— Чалавекам справы! — закрычаў дух, зноў заломваючы рукі. — Клопат пра людзей — вось мая справа. Грамадскі дабрабыт — вось мая справа. Дабрачыннасць, спачуванне, шчодрасць і спагадлівасць — вось мая справа. А грошы і гандаль — гэта толькі кропля ў бязмежным акіяне вызначаных мне абавязкаў.
І прывід выцягнуў наперад руку з ланцугом, нібы менавіта ланцуг быў прычынай яго няўтольнага смутку, а пасля грымнуў ім аб падлогу.
— У гэты час, пры канцы году — сказаў прывід, — я пакутую найгорай. Чаму ішоў я калісьці ў натоўпе сваіх бліжніх з апушчанымі вачыма і ніколі не падымаў іх да блаславёнае зоркі, што прывяла валхвоў да сціплага прыстанку? Чаму яе святло не скіравала мяне да хацінаў бедакоў?
Скруджу ад такой размовы рабілася ўсё вусцішней. Ён задрыжаў як асінавы ліст.
— Слухай мяне! — закрычаў дух. — Мой час на зыходзе.
— Я спрабую, — сказаў Скрудж, — але пашкадуй мяне! Не гавары так заблытана, прашу!
— Як атрымалася, што я з’явіўся перад табой у такім выглядзе, я не маю права казаць. Дзень пры дні я, нябачны, сядзеў каля цябе.
Адкрыццё было не з прыемных. Скруджа зноў затрэсла, і ён выцер з ілба пот.
— Гэта была не такая ўжо і лёгкая частка майго выкуплення, — працягваў прывід. — Сёння ноччу я прыйшоў папярэдзіць, што ты яшчэ маеш шанец і надзею пазбегнуць майго лёсу. Я прасіў для цябе гэтага шанцу, Эбенэйзер.
— Ты заўсёды быў маім сапраўдным сябрам, — сказаў Скрудж. — Дзякую.
— Цябе наведаюць, — працягнуў прывід, — яшчэ тры Духі.
Цяпер сківіцу ледзь не страціў Скрудж.
— Гэта і ёсць той шанец і тая надзея, пра якія ты казаў? — спалохана спытаў ён.
— Так.
— Тады… тады лепей не трэба.
— Калі яны да цябе не прыйдуць, — сказаў прывід, — мае дарогі ты не пазбегнеш. А таму чакай аднаго з іх заўтра, калі праб’е гадзіна.
— А ці нельга запрасіць іх усіх разам і хутчэй з гэтым скончыць? — з надзеяй спытаў Скрудж.
— Другога чакай у наступную ноч у той самы час, а трэці прыйдзе трэцяй ноччу, як толькі сціхне дванаццаты ўдар гадзінніка. Са мной ты больш не сустрэнешся. Але глядзі, дзеля сваёй жа карысці не забывайся на тое, што сёння пачуў.
Сказаўшы гэта, прывід узяў са стала свой шалік і зноў абвязаў ім галаву. Скрудж здагадаўся пра гэта, пачуўшы рэзкі ляскат зубоў, калі сківіца, прыціснутая шалікам, стала на сваё месца. Тут Скрудж зноў насмеліўся падняць вочы і ўбачыў, што тагасветны госць стаіць перад ім, выцягнуўшыся ў поўны рост і наматаўшы ланцуг на руку. Прывід пачаў адступаць назад, і з кожным яго крокам акно усё больш адчынялася. Калі ён дайшоў да яго, росчынкі былі ўжо насцеж.
Дух павабіў Скруджа да сябе, і той падпарадкаваўся. Калі паміж імі засталося не больш за два крокі, прывід Марлі падняў руку, забараняючы ісці далей. Скрудж спыніўся.
І спыніўся не столькі на загад, колькі ад здзіўлення і жаху, бо як толькі рука прывіда паднялася, Скрудж пачуў невыразныя гукі, невымоўна скрушныя, поўныя горычы і жалю бязладныя стогны і енкі. Прывід на імгненне прыслухаўся, а пасля далучыў свой голас да журботных крыкаў і растаў у чорнай марознай ночы.
З роспачнай цікавасцю Скрудж падышоў да акна і паглядзеў вонкі.
Двор за акном быў поўны прывідаў, якія са стогнамі бязладна мітусіліся ў паветры. На кожным з іх быў ланцуг, падобны да таго, што насіў дух Марлі, некаторыя сярод іх (мабыць, з аднаго кепскага ўраду) былі скаваныя між сабой. Ніводзін прывід не быў вольны. Многіх Скрудж ведаў пры жыцці прыватна, а з адным старым духам у белай камізэльцы нават амаль сябраваў калісьці. Дух гэты, да шчыкалаткі якога быў прыкаваны вялізны жалезны сейф, жаласліва стагнаў, бо не мог дапамагчы беднай жанчыне, што сядзела з дзіцем на ганку. Усе здані пакутавалі з адной прычыны: яны хацелі ўмяшацца ў справы смяротных і дапамагчы ім, але больш не мелі на гэта сілаў.
Ці то прывіды паступова ператварыліся ў імглу, ці то імгла праглынула іх — Скрудж так і не зразумеў. Аднак расталі яны ўсе ў адно імгненне разам са сваімі прывіднымі галасамі, і цяпер ноч зноў зрабілася звычайнай, такой, якой была, калі ён вяртаўся дадому.
Скрудж зачыніў акно і агледзеў дзверы, праз якія ўвайшоў прывід Марлі. Нічога не змянілася з часу, калі ён уласнай рукой двойчы павярнуў ключ: замок цэлы, засаўка ў парадку. Ён паспрабаваў сказаць “шахрайства”, аднак на першым жа складзе асекся. І стомлены ці то трывогамі сённяшняга вечара, ці то дзённай працай, ці то знаёмствам са светам духаў, ці то невясёлай размовай з прывідам Марлі, ці то проста з прычыны позняга часу, Скрудж раптам зразумеў, што яму неабходны адпачынак. Ён адразу ж скіраваўся да ложка і праз імгненне заснуў, нават не распранаючыся.