— Горш не будзе, тата.
— А не будзе горай, дык ляпей будзе. Ці ж не так?
— Праўда, тата.
— Ну, то і бедаваць, можа, не трэба, сынку?.. Спаць пойдзем. Табе на работу, а я ж думаю заўтра і дадому.
— Глядзі сам, тата. Дома ж таксама нічога не гарыць.
— Не гарыць, але ж... Старая будзе думаць, чаго загуляўся.
— Глядзі, тата. Мог бы і пагасцяваць троху.
— Зімою ўжо мо калі, сынку. Цяпер не да гасцявання.
— Табе, тата, і зімою не будзе калі.
— А хай яго, калі ж, пакуль жывеш, дык і робіш нешта.
— Яно так...
Некаторы час акно на пятым паверсе свяцілася. Па фіранцы сюд-туд мільгацеў цень — відаць, дзед клаўся спаць па крэсла-раскладанак.
Урэшце акно пагасла, каб заўтра загарэцца — ад промняў сонца.