Ён разгарнуў скамечаныя пакуначкі і па-дзіцячы ўсхліпнуў:
— Я прасіў толькі трошкі хлеба, а вы яшчэ й каўбасы купілі! Дзякуй вам… Я адраблю! Калі вам трэба пабудаваць лазню ці, скажам, адрыну, то дайце мне знаць… Я любы зруб разам з кроквамі і латамі ўмомант выштукую, і тут жа любым дахам накрыю, і столь пакладу, і вокны ўстаўлю, і дзверы навешу!.. Не адзін, з брыгадаю, канешне! Брыгаду падбяру… Сёння вы мне далі ратунак і таму для вас…
Абакрадзены змоўк на хвіліну, нібыта згубіў патрэбнае слова, а пасля прамовіў цішэйшым голасам:
— Мне тут яшчэ трэба 3 600… На білет у Слонім…
«Э не, досыць, — паныла падумаў Пісьменнік, — трэба ведаць меру і ў міласціне…»
— Вы не падумайце, што я за так! — адчуўшы перамену на горшае ў настроі свайго дабрадзея, хуценька заапраўдваўся Абакрадзены. — Гэтыя 3 600 я зарабіць хачу! Можа, вы ведаеце, дзе зараз можна работу якую спаймаць? Разгрузіць што-небудзь, ці снег адгрэбці?
На Кафедральным заўзята зазванілі званы, і гэтае званенне навяло Пісьменніка на такую параду:
— Схадзіце ў царкву. Можа, там памогуць…
На тым і развіталіся…
Па купалаўскім мосце, а пасля міма «Журавінкі» Пісьменнік у поўным бязлюддзі вяртаўся дамоў.
Злосць на сямейнікаў крыху ўцішылася, ён увогуле доўга злавацца ня ўмеў.
Праўда, калі што якое, то нервы запальваліся імгненна, у такі момант мог нават і кулаком па стале ўваліць…
Кулаком па стале гэта, зрэшты, дапушчальна, а вось кулаком у нахабную морду?
«Мусіць, таксама дапушчальна!» — сказаў самому сабе, калі, праходзячы паўз ратушу, раптам пачуў за спінай голас усё таго ж Вулічніка:
— Дай грошай!
Паспрабаваў быў прыспешыць хаду, аднак Вулічнік ухапіў яго за локаць.
— Я ўжо табе казаў, што грошай няма! — крутануўшыся, вырваў локаць.
— Тады дай што ўкусіць! — гундосіў сваё Вулічнік.
— Я цябе ўжо сёння карміў!
— Ты мяне яшчэ ні разу не карміў!
— А толькі што ў Траецкім гастраноме!!!
— Я цябе першы раз бачу, кулан!
«Я кулан?! Ах, ты, няўдзячнае рыла!» — яшчэ большая злосць разабрала Пісьменніка.
А тут да ўсяго яшчэ Вулічнік зноў ухапіў яго за руку.
— Ну, што за серада-сірата! — зусім узвінціўся Пісьменнік і кулаком хвацка шмагдануў Вулічніка ў пераноссе.
Той адляцеў, як трэска, і паваліўся (гэта ж трэба!) якраз на двух міліцыянтаў, што раптам выступілі з-за ратушы.
Яны моўчкі, як нешта непатрэбнае, адкінулі ад сябе Вулічніка і шчыра ўзяліся за Пісьменніка.
Нішто яму не памагло — ні тлумачэнні, ні ўгаворы, ні членскі білет…
Міліцыянты абыякава прачыталі прозвішча Пісьменніка і павялі яго ў міліцэйню.
Там аддалі дакумент дзяжурнаму Афіцэру, штосьці пашапталі яму на вуха, глынулі з тэрмасу гарачай гарбаты і зноў пайшлі на марозную вуліцу спраўляць службу…
Афіцэр сядзеў за сталом, які быў казённа аздоблены графінам і шклянкаю.
На сцяне, за спінай Афіцэра, ярчэла незвычайная карціна — Дзяржынскі на кані!
Сапраўды, дзіва дзіўнае!
Каб гэта Варашылаў на кані ці Булак-Балаховіч, а то Дзяржынскі…
Афіцэр нечакана з захапленнем прамовіў:
— Вы пісьменнік?!
— Але…
— Як я рады! Сядайце, калі ласка! Вы што, бамжу ў морду заехалі?
— Я не хацеў…
— Э, кіньце! Правільна зрабілі… Давайце пагаворым… Ну, проста так, па-чалавечы… Во! Паразмаўляйце са мной па-беларуску! Я люблю родную мову, але забываю яе, бо на службе няма з кім па-беларуску гаварыць! Часам балакаю тады, калі каго з пікету ці бэнээфаўскага мітынгу прывязуць… Хлопцы тыя, шчыра скажу, мне падабаюцца… Калі я адзін, без начальства, то іх заўсёды адпускаю дамоў!
— Добры вы, — квола ўсміхнуўся Пісьменнік.
— Вы праўду сказалі, я добры! Я радзіўся такім, скрозь хацеў быць добрым і хачу быць добрым! I вось што цікава, мая першая настаўніца яшчэ ў трэцім класе сказала мне: калі хочаш на ўсё жыццё застацца добрым, то вучы на памяць вершы!
— Што вы кажаце! — вельмі здзівіўся Пісьменнік.
— Вось тое і кажу… I я вучыў, вучыў, вучыў… Словам, вучыў шмат. Праўда, усе вершы пазабываў. Служба ж, як у той песні, дні і ночы… Ха-ха-ха!.. Хай на яе пляга! Адзін толькі вершык памятаю і то, здаецца, ня ўвесь. Ён пачынаецца так: Ноч… Ноч… Не, «ноч» трэба адзін раз… Дык вось, ноч… Хм, а як жа далей?
— Халодная зямлянка, — падказаў Пісьменнік.
— Сапраўды! — дужа ўзрадаваўся Афіцэр. — I як гэта вы так адразу ўгадалі?! Залатая ў вас галава!.. Ноч. Халодная зямлянка… Ну, дык вось, ноч, халодная зямлянка…