— Ну, ня думай толькі, што я нячысты на руку! — з прыемнай для сябе крыўдай у голасе вымавіў Кучкін. — I не табе ж быць скнарным, Зміцер Аляксандравіч! Ты ж вялікае карыта маеш, а ў мяне так… вераб’іная кармушка. У класнай фірмусе працуеш! Пазвані свайму шэфу, ён добры, ён цябе ня раз выручаў… Я ж ведаю, у цябе ўсё падмазана! А ў доме якім жывеш! Гэта ж трэба, яго немцы будавалі! А я немцаў паважаю! Я добрыя грошы даў бы, каб жыць у цэнтры Менску і ў такім білдзінгу! Аднак жа пакуль у кішэні ня надта… Ну, добра, пасля чацвёртай гадзінкі я ў цябе… Мне капейчына сёння, хоць вешайся, патрэбна!..
Кучкін пайшоў, і Каморын, як у ліпучы сон, паглыбіўся ў свае думкі.
«Зноў уляцеў! I зноў адно і тое ж: дзе ўзяць пенёндзы? Быў бы ў мяне рахунак у банку… Летась яшчэ быў! Можа, і сапраўды патэлефанаваць шэфу?!. Не, нельга. Я яму й без таго вінаваты… Ды ўжо й папярэдзіў ён мяне, што больш памагаць у такіх маіх штуках ня будзе… А, можа, стрэльбу прадаць?! Але каму? За гэтыя паўдня ці знойдзеш купца на стрэльбу?! А, можа, застрэліцца?! Добрая думка, але не разумная…»
Напраўду…
У шалапутным Каморыну часта гучала гэтае малазмястоўнае «напраўду…»
Што яно значыла, Бог яго ведае?
Гучала і ўсё.
I вось пасля чарговага такога «напраўду…», каб хоць як заняць сябе, каб хоць на хвіліну адступілася гаркота, ён прыдумаў сабе імгненны занятак: уважліва агледзеў дзірку ў сцяне, якую трэба было пасля свята замазаць.
Калупнуў адвёрткай раз, другі…
Пастукаў.
«I праўда ж, нейкая жалязяка…»
I тут нешта з сярэдзіны падштурхнула Каморына, усмешка асвятліла ягонае аблічча.
Арудуючы ўжо долатам і малатком і амаль што калоцячыся ад нецярплівасці, з цяжкасцю выняў з кладкі цагліну, за якой знайшоў металічную пушку з надпісам на вечку «Eiserne Kreuze».
Напружваючы свае школьныя веды ў нямецкай мове, уражаны Каморын прачытаў уголас:
— Айзэрнэ Кройцэ…
I нават пераклаў:
— Жалезныя крыжы…
Акрамя ваенных узнагародаў, у пушцы яшчэ ляжаў драўляны пенал, у якім былі схаваныя рэйхсмаркі і дзесяць царскіх залатых манетаў, кожная вартасцю ў 10 рублёў.
«Божа, гэта ратунак! — ад неверагоднай радасці Каморын ажно памаладзеў. — Што праўда, то праўда: маю камяніцу немцы будавалі! Мусіць жа, нейкі палонны штабфельдфебель прыхаваў пушачку! Надзейна прыхаваў, аднак жа пажывіцца ёю ня здолеў… Так, я ўратаваны!.. Дык вось, гэту манетку падарую сваёй цудоўнай жонцы! Гэту — сваёй дзівоснай дачцы! А гэту кіну ў морду казлу Кучкіну! Астатняе ж усё маё…»
Поўны запалу, Каморын пастанавіў, што яму рана складваць лапкі, што ён яшчэ растрыбушыць не адну калоду карт і першае, што з гэтага зробіць — адразу ж пасля Калядаў заскочыць на вечарок у казіно.
Напраўду…
20 снежня 2003
На Каляды, на Каляды…
У сераду 7 студзеня 2004 году Пісьменнік пасварыўся са сваімі сямейнікамі.
Сталася ж такое.
Жонка думала атрымаць ад яго на свята французскую парфумную ваду і дачка-студэнтка таксама чакала парфумную ваду, толькі італьянскую.
Даччына вада каштавала 211 510 зайцоў, а жончына ажно 270 000!
«А мыла простага, гомельскага вам ня хочацца!» — вылаяўся ў думках Пісьменнік.
А тут і сын-васьмікласнік падступіў, заікнуўся пра новы далкажык — ручны тэлефонік.
Свой жа ранейшы далькажык сынок выкінуў (ён, бачыце, маральна састарэў!), і выкінуў ня проста ў сметніцу, а з форсам.
На беразе Свіслачы такія ж, як і ён, распуснікі наладзілі кіданне мабільнікамі хто шпурляне далей!
Забаўку знайшлі, паразіты сытыя!..
Словам, і сынок настроіўся тысячаў гэтак на дзвесце!
— Ды вы што, мае дарагія, ашалелі?!. — ня вытрымаў Пісьменнік. — Дзе ж мне на такія падарункі грошай набрацца?! Хіба ня ведаеце, якія цяпер ганарары?! Гэта раней былі, а цяпер усё! Канец!..
Галаву сям’і не зразумелі, у кватэры ўтварылася цяжкое маўчанне.
Прадчуваючы буру, Пісьменнік прымірэнча праказаў:
— Давайце лепей сядзем за стол, свята ўсё ж… Вып’ем шампанскага… Я ж вам кветкі купіў… Два букеты… I кампакт-дыск з песнямі Вайцюшкевіча… Дзякуй і за ваш падарунак… Шкарпэткі мне вельмі спадабаліся… Ну, ня стойце…
Аднак сямейнікі за стол ня селі, а дружна кінуліся ў сварку маўляў, што нам твае кветкі, шампанскае і кампакт-дыск; мы цярпліва чакалі сваіх падарункаў; думалі, калі не на каталіцкія Каляды, то на Новы год, калі не на Новы год, то спадзяваліся на праваслаўныя Каляды, а тут выходзіць, што й на стары Новы год не дачакаемся?!
А далей нагаварылі такога, чаго ён ніколі і пачуць ня думаў.