Выбрать главу
Чарлз Дыкенс Калядны харал
Святочная гісторыя пра прывідаў
Прадмова

У гэтай маленькай кніжцы пра прывідаў я паспрабаваў абудзіць прывідны цень ідэі, якая не пагоршыць вашага стаўлення да саміх сябе, да іншых, да надвор’я альбо да мяне. Хай гэты цень блукае вам на радасць па вашых дамах, і хай ніхто не захоча, каб ён спачыў.

Снежань 1843 г.

Ваш верны сябра і слуга,

Ч. Д.

Страфа першая. Прывід Марлі

Пачнем з таго, што Марлі быў мёртвы. Тут не магло быць ніякіх сумневаў. Пасведчанне пра яго пахаванне падпісалі святар, царкоўны служка, трунар і найбліжэйшы сябра памерлага. Сам Скрудж падпісаў яго! А Скруджаў подпіс, на чым бы ён ні стаяў, і на Біржы лічыўся доказам.

Такім чынам, стары Марлі быў мёртвы, як цвік у сцяне.

Заўважце, я зусім не збіраюся сцвярджаць, нібыта на ўласным досведзе зведаў, што цвік у сцяне мёртвы неяк па-асабліваму. Я б, напрыклад, палічыў самым мёртвым сярод усіх скабяных вырабаў цвік, убіты ў труну. Аднак у гэтай прымаўцы — мудрасць нашых продкаў, і калі я наважуся крануць яе сваімі грэшнымі рукамі, уся краіна зваліцца ў тартарары. Так што дазвольце мне яшчэ раз рашуча абвясціць: Марлі быў мёртвы, як цвік у сцяне.

Ці ведаў Скрудж, што Марлі памёр? Безумоўна, ведаў. А як іначай? Скрудж быў кампаньёнам Марлі невядома з якіх часоў. Скрудж быў адзіным яго павернікам, адзіным правапераемнікам, адзіным законным спадчыннікам, адзіным сябрам і адзіным, хто праводзіў яго ў апошнюю дарогу. Але нават Скруджа сумная падзея не падкасіла — камерцыйныя здольнасці не здрадзілі яму і ў гэты дзень, і ён урачыста памянуў Марлі заключэннем выгаднай дамовы.

Згадкі пра пахаванне Марлі вяртаюць мяне да пачатку аповеду. Не было ніякага сумневу ў тым, што Марлі памёр. Гэта трэба вельмі дакладна ўсвядоміць, бо іначай не будзе нічога дзіўнага ў гісторыі, якую я збіраюся расказаць. Калі б мы не былі цалкам упэўненыя ў тым, што бацька Гамлета памёр яшчэ да пачатку п’есы, то ён, шпацыруючы ўначы па мурах пад усходнім ветрам, здзівіў бы нас не больш за любога іншага джэнтльмена сярэдніх гадоў, які вырашыў пакінуць ложак дзеля сумнеўнай асалоды прагуляцца позна вечарам на адкрытай усім вятрам прасторы — ну вось хаця б па могілках ля сабора святога Паўла, — выключна каб уразіць і без таго нездаровае ўяўленне свайго сына.

Скрудж так ніколі і не замазаў імя старога Марлі. Доўгія гады яно ўпрыгожвала шыльдачку над дзвярыма канторы: СКРУДЖ І МАРЛІ. Фірму добра ведалі пад гэтай назвай. Часам пачаткоўцы называлі Скруджа Скруджам, часам — Марлі, ён адгукаўся на абодва імені: яму было ўсё адно.

Ох ужо гэты Скрудж! Ён быў сапраўдным скнарам, выціскаў з людзей усе сокі, адбіраў апошняе, абдзіраў як ліпку, не пакідаў ні на семя ні на емя, абскубаў з галавы да пят, аблупліваў да жывога! Ох ужо гэты стары грэшнік! Ён быў цвёрды і востры, як крэмень, з якога ніколі не высякалі хаця б іскрынкі шчодрага агню, ён быў скрытны, і самотны, і замкнёны, як рак-пустэльнік. Ад холаду яго душы старэчыя рысы зледзянелі, нос завастрыўся, шчокі высахлі, хада пацяжэла, вочы пачырванелі, вусны пасінелі, а голас зрабіўся яшчэ больш скрыплівым, чым раней. Шэрань ляжала і на скронях Скруджа, і на яго бровах, і на падбароддзі. Гэты холад ён прыносіў з сабой паўсюль, куды б ні пайшоў, замарожваючы кантору нават у самыя спякотныя дні і не адтайваючы хоць на паўградуса пад Каляды.

Гарачыня альбо мароз на вуліцы мала хвалявалі Скруджа. Ніякае цяпло яго не грэла, ніякая сцюжа не кідала ў дрыжыкі. Ніякі вецер не быў злейшым за яго, ніякі снегапад не рабіў сваю справу так настойліва, як ён, ніякая залева не заставалася такой глухой да чалавечых бедаў. Самае агіднае надвор’е не магло хоць як паўплываць на яго настрой. Залева, снег, град, завіруха маглі пахваліцца хіба адной перавагай: часам яны былі надзвычай шчодрымі, Скрудж жа шчодрым не быў ніколі.

Ніхто не спыняў яго на вуліцы і не пытаў з радаснай усмешкай: “Як маешся, дарагі мой Скрудж? Калі зазірнеш да мяне?” Ніводны жабрак не выпрошваў у яго манеткі, ніводнае дзіця не пытала, якая цяпер гадзіна, ніводны мужчына альбо жанчына ніколі ў жыцці не паспрабавалі дазнацца ў яго, як куды-небудзь прайсці. Здавалася, што нават сабакі сляпых ведалі яго і, заўважыўшы непадалёк, адцягвалі гаспадароў у найбліжэйшы двор ці падваротню, а пасля матлялі хвастом, нібы кажучы: “Лепш ужо зусім без вачэй, як ты, гаспадар, чым з паганым вокам”.

Але хіба Скруджа гэта трывожыла? Ды ён толькі таго і хацеў! Ён ішоў сабе па ўзбочыне шумнай дарогі жыцця, старанна пазбягаючы чалавечых пачуццяў, і тыя, хто яго ведаў, казалі, што яму гэта вельмі падабаецца.