— Дык ты слухай, Раманавіч. Перакруціў я анучы, а заадно i перакусіць вырашыў. Дастаў хлеб, тушонку адкрыў. А вакол мяне — падшыванцы. Абступілі i глядзяць. Насцярожана глядзяць, баязліва. Помню двух. Па гадоў сем-восем. Худзенькія, у штоніках са шлейкамі, мокрыя калашыны падкасаныя да калень. A мурзатыя — страхоцце! Бытта ў балоце выкачаліся. Адно — вачаняты. I ведаеш, Раманавіч, што запомнілася? Гэта да мяне не адразу дайшло... Што галодныя былі тыя вачаняты. От ем i бачу, што i яны кожны мой кавалак адкусаны да рота праводзяць... Ё-маё, думаю: вось вам i радасць найбольшая ад вызвалення — кавалак хлеба... Я пальцам тым двум паківаў — падыдзіце, ё-маё, бліжэй. Падышлі. Што, кажу, есці хочаце? Маўчаць мае чарцяняты. Адрэзаў я ім па скібцы хлеба. Узялі. I ведаеш, Раманавіч: адразу не накінуліся. Стаяць, маўчаць. Гляджу я на ix, ажно бачу, нешта ў ix у кулачках ёсць. Пакажыце, кажу, што там у вас? Паказваюць. Паверыш, Раманавіч, ці не — па птушаняці. Па птушаняці ляснога канька. Узяў я ў рукі аднаго, сэрцайка так i б'ецца, ледзь не выскачыць. I так я, Раманавіч, расчуліўся, ё-маё. Лixa яго ведае, ад чаго, але — аж сляза нагарнулася... А пасля пытаюся ў ix: «Дзе ўзялі?» Там, кажуць. Дзе гэта там, кажу? А ля кладкі, адказваюць. Навошта ж вы ix, кажу, бралі? Маўчаць мае героі. Потым адзін смялейшы, відаць, кажа: «Вам, дзядзя!» Ах вы, чарцяняты мае, дадумаліся — такі падарунак байцу паднесці! Дзе гняздо, кажу, запомнілі? Запомнілі, кажуць. Дык вось вам, кажу, мой загад: бягом туды, адшукаць гняздо, палажыць птушанят i далажыць. Ясна? Павесялелі чарцяняты. Ясна, кажуць, i з месца сарваліся...
Так... Значыць, то i праўда быў дзядзька Андрэй. Значыць, гэта яму падаваў я тым ліпеньскім днём сорак чацвёртага года птушаня? Значыць, гэта ён даў нам з Толікам па лусце хлеба з тушонкай? Тады мы, канечне, не ведалі, што то была тушонка, мы звалі яе халодным мясам, але ж смаката была — аб'ядзенне. Мы ўтрубілі той хлеб у мінуту, як толькі пабеглі выконваць загад. Няўжо мы былі такія галодныя? Няўжо дзядзька Андрэй пабачыў па нашых вачах, што мы хацелі есці? Мы, здаецца, i не глядзелі на той хлеб. Мусіць, памыляецца дзядзька Андрэй. А астатняе — усё праўда. Я таксама памятаю, як ён хадзіў босы па траве, i як выняў з брызентавай торбы паўбуханачкі хлеба (такога хлеба мы i не бачылі раней— быццам паўцаглінкі), i як ножыкам-складанчыкам адкрываў бляшанку з той смачнай тушонкай, i як распытваў нас, дзе мы ўзялі тых птушанят, i як загадаў аднесці ix назад, пакласці ў гняздо...
Дабеглі мы тады да Юркавай лазні, перайшлі па кладцы на другі бок рэчкі, а дзе той куст — не ведаем. Адзін абшасталі — няма, другі, трэці — таксама нідзе.
— Можа, адцураліся? — выказаў я здагадку.— Дзядзька ж Тодар казаў, што калі зачэпіш яйкі, то птушка таго гнязда адцураецца. Помніш?
— Адцураецца, адцураецца! — Толік зазлаваў на мяне.— То ж птушаняты, а не яйкі. Ад птушанят не адцураюцца.
— Дык, можа, яны астатніх птушанят звялі?
— Дурань ты! Ну, хай птушанят звялі, а гняздо куды падзелася?
Ну i праўда дурань! Гнязда ж птушкі з сабой не маглі ўзяць.
Мы зноў пачалі шукаць. I трэба ж — знайшлі яго ў кусце каля самай-саменькай кладкі. У гняздзе сядзелі i астатнія птушаняты. Мы пасадзілі да ix сваіх двух i — галопам у вёску: далажыць, што заданне выканана.
Але на крыжавых ужо нікога не было. Толькі на пяску засталіся сляды машын ды ў паветры яшчэ стаяў пах перапаленага бензіну.
Помню яшчэ, што, калі я прыйшоў дадому, мне папала ад маці: яна хапілася, што мяне нідзе няма, i спалохалася — ці не ўмудрыліся мы з Толікам убіцца ў машыну i паехаць з салдатамі...
— От i ўсё, Раманавіч. Больш я нічога не бачыў. Праз некалькі хвілін мы пайшлі далей. A жэўжыкі i вёсачка тая засталіся ў памяці. Дай ты веры — птушанят салдату прынеслі, га, Раманавіч? Жэўжыка аднаго як цяпер помню. Дужа ж на майго Алёшку змахваў. Нe на гэтага, на таго Алёшку — першага майго таксама Алёшкам звалі. Канапаценькі такі ж, рыжанькі, i шчэрбіна наперадзе... Недзе ж, пэўна, жывуць птушаняты. Раз выжылі, дачакаліся нашых, дык жывуць, канечне. A ці помняць салдата таго, што сядзеў на камені пад сцяной царквы, i ці палажылі ў гняздо птушанят ляснога канька? Як думаеш, Раманавіч?