Выбрать главу

— Шахрайства! — раззлаваўся Скрудж і пачаў хадзіць па пакоі. Некалькі разоў змерыўшы яго крокамі, ён зноў сеў і адкінуўся на спінку крэсла. Тут позірк яго спыніўся на даўно непатрэбным званочку, які невядома для чаго звязваў гэты пакой з памяшканнем на апошнім паверсе дома. З якім бязмежным здзіўленнем, якім невытлумачальным і неспасцігальным жахам Скрудж заўважыў раптам, што званочак пачаў раскачвацца. Спачатку ён раскачваўся амаль незаўважна, так, што нічога не было чуваць, аднак хутка загучаў вельмі моцна, а за ім — і іншыя званочкі ў доме.

Звон цягнуўся, мабыць, не больш за хвіліну, аднак Скруджу падалося, што прайшла цэлая гадзіна. Раптам усе званочкі ўраз замоўклі, і пачулася нейкае бразгатанне — быццам глыбока ўнізе, у вінным склепе, нехта цягнуў па бочках цяжкі ланцуг. Скруджу адразу ж успомнілася ўсё, што ён чуў пра прывідаў: з’явіўшыся ў доме, яны абавязкова валакуць за сабой кайданы.

Дзверы склепа шумна расчыніліся, і знізу пачуўся страшэнны грукат, які паступова набліжаўся, нібыта хтосьці падымаўся па лесвіцы і цяпер спыніўся проста перад Скруджавым ганкам.

— Усё адно шахрайства! — прабурчаў уладальнік кватэры. — Не веру я ва ўсялякае блазноцце!

Аднак колер яго твару істотна змяніўся, калі гэтае блазноцце спакойна прайшло праз глуха зачыненыя дзверы і спынілася перад Скруджам. У гэты момант амаль памерлы агеньчык у каміне рэзка ўспыхнуў, нібы ўсклікнуўшы: “Так, я яго ведаю — гэта прывід Марлі!” — пасля чаго зноў змізарнеў.

Так, гэта быў Марлі. Яго твар не пераблытаеш ні з чым. Яго касічка, яго звыклая камізэлька, панталоны, што шчыльна абцягвалі ногі, і боты, на якіх тапырыліся кутасікі, — і касічка таксама тапырылася, як і крыссё сурдута, як і валасы на галаве. Талію Марлі абхопліваў ланцуг, які цягнуўся за ім, як хвост. Ланцуг гэты (Скрудж вельмі ўважліва разгледзеў яго) быў сабраны з выкаваных са сталі скарбонак, ключоў, замкоў, гросбухаў, дакументаў і важкіх кашалькоў. Цела Марлі было празрыстым, і Скрудж, разглядаючы яго спераду, мог бачыць нават два гузікі ззаду яго камізэлькі.

Скрудж часта чуў, што ў Марлі няма сэрца, аднак упэўніцца ў гэтым змог толькі цяпер.

Не, ён і цяпер не быў у гэтым упэўнены, хаця і аглядаў прывід з галавы да ног, каб паверыць, што гэта не сон, адчуваючы на сабе вусцішны позірк ледзяных вачэй памерлага. Скрудж разгледзеў нават кожную нітачку шаліка, які ахутваў галаву і шыю Марлі, заўважыўшы мімаходзь, што такога шаліка той ніколі раней не насіў, — і аднак не хацеў верыць сваім вачам.

— І што далей? — як заўсёды з’едліва і холадна спытаў Скрудж. — Што вам ад мяне трэба?

— Шмат чаго! — несумненна, гэта быў голас Марлі!

— Хто вы такі?

— Спытай лепей, кім я быў.

— Ну і кім вы былі? — ужо гучней спытаў Скрудж. — Так чапляецеся да словаў… — Скурдж хацеў дадаць “што проста страх”, але своечасова спыніўся.

— У жыцці я быў тваім кампаньёнам Джэйкабам Марлі.

— Вы… ты… можа, прысядзеш? — прапанаваў Скрудж, з сумневам узіраючыся ў духа.

— Прысяду.

— Ну, сядай.

Задаючы пытанне, Скрудж баяўся, што бесцялесны прывід не зможа сесці на крэсла, і хацеў пазбегнуць няёмкіх тлумачэнняў, калі б яго падазрэнні апраўдаліся. Аднак госць свабодна ўсеўся па іншы бок каміна — мабыць, там, дзе звычайна сядзеў пры жыцці.

— Ты ў мяне не верыш, — заўважыў прывід.

— Не веру, — пагадзіўся Скрудж.

— Як мне даказаць сваю сапраўднасць, калі ты не верыш нават сваім пачуццям?

— Не ведаю.

— Чаму ты не давяраеш сваім вачам і вушам?

— Ды таму, што на іх уздзейнічае любая дробязь, — адказаў Скрудж. — Варта здарыцца лёгкаму расстройству стрававання, як яны пачынаюць нас падманваць. Ты цалкам можаш аказацца неператраўленым кавалкам ялавічыны, лыжачкай гарчыцы, скрылікам сыру ці недасмажанай бульбінай. Скуль мне ведаць, адкуль ты — з пекла ці з печыва?!

Асаблівым пачуццём гумару Скрудж не вылучаўся, дый сітуацыя жадання дасціпнічаць не выклікала, аднак цяпер пажартаваў, каб хоць крышачку ўтаймаваць жах і адцягнуць сваю ўвагу на іншае, бо ад голасу здані ён ледзянеў да самага мозгу касцей.

Моўчкі сядзець, утаропіўшыся ў гэтыя нерухомыя прывідна-шкляныя вочы… не, думалася Скруджу, гэта проста невыносна! Да таго ж здань дыхала ўласным тагасветным паветрам, якое падавалася асабліва вусцішным. Сам Скрудж яго не адчуваў, але не заўважыць штосьці нядобрае было немагчыма: нягледзячы на тое, што прывід сядзеў нерухома, яго валасы, кутасікі на ботах і крыссё злёгку варушыліся, нібы ад пякельнага подыху печкі.