Выбрать главу

Мы мінулі Сялібную, аселіцу, перабраліся цераз рачулку, што цякла ля самых гародаў, i выйшлі якраз да лазні дзеда Караля...

Лазня дзеда Караля... Сюды я часта прыбягаў «памагаць» дзеду грэць гэтую лазню. Дзед Кароль быў добры, не праганяў мяне. Толькі тады, калі ён выкочваў з каменнай печы чырвоныя, распаленыя да жаўцізны валункі i вялізнымі абцугамі апускаў ix у бочкі з вадой, адганяў мяне:

— Брысь, жэўжык, а то i да бяды недалёка.

Далека я не адбягаўся: дужа ж цікава было паглядзець, як з бочак узляталі спачатку пырскi, а пасля над імі ўзнімаўся вялізны слуп пары. Калі ўсе каменні аказваліся ў бочках, дзед Кароль зноў дазваляў падысці бліжэй. Я падбягаў i слухаў, як у бочках нешта доўга-доўга булькала, шыпела, крактала — нібы тыя бочкі дыхалі...

Ого, дзед Кароль i яго лазня! Хто з хлапчукоў не хацеў бы паглядзець, як пад канец, калі прагаралі дровы, дзед выгортваў з печы доўгай качаргой зыркае вуголле і, заліваючы яго вадою, казаў мне:

— Во, жэўжык, вала можна засмажыць!

А тое, як пасля, калі з лазні праз дзверы i адно-адзінае малюсенькае акенца сыходзіў дым, дзед Кароль асцярожна пырскаў на печ венікам — змываў пыл i копаць, правяраў, ці ёсць чад i які будзе дух!

Апошнім часам, перад самаю вайною, я ўжо хадзіў у лазню разам з татам i Косцікам, i дзед Кароль сустракаў мяне заўсёды адным i тым жа жартам:

— Ну, жэўжык, куры не адклявалі твайго стручка? Не адклявалі, бачу, бачу. Тады — заходзь, заходзь, будзем спрабаваць дух. А дзе ж твой венік? Ай-яй-яй, жэўжык, як жа так? У лазню прыйшоў i без веніка!

Я стрымгалоў кідаўся да таты, хапаў у яго з рук венік i нёс дзеду:

— А во!

— А-а-а... Ну, то пайшлі. Мы з табой, жэўжык, палезем на палок першымі. А то ж яны не ўмеюць як след i духу даць. I сам не папарышся, i вош не заб'еш. Пайшлі, пайшлі, жэўжык...

Калі мы падышлі да лазні дзеда Караля, у ёй гаспадарылі немцы i паліцаі. Яны выцягвалі з лазні клункі i патрашылі ix. З клункаў вывальваліся розныя адзежыны: сарочкі, спадніцы, хусткі. З аднаго клунка пасыпаліся кнігі...

То былі Косцікавы кнігі. Ён схаваў ix на гарышчы лазні. Памятаю, я памагаў яму пасля збіраць параскіданыя i парваныя кніжкі, памагаў складваць ix у скрынку i закопваць тую скрынку на гародзе, у кусце парэчак. Косцік падпусціў мяне памагаць, але пасля сурова папярэджваў, каб я, крый бог, не прагаварыўся, дзе ён закапаў свой скарб. Я, здаецца, не сказаў нікому, але кніжкі ўсё ж прапалі: калі мы вярнуліся ў родную вёску, на гародзе знайшлі толькі аскабалкі дошак ад той скрыні, а вакол было мноства дзірак, праколатых штыкамі. Казалі, што штыкам i карнікі нашчупвалі ў зямлі, дзе людзі прыхоўвалі свой скарб...

Пад канвоем мы выйшлі на вуліцу. Яна была пустая — нідзе ні душы. Мы пайшлі ў канец вёскі, да Крыжовых дарог. Тут стаяла шмат падвод. Немцы i паліцаі насілі на падводы мяшкі, кошыкі яек, курэй, парасят... A ўсе нашы былі на школьным двары. Наперадзе стаяў дзед Кароль — яго я пазнаў здалёк. Пасля ўбачыў i маму з Лёнікам на руках. Яна кінулася нам насустрач перш, чым паліцай, што ішоў з намі, паспеў спытацца:

— Чые гэта дзеці?

— Мае, паночку, мае!

— А дзе твой мужык?

— А дзе ж яму быць! На фронце! Можа, ужо дзе i галаву злажыў!

Мама загаласіла.

— А мужык не бандыт? Не партызан?

— Нa фронце мужык, паночку! Разам з мужчынамі пайшоў.

— А чаму баялася? Чаму дзяцей у кар'ер адправіла?

— Баялася, паночку... Страляніна ўсчалася... Яны ж малыя яшчэ, жыцця не бачылі...

— Стараста,— гукнуў паліцай,— гэта баба праўду кажа?

— Праўду, пан паліцай,— азваўся дзед Кароль.— Васіль яе на фронце. Разам з іншымі мужчынамі пайшоў...

Так, дзед Кароль быў у вёсцы старастам, нямецкім старастам. Нічога гэтага я тады, вядома, не разумеў...

— Брэшаш, стары! — раптам закрычаў паліцай, падыходзячы да дзеда.— Усе вы тут бандыты i бальшавікі. Кажы праўду: дзе бандыт гэтай бабы? У лесе туляецца? Так?

— Я кажу праўду, пан паліцай. Брахаць не навучыўся,— адказаў ціха дзед Кароль.— Яе Васіль на фронце. Узялі разам з іншымі мужчынамі. На трэці дзень вайны.

— Ён быў бальшавік?

— Бальшавік! Гэтакі ж, як i я, пан паліцай. Разам зямлю аралі, разам баранавалі, разам касіць хадзілі...

— Брэшаш! — паліцай размахнуўся i ўдарыў дзеда па твары. Пасля падышоў да немца,— відаць, начальніка, i нешта сказаў яму. Той кіўнуў. Дзеда Караля схапілі i паставілі пад сцяной школы. A паліцай i немец падышлі да бабкі Габрусіхі:

— Ты, старая, гавары: хто мужык гэтай бабы?

— А божачка ж мой, дык хіба ж вам не казалі? У кожнага чалавека спытайцеся. Пайшоў яе Васіль на вайну. Разам з мужчынамі пайшоў. I з таго дня нi слыху ні дыху. Побач жа жывём, што — я не ведаю? Праўда ж, людцы? — бабка Габрусіха паварочвалася да людзей, што моўчкі стаялі на школьным двары.— Ці ж я вас баяцца буду? Нa фронце яе Васіль...