лусту хлеба і збанок вады. Моцная смага апанавала мяне, і я адным глытком асушыў увесь збан. Але туды, мабыць, нечага падсыпалі, бо як толькі я папіў, на мяне тут жа зноў навалілася дрымота. І глыбокі сон ахапіў мяне – сон, так падобны да смерці. Як доўга я спаў, я, канечне, не магу меркаваць, але калі зноў расплюшчыў вочы, усё, што акаляла мяне ў вязніцы, стала бачна. У нейкім жоўта-зялёным ззянні, крыніцу якога я спачатку не прыкмеціў, мне ўдалося заўважыць памеры і будову маёй вязніцы.