Выбрать главу

— Я, дзіцятка, сама і падпалю, а вы ўжо прасочыце, каб прагарэлі. Мне ж трэба яшчэ дадому падбегчы, сёе-тое дагледзець. А юшку закласці я прыйду.

Неўзабаве Мамойка астаўся адзін. Ужо і добра сшарэла, можна сказаць, сцямнела, але ён не запальваў святла. Падсунуў да грубкі крэсла, сеў, адкінуўшыся да спінкі і выцягнуўшы ногі, і глядзеў у агонь, які весела лізаў дровы. Дзверцаў не зачыняў — цяга была добрая і дым на хату не кідаўся. Сядзеў і думаў аб тым, што яно зусім, здаецца, няблага — вось так пасядзець перад палаючай грубкай, адчуваючы на каленях, на руках і на жываце ласкавае цяпло; што ўжо забывацца пачаў на такое адчуванне, калі ў спіну халаднавата, быццам волка, а ў твар, у грудзі, у калені дыхае зыркім полымем; што добра зрабіў адмовіўшыся пайсці ў брыгадзіраву хату, дзе зараз мужчыны селі, пэўна, вячэраць і дзе ён, чужы чалавек, адно б замінаў, змушаў бы людзей і гаварыць не тое, і паводзіць сябе не так, як яны недзе зараз гавораць і паводзяць сябе.

Згадка пра брыгадзірава запрашэнне нагадала яму аб вячэры. Перакусіць — яно было б і няблага. Мамойка падняўся, уключыў святло, расшпіліў партфель і дастаў з яго прыхопленую з сабой кілбасу, колькі лустаў хлеба, пару памідорын. Спахапіўся, што і на гэты раз у яго няма сцізорыка — каторы час наказвае сабе абзавесціся і ўсё забываецца. Расклаў прыпасы на разасланай газеце, прысеў да стала, але ўкусіць не паспеў — дзверы расчыніліся і зайшла цётка Анэта. Угледзела яго ля стала і тое, што было на стале, і яшчэ ад парога загаманіла:

— А я ж, дзіцятка, як ведала. Думаю: а ці ж галодны чалавек спаць ляжа? Нічога такога яшчэ і нямашака, каб пачаставаць. Толькі во малачка прынесла — і салодкага, і кіслага, толькі што сквасілася, сала скрылёк, хлеба акраец. Добра, што паспела якраз. Гэта ж,— гаварыла яна, выстаўляючы на стол з чорнай сумкі,— ледзьве не запазнілася, старога свайго пакуль пакарміла. З-за таго тэлевізара дык і паесці па-людску не можа, усё похапкам, быццам хто падганяе.

Мамойка зноў, у каторы раз, збянтэжыўся, угледзеўшы на стале два слоікі з малаком, сала, гуркі, яйкі.

— Навошта ж вы так? Як госцю якому! — сказаў ён.

— Дык жа і госць! — Цётка Анэта, паставіўшы пустую сумку ля парога, шуравала ўжо качаргой у грубцы.— Гэта ж, дзіцятка, не ў горадзе. Там дык у сталоўку любой парою заскочыць можна, а ў нас... Буфет у канторы ёсць, але ж ён зачынены даўно, і што там з'ясі, у тым буфеце?! Бедны і ў мяне пачастунак, але ж перакусіце.

— Ого, бедны! — Мамойка крутнуўся разам з крэслам да цёткі Анэты.— Не ведаю, з чаго і пачаць!

— Ешце, дзіцятка, ешце на здароўе! — Цётка Анэта ўсё яшчэ корпалася ў грубцы.

— То мо і вы са мной? — сказаў Мамойка.

— Дзякую, дзіцятка, я са старым сабралася,— адказала. Ставячы пры грубцы качаргу, дадала: — Прагарэлі ўжо, праз нейкае паўгадзіны і закладаць можна будзе. Як заскачуць па прысаку сіненькія агеньчыкі-язычкі...

— У той бы прысак бульбы ўсыпаць,— сказаў Мамойка. Сказаў так сабе, як бы згадаўшы нешта, зусім без таго, каб і сапраўды сыпаць у грубку бульбу.

Аднак цётка Анэта зразумела тое па-свойму і адразу ж падхапілася:

— Дык я зараз, дзіцятка! Чаго-чаго, а бульбы... Скокну да Анькі Барэйшыхі, тут блізенька, нават і вуліцы пераходзіць не трэба.

Вярнулася цётка Анэта хутка, як бы і не хадзіла нікуды,— у прыполе, у фартуху, было з дзесятак бульбін. Высыпаючы іх ля грубкі на бляху, якой была абабіта падлога пры топцы, сказала:

— Во, і ў хату нават не заходзіла. У Анькі на ганку кошык стаяў, дык выбрала колькі лепшых. Зараз мы адгорнем галавешкі, а яе ў прысачак, у прысачак. Яна тут як бачыш спячэцца!

— Калі так, дык я і вячэраць не буду! Пачакаю печанай бульбы. Бо ні кілбаса, ні што іншае таго не дакажа.

Цётка Анэта ўсміхнулася:

— Ну, кілбаса кілбасой, а печаная бульба дык і праўда смачная. Гэта ж і з'есці зараз ёсць што, а мы са сваім старым узімку часта бульбу ў грубцы пячом. Як выпаліцца, дык я туды тузіна паўтара бульбін, а праз паўгадзіны і юшку закладу. Дык пасля і дух такі смачны з грубкі ідзе! А бульбачка каб хоць адна падгарэла! Выгарнеш яе ў начовачкі, лушпайкі так і шалясцяць — усе чысцютка паадставалі, абірай — і ў рот. Дык я за тыя начовачкі і на печ, да старога. Ядзім і тэлевізар глядзім. Тады і за печ не сварымся. А то ж не мірымся, яму ўсё месца мала на той печы.

— З печы тэлевізар гледзіце? — не стрываў, здзівіўся Мамойка.

— А што? Каб зручней было, стары яго падняў, разам з ножкамі на стол паставіў. Дык самы раз. Я гляджу-гляджу, калі і засну там, на печы, а стары пазлуецца-пазлуецца, але тады ўжо сам лезе выключаць, як кіно тое кончыцца, а то мяне ўсё гоніць,— цётка Анэта весела смяецца.