Выбрать главу

Так, менавіта твар Марлі. Яго не хавала глухая цемра, якая ахутала ўсё навокал, наадварот — ён нібы свяціўся злавесным святлом, зусім як падгнілы амар у цёмным склепе. Ён не быў ні раззлаваным, ні жорсткім, а проста пазіраў на Скруджа так, як пазіраў Марлі пры жыцці, пасунуўшы прывідныя акуляры на прывідны лоб. Валасы дзіўна шавяліліся, быццам ад гарачага подыху печкі, а шырока адкрытыя вочы былі нерухомыя. Усё гэта разам са змярцвела-бляклым колерам твару абуджала жах, але жах не перад самім тварам, а перад чымсьці, што было вышэйшае за яго і яму не падпарадкоўвалася.

Скрудж уважліва ўгледзеўся ў гэтае дзіва, і твар Марлі раптам зноў ператварыўся ў малаток.

Я зманю, калі скажу, што Скруджа гэта не ўразіла і кроў не застыла ў яго жылах, як бывала з ім толькі ў дзяцінстве. Аднак ён зноў намацаў ключ, рашуча павярнуў яго, увайшоў у пакой і запаліў свечку.

Ён, безумоўна, імгненне вагаўся, перш чым зачыніць дзверы, і, безумоўна, асцярожна азірнуўся, быццам баючыся ўбачыць тоненькую касічку Марлі, што вытыркнулася з-за дзвярэй. Аднак на дзвярах не было нічога, апроч шрубаў і гаек, на якіх трымаўся малаток, а таму, прабурчаўшы “цьху ты!”, Скрудж з ляскатам зачыніў дзверы.

Ляскат прайшоўся па ўсім доме, як грукат грому. Кожны паверх вышэй і кожная бочка ўнізе, у вінным склепе, адгукнуліся, здавалася, уласным рэхам. Аднак Скрудж быў не з тых, каго можа напалохаць рэха. Ён замкнуў дзверы і няспешна пакрочыў да лесвіцы, сочачы, каб свечка не згасла.

Вы можаце колькі заўгодна разважаць пра нашыя старыя добрыя лесвіцы, па якіх зусім не складана праехаць на шасцерыку коней (тым самым шасцерыку, на якім нескладана праехаць і праз дзірку ў новым кепскім законе). Аднак што яны ў параўнанні з лесвіцай Скруджа, па якой магло прайсці цэлае пахавальнае шэсце, нават калі б камусьці прыйшло да галавы паставіць катафалк упоперак, аглоблямі да сцяны і дзверцамі да балюстрады, — яшчэ і месца б засталося! Ну і шырокія былі гэтыя прыступкі! Магчыма, менавіта таму Скруджу раптам падалося, што перад ім у цемры па лесвіцы падымаюцца пахавальныя драбы. Нават паўтузіна вулічных газавых лямпаў не змаглі б цалкам асвятліць такую лесвіцу, а таму можаце сабе ўявіць, як мала дапамагала Скруджу яго свечка.

Аднак Скрудж пляваць на ўсё гэта хацеў, а таму спакойна рушыў уверх. Цемра нічога яму не каштавала, і таму ён любіў яе. Тым не менш Скрудж не замкнуў цяжкіх дзвярэй свайго жытла, пакуль не прайшоўся па пакоях і не ўпэўніўся, што ўсё ў парадку. Твар Марлі так убіўся яму ў памяць, што ён не мог гэтага не зрабіць.

Спальня, гасцёўня, камора. Усё як мае быць. Нікога пад сталом, нікога пад канапай, сціплы агеньчык у каміне, на стале — міска і лыжка, на ачагу — рондлік з вадкай аўсянкай (надзейны сродак ад прастуды). Нікога пад ложкам, нікога ў шафе, у халаце, які падазрона вісеў насупраць, — таксама нікога. У каморы ўсё як заўсёды. Старыя камінныя краткі, зношаныя чаравікі, два кошыкі для рыбы, трохногі ўмывальны столік і качарга.

Цалкам супакоены, Скрудж зачыніў дзверы і павярнуў ключ у замку — і не адзін раз, між іншага, а два, што здаралася з ім вельмі рэдка. Адмежаваўшыся такім чынам ад рознага кшталту нечаканасцяў, ён зняў шыйную хустку, надзеў халат, дамашнія пантофлі, начны каўпак і сеў ля каміна, каб узяцца за аўсянку.

Полымя ў каміне было зусім маленькае, асабліва для такой ночы. Скруджу давялося пасунуцца бліжэй і ледзь не навіснуць над агеньчыкам, каб адчуць хоць якое цяпло ад мізэрнае прыгаршчы вугалю. Камін быў вельмі стары, калісьці ён належаў нейкаму гандляру-галандцу і быў выкладзены дзівоснымі галандскімі кафлямі, упрыгожанымі сцэнамі са Святога Пісьма. Тут былі Каіны і Авелі, дочкі фараонавы і царыцы Саўскія, анёлы-пасланцы, што на аблоках, падобных да пуховых пярынаў, сыходзілі на зямлю, Аўраамы, Бальтазары і апосталы, якія плылі ў мора на судзінках для соўсу, — сотні фігурак, якія маглі заняць думкі Скруджа, аднак тут зноў твар Марлі, памерлага сем гадоў таму, ажыў перад яго вачыма, як колісь посах прарока[4], і праглынуў усё вакол. Калі б гэтыя роўныя кафліны былі пустымі і маглі перанесці на сваю паверхню бязладныя ўрыўкі Скруджавых думак, на кожнай з іх з’явілася б адна і тая ж выява — галава Марлі.