Выбрать главу

Пасля універсітэта трапіў ён у рэдакцыю рэспубліканскай газеты. Аднакурснікі ці не зайздросцілі яму. Напачатку ён, бадай, і сам сабе зайздросціў. З якім душэўным хваляваннем пісаў ён свае першыя рэпартажы, нарысы, замалёўкі, з якой бояззю, мо нават і не з бояззю, а з нейкім унутраным трымценнем здаваў ён свае журналісцкія спробы загадчыку аддзела! Дзе ж яно падзелася, куды прапала тое хваляванне, тое трымценне?

Тады, па першым часе, ён не мог выседзець у рэдакцыі і месяца, усё рваўся ў камандзіроўкі, не выбіраючы месца, не чакаючы нейкай асаблівай пнагоды. Чаму ж цяпер ён ужо выбіраецца ў дарогу толькі тады, калі папросяць ці падгоняць? Раней, вярнуўшыся з камандзіроўкі, ён мог па некалькі начэй не спаць, пішучы нарыс ці артыкул, пакутліва думаў над кожным словам, цярпліва высноўваў радок за радком. Цяпер жа з чыстым сумленнем проста «адпісваўся». Пра большае ўжо не думаецца. Газета жыве адзін дзень. Дык ці ёсць патрэба, ці можна ўвогуле ствараць шэдэўры-аднадзёнкі?..

«Вось, Ганначка, і прыехалі...»

Мамойка схамянуўся. Сапраўды, пад'язджалі да райцэнтра. Пэўна, сотню кіламетраў адлічылі колы, а ён, бач, усё корпаўся ў самім сабе. Занятак, аказваецца, не дужа прыемны. І што раптам найшло на яго? Здаецца ж, не было прычыны. Відаць, проста паўплываў восеньскі настрой: счарнелае ржышча, сіратлівая буслянка, што прамільгнула ля нейкай вёскі, рагі дажджу на шыбах, масляністыя лужыны на асфальце ды яшчэ вось гэтыя, ужо зусім «гарадскія» суседкі-стрынадкі, што едуць, можа быць, таксама ў Вішанькі...

У гарадку Мамойка перш за ўсё зазірнуў у гасцініцу. Як заўсёды, вольных месцаў не было. Дзяжурная спачувальна паківала галавой, сказала без асаблівай надзеі ў голасе:

— Падыдзіце ўвечары, мо хто выедзе.

Колькі разоў чуў ён падобныя фразы ў маленькіх, без асаблівых выгод, аднак чамусьці заўсёды ўтульных і цёплых раённых гасцініцах! Незалежна ад таго, ці выязджаў хто, ці не выязджаў, вечарам месца знаходзілася. Калі не ў пакоі з горача напаленай грубкай, дык на калідоры, спрэс застаўленым раскладанкамі. Пэўна, знайшлася б раскладанка і тут, але Мамойка парашыў не чакаць вечара, не выпрабоўваць сваё шчасце, а адразу падацца ў Вішанькі, калі яшчэ можна сёння туды даехаць. Разважыўшы так, зноў пайшоў да аўтастанцыі.

Яму пашанцавала: неўзабаве ў кірунку Вішанек выпраўляўся маленькі, з аднымі пярэднімі дзверцамі аўтобусік. Людзей у яго набілася — як зачыніць. Уплішчыўся неяк і Мамойка — ці не апошнім, стаяў на прыкупцы, прываліўшыся плячамі да дзверцаў.

Ехаць так, на шчасце, было нядоўга, прытым па шашы-асфальтоўцы. Ён не паспеў нават і прыцерціся сярод спін, як аўтобус, скрыгатнуўшы тармазамі, спыніўся. Мамойка павярнуў галаву і праз шкло дзверцаў убачыў на ўзбочыне драўляны слупок з шыльдачкай: «Вішанькі, 0,5 км». Дзверцы расчыніліся, і Мамойка задам ледзь не вываліўся на ўзбочыну. Следам за ім выпхнуліся з аўтобуса, наўздзіў Мамойку, і стрынадкі са спартыўнымі торбамі. Ён не стрываў, усміхнуўся. «Вось так, брат, як у ваду глядзеў»,— сказаў сам сабе і ў нейкай бы злосці, нават не зірнуўшы на іх, пакрочыў да вёскі.

Да Вішанек вяла прамая і шырокая, не надта даўно пракладзеная — яшчэ не ўсюды паспелі зарасці травою адхоны — дарога-насыпанка. Уздоўж яе ў тры рады былі высаджаны (таксама нядаўна, мо сёлетняй вясной, бо яшчэ не паспелі пачарнець калочкі, да якіх прывязаны дрэўцы) бярозкі, на іх сям-так трымаліся яшчэ дробныя, скурчаныя лісточкі. Дажджу тут, мусіць, не было — пад чаравікамі шаргацеў сухі жарсцвяк, ішлося бадзёра і спорна, і Мамойка праз нейкую хвіліну быў у вёсцы.

Вішанькі паўсталі перад ім зусім не такімі, якімі мроіліся ў аўтобусе. Паабапал шырокай чыстай вуліцы стаялі новыя, ашаляваныя і пафарбаваныя хаты пад шыферам. Платы ад вуліцы таксама былі пафарбаваны — светла-зялёнай фарбай, і не проста пафарбаваны, а размаляваны ўзорамі — сінімі і жоўтымі ромбамі.

Пасярод вёскі было нешта накшталт плошчы. Тут, справа, стаяў двухпавярховы цагляны будынак дырэкцыі саўгаса (Мамойка здалёк прачытаў шыльду), а злева — аднапавярховы, але таксама цагляны, з калонамі, клуб. Пры клубе стаяў невялікі акуратны дамок з белай сілікатнай цэглы. Над дзвярыма дамка Мамойка прачытаў кароткае слова: «Музей». Ён міжволі зрабіў некалькі крокаў да яго, але, угледзеўшы на дзвярах замок, завярнуў да саўгаснай канторы.