Выбрать главу

Як нi дзiўна, Лёшка таго дня падняўся а сёмай гадзiне. Раней спаў да абеду, а тут зьлез з гарышча, змачыў твар у каровiным вядры i падаўся ў вёску.

- Ты ж хоць малака папi, - гукнула ўсьлед Матруна, але пляменьнiк нават не азiрнуўся.

... У хаце мерна тахкалi ходзiкi, ля ног, скруцiўшыся абаранкам, спаў кот Базыль, сонная дрымота цьвелiла павекi i Матруна ўжо кульнулася на бок, каб паспаць якую гадзiнку, ды тут на вулцы залапатаў трактар i сон зьляцеў з павекаў. "Каго там чэрцi прыгналi?" - падумала Матруна, зiрнуўшы ў вакно. Па вулiцы, уздымаючы пыл i матляючы прымацаваным да заду каўшом, ехаў пецькавы "беларус".

- Лётае як шалёны, паратунку няма, - выдыхнула Матруна, iзноў кульнулася на бок, але вачэй не заплюшчыла, стала цiкаваць левым - чуйным вухам - куды паехаў трактар.

"Беларус" мiж тым лапатнуў наастачу i загуў лагодна i суцiшна, спынiўшыся дзесьцi ля канавальчыкавай хаты. Пачулiся няўцямныя галасы, ляснула жалезьзе i трактар iзноў завуркатаў натужна i перарывiста. Матруна скацiлася з ложку, абарвала ў сьпешцы фiранку, што вiсела на дзьвярах сьвятлiцы i так, з фiранкай на плячы, i выбегла з хаты. Пецькавы трактар падхапiў каўшом груд зямлi, падняў угору i з каўша ценькiм струмком пасыпаўся той самы пясочак. Яна хацела крыкнуць, але для крыку не хапiла паветра.

- А што ж... а што ж гэта робiцца? - выдыхнула Матруна, шыбуючы да трактара, i сусед Канавальчык, якi стаяў на дарозе i дымiў цыгаркай, патлумачыў: - А то ня бачыш? Мальцы калодзеж рыюць.

- Яшчэ тры каўшы - i хопiць... Далей рыдлёўкай, - крыкнуў пляменьнiк Пецьку Халiмонаву i гэта былi апошнiя словы, пачутыя Матрунай. Увушшу зазьвiнела, потым зашумела, нарэшце, загуло, зямля кульнулася пад нагамi i душу Матрунiну спавiла зьнямоглая цiша.

2

Сакратарка Iя - элегантная саракагадовая кабета з выскубенымi брывамi i з моднай "хiмiяй" на галаве - набрала нумар дарожнага ўчастку, прыцiснула да вуха слухаўку.

Участак доўга не абзываўся, нарэшце азваўся залiвiстым дзявочым голасам: Алё-о...

- Прымiце тэлефанаграму, - прамовiла сакратарка i, не чакаючы, пакуль дзяўчына схопiць асадку, прадыктавала: - Таварышу Даўбешку Эл Пэ зьявiцца на закрытае паседжаньне Бюро райкаму. Пачатак а шаснаццатай гадзiне.

- На закрытае? - перапыталiся на ўчастку, i змучаная такiмi пытаньнямi сакратарка па складах паўтарыла: - За-кры-та-е.

Iя выцягнула з шуфляды стала люстэрка, мелькам паправiла кудзеркi на лобе i ў гэты момант у прыёмную вужакай прасьлiзнуў старшыня спорткамiтэту Мурленя.

Мурленя прайшоўся, як гэта ён заўсёды рабiў, уздоўж сьцяны, спынiўся пад партрэтам правадыра, запытальна кiўнуў у бок абабiтых дэрмацiнавым матрацам дзьвярэй.

- Рыхтуецца да паседжаньня Бюро. Прасiў нiкога не пускаць, - паведамiла Iя, не адрываючы вачэй ад люстэрка.

- А што... закрытае? - стоена запытаўся Мурленя.

У вадказ сакратарка роблена ўздыхнула, замутнiўшы люстэрка, i старшыня спорткамiтэту, гэткiм жа чынам - уздоўж сьцяны - падаўся ўпрочкi. Дзьверы прыёмнай цiхенька рыпнулi i абудзiлi тэлефон нутраной сувязi. Тэлефанавала Шура Неўмывакiна з прамысловага аддзелу.

