Выбрать главу

Бабка Габрусіха таксама апынулася побач з дзедам Каралём пад сцяною школы. Пасля там сталі цётка Ганна, цётка Верка i дзядзька Якуб...

Дзядзьку Якуба я любіў, мусіць, гэтак жа моцна, як i дзеда Караля. Ix хата стаяла побач з нашай, лічы, што ў нашым агародзе. Толік дзядзькі Якуба быў маім сябруком. Асабліва мы любілі гуляць з ім на пярэклеці іхняга свіронка. Перад самай вайной дзядзька перасыпаў той свіронак на варыўню. Гэта мы з Толікам запомнілі вельмі добра. Дзядзька Якуб збіраўся ехаць у Стайкі па мох. Пакуль ён снедаў, мы з Толікам забраліся ў калёсы — наважыліся ехаць таксама ў тыя Стайкі. Колькі ні ўгаворваў нас дзядзька Якуб злезці, мы i слухаць не хацелі. Я то, канечне, злез, бо які б добры дзядзька Якуб ні быў, a ўсё ж не тата, трэба слухацца. A Толік заўпарціўся. Ужо i маці ягоная выйшла на ганак, пачала ўгаворваць, нават мяне прасіла, каб я Толіка падгаварыў пайсці на рэчку лавіць сліжыкаў, a Толік ані блізка. Бацька паспрабаваў ссадзіць яго сілком, але ён так зароў, што было чутно, відаць, аж на Крыжавых. Тады дзядзька махнуў рукой, ускінуў у калёсы i мяне, i мы паехалі. Але даехалі толькі да крамы. Тут дзядзька спыніў каня, сунуў нам з Толікам па рублю i скамандаваў: «Ану, парасяты, марш па цукеркі! А моху я i сам прывязу. Прыеду — памагаць скідаць будзеце. Згода?» Канечне, згода! Чаго, каб хто сказаў, ехаць у нейкія Стайкі, па нейкі мох, калі можна пайсці ў краму i купіць цукерак? У краме мы доўга выбіралі, што купіць. Спынілі свой выбар чамусьці на сухарыках — дужа выдаваліся салодкімі i смачнымі...

Я глядзеў на тых, што стаялі пад сцяною школы, i нічога не разумеў. Чаму яны там стаяць? З імі хочуць зрабіць нешта благое? Канечне ж, благое! Хіба могуць немцы зрабіць нешта добрае? Ага, ix паставілі, напэўпа, за тое, што i дзед Кароль, i бабка Габрусіха, i дзядзька Якуб казалі немцам няпраўду. Канечне, няпраўду! Хіба яны не водалі, што ix за гэта пазабіваюць? Ну, добра, цётка Верка i цётка Ганна — гаранскія, не нашы, канчанскія, яны могуць i не ведаць, што наш тата не на фронце, a ў лесе, а бабка Габрусіха, дзед Кароль, дзядзька Якуб? Яны ж з нашага канца, яны ж ведаюць. Дзед Кароль нават аднойчы аб нечым шаптаўся ўначы з бацькам. Гэта тады, калі тата неяк заглянуў дадому. Я прыкінуўся, што сплю — моцна-моцна, а сам усё чысцютка чуў...

— Апошні раз пытаюся: дзе бацька гэтых дзяцей? Хто ён? Бандыт, бальшавік?

Мы стаялі вакол Косціка — маму да нас так i не пусцілі, стаялі i маўчалі. Я не плакаў, хоць мне i вельмі шкада было бабку Габрусіху, дзеда Караля, дзядзьку Якуба. А што, калі ix заб'юць з тых жалезных рагацін? Я нават спытаўся пра гэта ў Косціка, але ён так ушчыкнуў мяне, што я ледзь не войкнуў, стаяў i глытаў слёзы ад крыўды на Косціка: няўжо ён хоча, каб забілі бабку Габрусіху, i дзеда Караля, i дзядзьку Якуба, i тых гаранскіх цётак?..

Ix не забілі. Паліцай штосьці шапнуў немцу — таму, начальніку, той нешта палапатаў, i немцы, што былi паднялі аўтаматы, апусцілі ix, адышліся да падвод. Адышоўся i той немец, які не пускаў да нас маму. Яна хуценька схавала нас сярод людзей.

Немцы неўзабаве паехалі. Людзі разыходзіліся ca школьнага двара. Мама, памятаю, кідалася то да аднаго, то да другога, плакала, за нешта дзякавала. Да яе падышоў дзед Кароль, сказаў:

— Кінь, Марыля. Супакойся. Дзякаваць богу, што ўсё абышлося. Каб ix зямля не насіла, вылюдкаў...

Праз нейкі час бацька забраў нас да сябе ў лес, i мы там жылі — у буданах i зямлянках — аж да таго дня, пакуль праз нашы Крыжавыя не ішлі «красныя»...

З тае пары мінулася ўга колькі гадоў. А той наш палон застаўся ў памяці, застаўся назаўсёды: нас, пяцёра малых, трымаюць пад канвоем на Крыжавых, не пускаюць да маці... Хто яго ведае, можа б, гэты эпізод i сцёрся з памяці — усё-такі я быў зусім малеча, калі б не маці, якая часта паўтарала:

— Каб не абаранілі нас людзі, то i не ведаю, што было б з намі. Пэўна ж, расстралялі б.

Бацька ж часам пярэчыў:

— Людзі-то, канечне, абаранілі. Каб хто звягнуў, што я ў партызанах, што былы сельсаветчык, то, яно, канечне, вас бы ўсіх расстралялі. Палажылі б i тых, што пад сцяной школы стаялі. Але ж i другое праўда. Вінаватых яны не шукалі. Проста — лёс ужо, мусіць, такі. Суджана было жыць...

Так, вінаватых яны не шукалі. Тым разам, праўда, яны нікога не забілі i нічога не спалілі. А пасля? Вёску нашу спалілі датла. А людзей, хто не паспеў уцячы i схавацца, расстралялі. Забілі дзядзьку Якуба разам з Толікам i маткай, забілі цётку Верку — тую, гаранскую, што стаяла тады побач з дзедам Каралём, забілі сына бабкі Габрусіхі, яе нявестку i ўнука Алёшку. Дзед Кароль таксама не дажыў да прыходу «красных» — фашысты павесілі яго за сувязь з партызанамі...