Не хацеў Іван сварыцца і думкі такой не меў. Але ж як бы нешта падштурхнула яго знянацку і — не стрываў, сарваўся. Маці, бы адчуўшы нядобрае, кінулася на паратунак:
— Ванечка, сынок, не крычы! Чаго сварыцца? Што Валодзька сказаў такое?
Надзя таксама тузанула Івана за руку, шапнула:
— Не задзірайся!
Але Іван, адмахнуўшыся ад жонкі, закрычаў:
— Ён ведае, мама, што сказаў! Ведае, шэльма!
Сцепанулася Галіна Сямёнаўна, ускінула вочы на Івана, сказала з дакорам:
— Ваня, навошта ж вы так?
Але, разумеў Іван, што не трэба было б усчынаць гэтай гаворкі, што трэба было б аджартавацца, як і з той самай «цемнатой», і тады, як заўсёды, калі яны збіраліся разам у маці, спакойна павячэралі б... Ён, пэўна, і аціх бы, узяў бы ў рукі сябе, калі б не Галіна Сямёнаўна. Яе ж словы, а найбольш лагодна-паблажлівы тон, з якім яны былі вымаўлены, зноў нібы сцебанулі яго, прымусілі агрызнуцца з'едліва:
— Што, Галіна Сямёнаўна, пакрыўдзіліся за свайго святога Уладзіміра Антонавіча? А ён, каб вы ведалі, шэльма і ёсць! Ага, шэльма!
Надзя зноў тузанула яго за руку і на гэты раз не шапнула, а прыкрыкнула:
— Перастань, Ваня!
Іван адсунуўся разам з крэслам ад стала, дастаў папяросу і закурыў. Памаўчаўшы крыху, сказаў ужо спакайней:
— Я ў бутэльку, як ён кажа, не лезу. А ён хай не робіць з мяне дурня.
Маці падхапілася са сваёй табурэткі, абегла стол, абняла Івана за плечы:
— Супакойся, сынок, не трэба злавацца. Ні з тога ні з сёга ўзарваўся, быццам уджалены... І ты, сынок,— яна зірнула на Уладзіміра Антонавіча,— таксама не бяры тога да галавы, памаўчы лепей.
— Я і маўчу, мама,— стомлена, знарок абыякава сказаў Уладзімір Антонавіч і падняўся з-за стала.— Пайшлі, Сямёнаўна, на сена. Мама, ты паслала там?
— Паслала, сынок, паслала...
Калі Уладзімір Антонавіч з Галінай Сямёнаўнай, а следам за імі і маці выйшлі з хаты, Надзя не закрычала — маглі яшчэ ўчуць, а зашыпела на Івана:
— Чаго ты надзьмуўся, як той індык? Што ты даказаць хочаш? Што і ты разумны? Дык жа не дакажаш! І каму, каб хто спытаў? Маці ж на яго моліцца!
Іван ужо ўзяў сябе ў рукі. Сказаў спакойна:
— Ну, не стрываў, сарваўся... А гэта ты дарма. Мама ўсё разумее.
Надзя, адчуўшы, што ён супакоіўся, уздыхнула:
— Ай, што яна разумее! Для яе найперш — Валодзька! Ты прыедзеш, дык і ладна, прыехаў, дык і прыехаў, а ён як злітасцівіцца паказацца, дык мама ўжо не ведае, як сустрэць, чым пакарміць, дзе паслаць. Хіба я не бачу?
— Ну, а што ты хочаш? Сынок — кінарэжысёр! Хто калі думаў пра такое?! — Іван затушыў папяросу, хвіліну памаўчаў, дадаў: — Гэта тут яна так. А на зіму ўсё адно да нас едзе, а не да яго.
— Дык жа і крыўдна! Як зрабіць што, дык — Ваня, а як...
Надзя хацела сказаць яшчэ нешта, але зайшла ў хату маці, падышла да стала.
— Ляглі госцейкі,— сказала.— Прасілі разбудзіць раненька, хочуць першым аўтобусам ехаць, у восем.
— А дровы рэзаць? — спытаў Іван. Спытаў, канечне, знарок — усярэдзіне ўсё яшчэ нешта казытала яго.
— Ай, сынок, зноў ты за сваё,— маці апусцілася на табурэтку.— Ты ж ведаеш. Адвык ён ад нашай работы.
— А можа, і не прывыкаў? Га, мама? — Іван як пацвельваўся.
І маці, мусіць, улавіла гэтую смяшлівую нотку ў ягоным голасе, бо сказала лагодней:
— Што цяпер тое ўспамінаць!
— Але, што цяпер тое ўспамінаць,— кіўнуў галавой Іван.— І ўвогуле...
Маці, акінуўшы вачамі стол, спытала:
— Ну што, дзеткі, будзеце яшчэ што есці ці прыбіраць, каб не псавалася?
Яны абое — і Надзя і Іван — амаль у адзін голас адказалі:
— І так не здыхацца, куды ўжо есці!
Маці, быццам чакаючы гэтага, адразу ж паднялася. Збіраючы са стала талеркі, казала:
— Дарма толькі рэзала і крышыла. Во колькі пааставалася. Трэба, пэўна, у склеп спусціць, шкада ж...
— А ты ж казала, што прадушыну там адчыніла, дык мо каты палазяць? — спытаў Іван.
— А я ў скрынку пакладу...
Пакуль маці прыбірала са стала і лазіла ў склеп, Надзя паслала пасцель і лягла. Іван, сеўшы ля расчыненага акна, зноў закурыў.
Урэшце маці ўправілася, вярнулася ў хату.
— Лягай, сынок,— сказала да Івана.— Заўтра мо і праўда перахопіш у Смаляка той тарахцёлкі ды парэжаш круглякі, пакуль гразі няма.
— Лягаю, мама,— азваўся сын.— Учора недаспаў, позна лёг быў, і сёння рана ўспароўся, каб білеты на аўтобус узяць... А дровы парэжу. Са Смаляком дамовіўся. І з Сяргеем гаварыў. Казаў, паможа. А пакалоць калі не паспею, дык не бяда. У любы час, як выдасца, падскочу і пакалю.
— Як-небудзь паколюцца. Танчэйшаму чаму мо і сама рады дам, а таўсцейшыя паколеш, другім разам прыехаўшы.