- Iечка... Бюро закрытае?

- Закрытае, - прастагнала сакратарка.

- А па якiм пытаньнi?

- Не дакладваў! - слухаўка высьлiзнула з рукi, ляснулася на вагар, ды так хвацка, што з носу сакратарчынага пасыпалася пудра.

Iя i сапраўды ня ведала - пра што будуць гаманiць на паседжаньнi, таму i нэрвавалася. Iнтрыгу надавала i тое, што з вобласьцi мусiў прыехаць супрацоўнiк абласной управы КГБ. Ранiцай, калi шэф узяў яе руку i, па старой звычцы, правёў языком мiж пальцаў, яна запыталася - на якую халеру едзе чэкiст i шэф, паправiўшы гальштук, паўжартам адказаў: "Iя, сакрэты ёсьць ня толькi ў жанчын, але i ў партыйных работнiкаў".

"Божухна, у яго яшчэ ёсьць нейкiя сакрэты, - падумала Iя, згадаўшы ранiшнюю размову, - гэты ёлупень думае, што й практыкаваньнi на зялёным стале - вялiкi сакрэт. А пра iх ужо ведае апошнi сабака ў Азярышчы". Сакратарка згадала, што акурат учора ёй давялося зацiраць анучкай тое месца на стале, дзе звычайна сядзеў старшыня райвыканкаму Кабяк i, страсянуўшы кудлатай "хiмiяй", стала набiраць нумар апошняга запрошанага на паседжаньне - дырэктара райхарчпрамгандлю Ванзовiча.

А тым часам у Матрунiнай хаце, расклаўшы на двух табурэтах мэдычнае прычандальле, маладзенькая фэльчарка Нiна набiрала ў шпрыц вадкiя лекi.

- Я ж, дачушка, ужо i сама магу прыйсьцi. I карову даю, i канюшыну ўчора дакасiла, - прамаўляла цётка Матруна, казелячы вокам на шпрыц.

- Навошта ж вам хадзiць? Амбуляторыя на другiм канцы вёскi. А мне прайсьцiся - адно задавальненьне... Кашулю падымiце... - Нiна толькi сёлета скончыла мэдвучэльню i таму рабiла ўсё, як мае быць: паляпала па пэўнай мясьцiне, працёрла ледзь ня ўвесь азадак прасьпiртаванай ватай, нарэшце замружыла вочы i ўбiла iголку крыху нiжэй хвастца.

Цётка Матруна хварэла. Цэлы месяц адлежала ў пасьцелi i толькi сёньня, адчуўшы палёгку, стала на ногi: падаiла ранiцою карову, потым рушыла касiць канюшыну, i Карпачысе, якая апекавала яе пад час хваробы, давялося з крыкам i гвалтам адбiраць касу.

- А што ж ты мне, дачушка, колеш? - запыталася Матруна, абцягнуўшы кашулю. - Ужо ж надта пякучыя, усё адно як жарынка заляцела...

- Спазмалiтычны сродак. Зьнiжае крывяны цiск, - фэльчарка зьняла з твару марлевую маску, з палёгкаю ўздыхнула. - Вам, Матрона Iванаўна, яшчэ паляжаць трэба пару дзён. I нiякай цяжкой працы. Адно лёгкiя прагулкi, - фэльчарка закрыла валiзу i наструнiла слых: да хаты з вуркатлiвым гудам наблiжалася легкавушка.

Яшчэ хвiлiна - i ля весьнiц, узьняўшы пылюку, спынiлася шэрая "волга". Легкавушка вуркатнула наастачу, суцiхла i зь яе вылез мужчына ў даўжэзным, мышастага колеру, плашчы i ў гэткай жа шэрай кепурцы. Мужчына ляснуў дзьверкай, нюхнуў паветра, зiрнуў на гадзiннiк.

- Госьцi да вас, Матрона Iванаўна, - пралепятала фельчарка Нiна, а цётка Матруна, прыўзьняўшыся на локцi, ўсхвалявана пралепятала: - I хто ж гэта сунецца?

У прысенку грукнулi дзьверы, ляснула вядро, пачулiся стрыманыя мацюгi, потым мяккi шоргат - мужчына шукаў у цемры дзьвярную клямку, i фельчарка, пачуўшы такое, кiнулася да дзьвярэй.