Выбрать главу

«Скажу каму, дык не паверыць»,— падумаў Мамойка сам сабе, а спытаў іншае:

— А вы што, удваіх жывяце?

— Удваёчку, дзіцятка! Параз'язджаліся ўсе. Пяцёра было ў хаце, а ніводнага не асталося. Разам дык ці і збіраліся калі. Далейшы прыедзе, дык бліжэйшага пашлюць на той час куды-небудзь ці наадварот. Хлопцы ўвогуле рэдка прыязджаюць. Дачка адна ў нас, а часцей адведвае, чым усе яны, хоць іх і чацвёра... А ў вас жа хаця матка-бацька жывуць?

— Маці жыве, цётка Анэта. І таксама, як вы, адна ў хаце. Яна і зусім адна. Бацька памёр нядаўна.

— Охо-хо,— уздыхнула цётка Анэта. Яна ўжо даўно ўкінула ў грубку бульбу, сама ямчэй уселася на крэсла.— Гэта ж, дзіцятка, у нас во... Сённяка якраз пахавалі кабету адну. Нінку Сцяпанаву. Такая бяда ў чалавека!.. Мы, бабы, між сабой ужо казалі, што як яму тое і вытрываць. Такі ўжо гаротнік. Гэта ж трэба, дзіцятка, другую жонку пахаваў... З вайны прыйшоў ён маладым хлопцам. Прыйшоў, а дома нікога не застаў. І бацьку, і матку, і сясцёр яго, братоў — усіх немцы паклалі. І хату спалілі... Сцяпан вярнуўся на пустое дворышча. Ну, але жыць жа неяк трэба было. Талакой хату паставілі, хлеў, пуньку агораў. І дзеўку сабе знайшоў — Веру з суседняй вёскі, з Якубавіч, мо чулі? — Данілаву дачку. Добра жылі між сабою. Чатырох дзетак займелі. І дай жа гору такому зваліцца: Вера яго нешта кволіцца пачала і ці не аб годзе зайшлася. Белакроўе ў яе, казалі, было. Што Сцяпану рабіць? З чатырма малымі на руках, і самаму меншаму — толькі на трэці гадок перайшло... Каб жа гэта матка ці хоць бы цётка была, а то ж — нікога! Дзетак яго ўладкавалі: старэйшых забралі ў школу-інтэрнат, а двух меншых — у дзіцячы дом... Ну, а праз год-другі Сцяпан зноў сабе гаспадыню ў хату прывёў. Нінку-нябожчыцу, хай ёй добра будзе. Мы ў Вішаньках не ведалі гэтай Нінкі, хоць яна родам таксама зблізку, з Замосця. Напачатку дык і нядобрае пра яе гаварылі. Маўляў, паквапілася баба на ўдаўца, дзеці якога не пры бацьку, а каб дома былі, дык ці была б такая порсткая! Але ж Нінка кабета аказалася — пашукаць! Гэта ж не мінулася і месяца, пэўна, як яна да Сцяпана перабралася, а пазабірала дадому, да сябе, усіх чатырох Сцяпанавых — і са школы, і з дзіцячага дома. І дальбог жа, дзіцятка, дай бог, каб родная матка так сваіх дзетак глядзела, як Нінка — чужых. Не толькі меншыя Воўка з Валерыкам, але і старэйшыя, Маруся з Іванам, яны ж дарослыя ўжо, Нінку маткай звалі. Мы ўжо казалі між сабой, па-бабску: «Гэта Сцяпану ўжо нагарода за лёс...» У іх жа, у Сцяпана і Нінкі, і яшчэ двоячка знайшлася — дзяўчынкі. Жывіце, здавалася б, людцы, і радуйцеся. Дык вось, сённяка і Нінку пахавалі. У самым цвеце баба, а туды ж... І ад якой хваробы, дзіцятка, каб спыталіся? Ад гэтага самага апендзіта, ці як там яго, вымавіць не магу. Гэта ж забалеў ёй жывот. Ну, дзень баліць, другі. Дык, дурная баба, не да доктара, а так пакутуе: то пагрэе, то пап'е чаго... І на работу ж да канца хадзіла. Памятаю, дні за два да смерці, кажа: «Усё рэжа і рэжа там нешта, колікі па ўсім целе...» І Сцяпан той не падумаў пра што благое. А спахапіліся, дык — позна. Завезлі ў бальніцу, зрабілі аперацыю, а адратаваць не змаглі, па ўсіх кішках пайшло... І Сцяпан у другі раз аўдавеў. Ці ж гэта, як кажуць, не лёс, дзіцятка?

Цётка Анэта змоўкла, глядзела на Мамойку так, быццам чакала ад яго адказу, і ён, седзячы перад ёй на тахце-канапе, прыгнуў галаву:

— Можа...

Цётка Анэта нечакана ўспляснула рукамі:

— Ой, я ж і забылася, дзіравая мая галава! Гэта ж закладаць пара!

Яна хуценька, амаль уподбежкі, пайшла ў правы, «мужчынскі» пакой. Мамойка чуў, як яна пстрыкнула там уключальнікам, як адчыняла дзверцы, соўгала юшкай у коміне, як выключала за сабой святло. Потым, вярнуўшыся, падышла да грубкі, адчыніла дзверцы і, прыгнуўшыся пад топкай, уцягнула ў сябе паветра. Выпрастаўшыся, сказала:

— Чаду, здаецца, нямашака. А бульбачкай так і пахне. Не чуеце, дзіцятка?

Мамойка падняўся з канапы, таксама падышоў да грубкі, удыхнуў гарачы дух, усміхнуўся шчасліва, як некалі, у дзяцінстве:

— Ага! Быццам у руках гарачую разламаў!

— То ўжо мо і паглядзіце, мо паспела?

— Можа, хай яшчэ трохі пасядзіць?

— Ну, счакайце хвіліну.— Цётка Анэта зноў апусцілася на крэсла, але раптам зірнула па Мамойку запытальна, сказала: — А мо я вам, дзіцятка, надакучыла ўжо?

— Ну што вы, цётка Анэта?! Што б я без вас рабіў тут? — Мамойка сказаў тое шчыра, ад душы.

Яна неяк добра пасміхнулася сама сабе, злажыла на грудзях рукі, сказала:

— От дастану бульбачку, каб вам не пэцкацца, а тады і пайду.

— Калі не спяшаецеся, цётка Анэта, дык пасядзіце. Вечар жа доўгі.

— Дык жа дзед мой раўнівы,— зноў пасміхнулася хораша цётка Анэта.