— Бачыш тую зубачыстку? — запытаў Скрудж, са згаданай вышэй прычыны рэзка пераходзячы ў наступленне і імкнучыся хоць на імгненне адвесці ад сябе каменны позірк відзежы.
— Бачу, — прамовіў прывід.
— Але ж ты не глядзіш на яе, — запярэчыў Скрудж.
— І тым не менш бачу, — адгукнулася здань.
— Дык вось, — вымавіў Скрудж, — варта яе праглынуць — і мяне да канца дзён будзе пераследаваць легіён злых духаў, створаных маім уяўленнем. Шахрайства ўсё гэта, чыстае шахрайства!
На гэтых словах прывід выдаў такі жахлівы крык, так пагрозліва і вусцішна загрымеў ланцугамі, што Скрудж з усяе моцы ўчапіўся ў крэсла, баючыся страціць прытомнасць і зваліцца. Яшчэ большая жуда апанавала яго, калі дух разматаў шалік (быццам у пакоі было занадта горача), і ў яго адвалілася сківіца.
Скрудж упаў на калені і паспрабаваў закрыць твар рукамі.
— Злітуйся! — заенчыў ён. — Жахлівая здань, навошта ты мяне катуеш?
— Дробязны розум! — прамовіў прывід. — Цяпер ты верыш у мяне?
— Веру, — прастагнаў Скрудж, — мушу паверыць. Але навошта вам, духам, хадзіць па зямлі, навошта ты прыйшоў да мяне?
— Свет створаны так, — адказаў прывід, — што душа кожнага чалавека на зямной дарозе павінная стасавацца з бліжнімі сваімі і быць з імі разам. І той, хто не выконвае гэтага ў жыцці, вырачаны рабіць тое самае пасля смерці. Ён асуджаны бадзяцца па свеце і — о, гора мне! — сузіраць чалавечыя шчасце і бяду, якія не можа цяпер раздзяліць — а калісьці мог! Калісьці ён мог быць шчаслівым!
Тут прывід зноў выдаў жудасны крык, і загрымеў ланцугамі, і заламаў свае прывідныя рукі.
— Скажы, — запытаў Скрудж дрыжучы, — чаму ты закаваны ў ланцуг?
— Я нашу на сабе ланцуг, які стварыў пры жыцці, — адказаў дух. — Я каваў яго звяно за звяном, ярд за ярдам. Я сам захацеў ім падперазацца і сам захацеў яго насіць. Хіба гэты ланцуг табе не знаёмы?
Скрудж дрыжаў усё больш.
— Можа, — працягваў прывід, — ты хочаш ведаць даўжыню і вагу ланцуга, які скаваў ты сам? Калядным вечарам сем гадоў таму ён быў такім жа цяжкім і такім жа доўгім, як гэты. Але з тае пары ты нямала над ім папрацаваў. О, гэта напраўду надзейны ланцуг!
Скрудж зірнуў на свае ногі, чакаючы ўбачыць жалезны ланцуг даўжынёй футаў гэтак у трыста-чатырыста, аднак не ўбачыў нічога.
— Джэйкаб, — узмаліўся ён, — стары сябра Джэйкаб Марлі, раскажы мне яшчэ што-небудзь! Суцеш мяне, Джэйкаб!
— Я не прыношу суцяшэння, Эбенэйзер Скрудж! — адказаў дух. — Яно прыходзіць з іншых сфераў, і іншыя пасланцы нясуць яго людзям, не такім, як ты! І расказаць табе ўсё, што я хацеў бы, я таксама не магу — мне мала што дазволена. Я не магу спачыць, не магу спыніцца, не магу дзе-небудзь затрымацца. Пры жыцці мой дух ніколі не выходзіў за межы нашае канторы — чуеш? — ніколі не пакідаў сценаў нашай мяняльнай каморкі, таму цяпер мяне чакаюць пакутлівыя падарожжы.
У Скруджа, калі ён пачынаў думаць, была звычка засоўваць рукі ў кішэні панталонаў. Разважаючы над словамі прывіда, ён, не ўстаючы з каленяў і не падымаючы вачэй, менавіта так і зрабіў.
— Ты, мабыць, не вельмі спяшаешся ў сваіх вандраваннях, Джэйкаб, — заўважыў Скрудж у сваёй дзелавой манеры, хаця не без пэўнай павагі і пакорлівасці.
— Не спяшаюся, — паўтарыў дух.
— Вось ужо сем гадоў як памёр, — задуменна працягнуў Скрудж, — а ўсё яшчэ бадзяешся.
— Увесь час, — пагадзіўся прывід. — Ні спакою, ні спачыну. Безупынныя пакуты сумлення.
— А ці хутка ты падарожнічаеш? — пацікавіўся Скрудж.
— На крылах ветру, — адказаў прывід.
— За сем гадоў ты, мусіць, адмераў нічога сабе адлегласць…
Пачуўшы гэта, дух чарговы раз выдаў вусцішны крык і так жудасна загрымеў ланцугамі ў мёртвай цішыні ночы, што патруль меў бы ўсе падставы арыштаваць яго за парушэнне грамадскага парадку.
— О, раб, двойчы раб сваіх заганаў! — ускрыкнуў фантом. — Не ведаць таго, што патрэбныя стагоддзі няспыннай працы несмяротных душаў, перш чым здзейсніцца ўсё наканаванае зямлі дабро! Не ведаць, што кожная хрысціянская душа, робячы дабро і выконваючы сваё хай сабе і сціплае прызначэнне, палічыць зямное жыццё занадта кароткім, каб прынесці ўсю магчымую карысць! Не ведаць, што ніякае раскаянне, колькі б яно ні доўжылася, не заменіць занядбанай пры жыцці магчымасці быць добрым! І я не ведаў гэтага! Не ведаў!
— Аднак ты заўсёды быў добрым дзялком і чалавекам справы, Джэйкаб, — прамямліў Скрудж, які пачаў ужо прымерваць да сябе словы прывіда.