Выбрать главу

Я моцна памыліўся наконт яе памераў. Агулам дыяметр яе сценаў не перавышаў дваццаці пяці ярдаў. Некалькі хвілінаў я адчуваў пустую ўсхваляванасць, напраўду пустую, бо ў той сітуацыі, у якой я апынуўся, што можа мець меншае значэнне, чым памеры склепу? Але мой розум чамусьці дужа цікавілі гэтыя дробязі, і я заглыбіўся ў роздумы, шукаючы, дзе ж у сваіх падліках я мог памыліцца. Нарэшце я дайшоў да ісціны. Падчас першай спробы даследаваць склеп я налічыў пяцьдзесят два крокі, а потым упаў. Мабыць, тады я быў у двух кроках ад лапіка бавоўны, сапраўды, я амаль абышоў вязніцу па перыметры. Потым заснуў, а калі прачнуўся, то вярнуўся назад і палічыў дыяметр вязніцы ў два разы большым, чым ён быў насамрэч. Заблытаўшыся, я не заўважыў, што пачынаў свой шлях, калі сцяна была злева, а скончыў яго, калі сцяна была ўжо справа.

Таксама я памыліўся наконт формы памяшкання. Намацваючы шлях паўз сцяну, я заўважыў шмат кутоў, і менавіта яны навялі мяне на думку пра няправільную форму склепа. Так моцна ўплывае апраметная цемра на таго, хто раптам прачынаецца ад летаргіі або сну! Кутамі мне падаліся ўсяго толькі лёгкія западзіны ці нішы праз няроўныя адрэзкі. Сама па сабе вязніца была збольшага квадратная. Тое, што я прыняў за каменную кладку, апынулася вялізнымі плітамі з жалеза ці нейкага іншага металу, швы ці стыкі якіх якраз і ўтваралі западзіны. Паверхня металічных плітаў была груба размаляваная тымі жахлівымі і агіднымі сімваламі, якія маглі быць спароджаныя адно злавеснымі забабонамі манахаў. Пагрозлівыя выявы нячысцікаў, увасобленыя ў шкілеты і іншыя жудасныя вобразы, пакрывалі сцены. Я звярнуў увагу, што абрысы гэтых хімераў былі дастаткова выразнымі, а вось колеры падаваліся бляклымі і цьмянымі, нібы ад уздзеяння вільготнага паветра. Таксама я заўважыў, што падлога была з каменю. А ў самым цэнтры зеўраў вялізны калодзеж, прорвы якога мне такі ўдалося пазбегнуць. Але ў вязніцы ён быў усяго адзін.

Усё гэта я бачыў дужа невыразна і праз вялізныя высілкі, бо становішча маё моцна змянілася пасля сну. Цяпер я ляжаў, выцягнуўшыся на спіне на нейкім драўляным каркасе. Да яго я быў прывязаны чымсьці падобным да доўгай папругі. Яна была шмат разоў аперазаная вакол майго цела, рук і ног, вольнаю заставаліся толькі галава і мая левая рука, але ўсяго настолькі, каб я з цяжкасцю здолеў дацягнуцца да талеркі з ежай, што стаяла побач са мной на падлозе. Я жахнуўся, заўважыўшы, што збана з вадою не было. Кажу “жахнуўся”, бо мяне даймала невыносная смага. Гэтую смагу, па ўсім відаць, наўмысна справакавалі мае прыгнятальнікі, бо ежа ў талерцы апынулася вострым, моцна прыпраўленым мясам.

Падняўшы вочы ўгару, я агледзеў столь маёй вязніцы. Яна была ў трыццаць ці сорак футаў вышынёй і, таксама як і сцены, абабітая металічнымі плітамі. На адной з яе панэляў была змешчаная самотная фігура, якая цалкам забрала маю ўвагу. Гэта была алегарычная выява Часу, якім яго зазвычай рысуюць, толькі замест касы ён трымаў намаляваны, як мне падалося спачатку, ківач, што бывае ў старым гадзінніку. Але нешта дзіўнае ў гэтай прыладзе прымусіла мяне прыгледзецца больш пільна. Пакуль я глядзеў на яго пад простым вуглом (а ён быў практычна нада мною), мне падалося, што я заўважыў, як ён рухаецца. Праз імгненне мае падазрэнні апраўдаліся. Амплітуда яго гайдання была кароткай і рух, натуральна, павольным. Я назіраў за ім некалькі хвілінаў са страхам, але ў большай ступені з цікаўнасцю. Стомлены нарэшце яго нудным рухам, я пачаў аглядаць іншыя прадметы ў маёй вязніцы.

Слабы шум даляцеў да маіх вушэй і, глянуўшы на падлогу, я заўважыў некалькі вялізных пацукоў. Яны вылезлі са студні, што была ў полі майго зроку справа. І нават пакуль я назіраў за імі, цэлае пацучынае войска з прагнымі вачыма паспешліва наблізіліся да мяне, учуўшы пах мяса. Каб адпужаць іх, я мусіў прыкладаць даволі шмат руплівых высілкаў.

Мінула, мабыць, паўгадзіны ці нават гадзіна (звязаны, я толькі прыблізна мог меркаваць пра час), калі я зноў глянуў наверх. Што я пабачыў там, збянтэжыла мяне і ў той жа час здзівіла. Амплітуда руху ківача павялічылася прыкладна на ярд. І натуральным чынам узрасла яго хуткасць. Але што ўсхвалявала мяне яшчэ больш, дык гэта тое, што ён прыкметна зніжаўся. Цяпер я пабачыў – з жахам, які і апісваць не варта, – што на самым канцы яго быў серпападобны наканечнік з бліскучай сталі прыкладна ў фут шырынёй ад краю да краю, канцы якога былі загнутыя ўверх, а знізу ён быў востры, як лязо. І, як лязо, вялікі і цяжкі, а ўверсе масіўны і шырокі. Ён быў прымацаваны да трывалага медзянога прута, што, гайдаючыся, са свістам разразаў паветра.