Ніжэй – няўхільна, непазбежна ніжэй! Я ўздыхаў і намагаўся вызваліцца пры кожным яго хістанні. Я сутаргава адхінаўся пры кожным яго ўзмаху. З заўзятасцю бязглуздай роспачы сачыў я вачыма за яго рухамі то да мяне, то ад мяне. І рыўком завяршаўся іх цыкл унізе. Толькі смерць была б збавеннем, якім жа невымоўна жаданым збавеннем! І ўсё ж мяне трэсла ад думкі, як лёгка, заглыбіўшыся, гэта прылада ўвап’ецца сваім вострым бліскучым лязом мне ў грудзіну. І менавіта надзея прымушала мяне скаланацца ад гэтай думкі і ўхіляцца целам. Гэта была надзея – надзея, што трыюмфуе ў катавальнях, што шэпча нават асуджанаму на смерць у цёмных склепах Інквізіцыі.
Я заўважыў, што ўсяго праз нейкіх дзесяць ці дванаццаць хістанняў сталёвае лязо наблізіцца да майго балахона, і тады мой дух нечакана апанаваў глыбокі, стрыманы спакой безнадзейнасці. Упершыню за некалькі гадзінаў – ці, хутчэй, дзён – я задумаўся. Нечакана я зразумеў: путы, ці папругі, што трымалі мяне, не былі аднароднымі. Я быў абвязаны не адной адзінай вяроўкай. Першы ж удар металічнага сярпа наўскос любога ўчастку папругі пашкодзіць яе настолькі, што мне ўдасцца яе развязаць левай рукою. Але ж якой жахлівай робіцца блізкасць вострай сталі! І ці ж не можа скончыцца смерцю гэты мой маленькі супраціў! Да таго ж, прыслужнікі катаў маглі прадбачыць і паклапаціцца пра гэта загадзя. Якая верагоднасць, што путы на маіх грудзях апынуцца проста на шляху сталёвага ляза ківача? Ад страху страціць прытомнасць, калі, як мне падалося, апошняй надзеі ўжо няма, я падняў галаву, каб добра разгледзець грудзі. Папруга апярэзвала мае рукі, ногі і тулава вельмі шчыльна, а таму натуральным чынам была на шляху смяротнага ляза.
Не паспеў я апусціць галаву ва ўжо звычнае для яе становішча, як раптам напаўусвядомленая, па-іншаму не ведаю як яе назваць, ідэя вызвалення азарыла мяне. Ідэя, якая ўжо з’яўлялася раней, але адно няўрымслівыя абрыўкі яе закранулі мяне, калі я падносіў ежу да сваіх сухіх, апаленых вуснаў. Цяпер жа думка аформілася цалкам – такая кволая, ледзь ясная, ледзь выразная, але ўсё ж цэльная. І адразу ж, у нервовым прыступе адчаю, я наважыўся яе ажыццявіць.
Цягам доўгіх гадзінаў прастора вакол таго нізкага каркасу, на якім я ляжаў, літаральна кішэла пацукамі. Дзікія, дзёрзкія і прагныя, іх чырвоныя вочы зыркалі на мяне, нібы чакалі, пакуль знерухомею назаўжды і ім удасца нарэшце пажывіцца. “Чым жа, – задаваўся я пытаннем, – яны харчаваліся ў калодзежы?”
Якія б перашкоды я ім ні чыніў, яны ўсё роўна зжыралі ежу з маёй талеркі амаль цалкам, пакідаючы мне адно рэшткі. Увесь гэты час я разгойдваўся на сваім каркасе то ўверх, то ўніз ці памахваў рукой над талеркай, але ўрэшце безуважная аднастайнасць маіх рухаў звяла эфект да мінімуму – ненажэрныя паразіты пачалі часцяком упівацца сваімі вострымі зубамі мне ў пальцы. Рэшткамі тлустай і добра здобленай спецыямі ежы, што засталася ў талерцы, я грунтоўна абмазаў усе папругі, да якіх толькі змог дацягнуцца, а потым, падняўшы руку з зямлі, замёр нерухома.
Спачатку прагныя жывёлы са здзіўленнем і жахам успрынялі перамены, то бок поўную адсутнасць рухаў. Спалоханыя, яны падаліся назад, многія рушылі да калодзежа. Але толькі на імгненне. Не дарма я разлічваў на іх пражэрлівасць. Бачачы, што я ляжу абсалютна нерухома, адзін ці два самыя смелыя з іх ускочылі на каркас і пачалі нюхаць папругу. Гэта стала сігналам да дзеяння для астатніх. Цэлым войскам яны кінуліся з калодзежа. Чапляючыся за драўляны каркас, яны пераскоквалі праз яго і сотнямі асядалі на маім целе. Вывераны рух ківача ім зусім не замінаў. Унікаючы яго хістанняў, яны ўсаджвалі зубы ў пахкую ад спецый папругу. Я трымаў на сабе іх цяжар, а яны кішэлі на мне ўсё новымі і новымі хеўрамі. Пацукі спляталіся разам ля самага майго горла, іх халодныя лапы бегалі па мне, і я ледзь не задыхаўся пад цяжарам гэтай жывой шэрай масы. Агіда, апісаць якую мне не хопіць словаў, напінала мне грудзі і жудасным холадам напаўняла сэрца. Але я ведаў: яшчэ хвіліна – і палону майму канец. Я выразна адчуў, як аслаблі мае папругі. І прынамсі ў адным месцы пацукі ўжо зрабілі сваю справу. У звышчалавечай рашучасці я працягваў ляжаць абсалютна нерухома.
Як выявілася, ні мае падлікі, ні мае пакуты не былі дарэмнымі. І нарэшце я адчуў сябе вольным. Папругі шмаццём звісалі з майго цела. Але ўдар ківача ўжо апусціўся на мае грудзі і разрэзаў тканіну балахона. Прарваў сподняе. Ён хіснуўся яшчэ двойчы, і востры боль працяў кожны куточак майго цела. Але момант збавення ўжо прыйшоў. Ад узмаху рукі мае выратавальнікі раптам мітусліва кінуліся ва ўсе бакі. Адным упэўненым рухам, асцярожна, наўскос, павольна сцяўшыся, я выслізнуў з небяспечных абдоймаў папругі, падалей ад смяротнага ляза ківача. І хоць на імгненне стаў вольным.