Не, не па бацьку, не па Васілю пайшоў Кастусь. Няхай сабе і Васіль выпіць любіў, але ж — гультаяваты быў. А Кастусь — ого! Як у кішэні пуста, дык робіць — як вол, і ў калгасе, і дома. Ля хаты, у гародзе — усё чысцютка паробіць. Дроў вунь — на некалькі гадоў назапашана, усе падстрэшшы як запячатаны. А сад у каго ў сяле лепшы? А ні ў кога! Ды хіба толькі гэта? Яна пойдзе ў гарод граду якую прапалоць, дык ён яе прагоніць і сам над градою павісне. Ды так чысценька, так акуратна павыполвае, што каторая кабета не дакажа. Колькі гадоў назад на пчол быў замахнуўся, два вуллі раздабыў, рой купіў, але не павяліся ў яго пчолы. Упарціўся, хацеў сам сабе даказаць, што будуць у садзе пчолы, усё кніжкі нейкія чытаў, а — не павяліся. Вясною неяк папрадаваў вуллі, а ёй, мацеры, прызнаўся: «Не будзе з мяне пчаляра, пчолы паху гарэлкі не любяць, за вярсту чуюць...»
Не пачула Гануля, як пайшла Зоня па работу. Здаецца, на вуліцу не выходзіла, веснічкамі не ляпала. Пэўна, загуменнем падалася. Ціха і на вуліцы, і ў хаце. То і добра. Яна паляжыць, адпачне, акрыяе. Есці ані не хочацца. Мо Кастусь не надта выпіты прыйдзе, дык тады яна паспрабуе падняцца — і яго пакарміць, і самой што з'есці. Ён жа як пры матцы, дык хоць чым-небудзь душу прычэпіць, а так можа і цалюткі дзень нашчаком валэндацца.
Ляжыць Гануля, а думкі, бы чаўнок, сюд-туд бегаюць: то пра Кастуся, то пра Зоню. Здавалася б, даўно ўсё перадумана, перааснована і ператкана, ды чаўнок той не стамляецца, бегае і бегае...
Смешна казаць, але нават і цяпер спадзяецца Гануля, што мо хоць на старасці гадоў прыхінецца Кастусь да якой-небудзь кабеціны, што мо знойдзецца такая, што не паглядзіць на ягоную хваробу, паразумеецца з ім, пашкадуе. А вось пра Зоню думка такая не высноўваецца. Доля яе, пэўна, такая — векаваць адной, але не-не ды і падумае Гануля, што ў нечым Зоня і сама вінаватая. Ваўкаватай натуры яна, дачка яе. Грэшна такое казаць пра дачку, і нікому пра тое не гаварыла Гануля, а як астанецца сама з сабой, вось як зараз, дык і такое ў думках яе прагаворвалася. Ці не на цётку Ганну, Васілёву сястру, падобна яе Зоня? Першы раз, даўно ўжо, мільганула такая думка ў Ганулінай галаве. Тады яна ажно зжахнулася. Ганна ж таксама звекавала адной. Не дай бог нікому такой долі... Выраклася яна іх: і Васіля, і братавай. Ні да іх у хату Ганна не заходзіла ніколі, ні да сябе не запрашала. Яшчэ ў маладосці як пасварыліся, бацькаву паўвалоку не падзяліўшы, дык на ўсё жыццё. І вось жа скажы: Зоня яе быццам Ганкін нораў узяла. І не дзяліла, як даўней, з Кастусём нічога, і жывецца ж во цяпер няблага, і хлеб ёсць, і да хлеба, а пасварылася — бы адрэзала. З чужым чалавекам, у адным сяле жывучы, словам не абмовіцца цяжка, а тут — з братам, у адной хаце...
Пасля вайны наважылася была Зоня ў Мінск падацца. Тады ж ездзілі вярбоўшчыкі, угаворвалі маладых падавацца ў горад на будоўлю. Зоня з Шурай Мікалаевай сябравала. Ну, абедзве і падрадзіліся ў Мінск. Гануля асабліва і не пярэчыла. Яно, праўда, нязвычна было адпускаць дзеўку адну ў свет, але ж тады многія ехалі. Дык і яна, Гануля, змірылася. Паехалі Шура з Зоняй. Дык Шура во і жыццё зжывае ў Мінску, і мужыка сабе неўзабаве знайшла, трое дзетак займела, дарослыя ўжо ўсе. А Зоня ці то праз тры тыдні, ці то праз чатыры дамоў прыехала. У чым паехала, у тым і вярнулася, і без капейчыны ў кішэні. Спытала Гануля: «Што ж так?» А яна адно буркнула: «Не хачу!» І не расказала нічога. А пасля Шура, прыехаўшы, расказала Ганулі: «Ой, цётка, я ж не ведала, што Зоня ваша такая недапечаная! Нa работу з дому — за руку, як малое дзіця. І з работы дамоў — таксама за руку. У магазін сама не сходзіць. А дзе-небудзь затрымаюся, ну, у кіно з дзеўкамі пайду ці ў парк, дык яна дома галодная сядзіць. І ўсё плача... Дык я цярпела-цярпела, а пасля завяла яе на Камароўку і пасадзіла на машыну, папрасіўшы шафёра ссадзіць яе ля павароткі на Гіневічы...»
Не засмуцілася Гануля надта праз тое. Не ўжылася ў горадзе Зоня, дык і ліха з ім, з тым горадам! Неяк жа будзе, жывуць жа і тут людзі. Але ж Зоня і ў сяле нейкая як не ўсе дома. Ніколі не падумала пра тое, што дзеўка яна маладая, што адзецца часам лепей трэба, і на вечарынку ці ў кіно схадзіць, як іншыя. Толькі і бачыла адно што работу, ніколі для яе ні свята не было, ні адпачынку. Але ж хіба гэта загана якая, што яна праз работу свету не бачыла? Горш тое, што Зоня з людзьмі жыць не ўмела і не навучылася. Не ставала яе ні на жарт, ні на ўсмешку, ні на песню. Ці ў кампаніі, у бяседзе якой, ці на рабоце — вечна надзьмутая, слова ад яе не дачакаешся... Вось і гібее адна, заўчасна пастарэўшы. І балюча ёй, Ганулі, глядзець на дачку...