Выбрать главу

— От не смяшы людзей, мама! Ужо яна сама калоць будзе! Пакуль у пліце ёсць што паліць. Нават і грубку, калі трэба, можна прапаліць тым суччам, яго на ўсю восень хопіць.— Іван падняўся, прайшоў да стала, раструшчыў пальцам недакурак у попельніцы і, выпрастаўшыся, сцягнуў цераз галаву тэніску...

Стаяла над сялом жнівеньская ноч — расяная, без ліпеньскай задухі, але і не халодная. З гарода праз расчыненае акно плыў у хату пах гурэчніку, кропу і мяты. Сяды-тады даплывалі з начы і галасы — то дзявочы смех, то хлапечы гоман. Але найбольш перашкаджала радыё. Маці ніколі не выключае на сцяне дынамік, і ён ціхенька гамоніць-спявае, колькі можа. Днём дык яго не надта і чуваць, а ўначы, калі і муха не дзумкне, гоман яго даволі гучны. Лягаючы ў маці спаць, Іван звычайна выключаў дынамік, а сёння забыўся на яго. Ды ўставаць не хацелася. І ён ляжаў і цярпліва чакаў, калі гадзіннік на Краснай плошчы праб'е дванаццаць і дынамік, хвіліну пасіпеўшы, змоўкне.

Жонка, адчуваў па дыханні, даўно спала. Як лягла, адвярнуўшыся да сцяны, так і спіць — на левым баку. А яго сон чамусьці не браў. Ляжаў на спіне, падклаўшы рукі пад галаву, і думаў...

Спачатку ўсплыла была думка пра тое, што забыў спытаць у Смаляка пра бензін. Мо раптам няма ў яго. Тады трэба будзе ранічкаю бегчы да Віцькі Фэлькавага: яго аўталаўка заўсёды ля хаты начуе, мо хлопец не будзе ўпарціцца, адшкадуе колькі літраў.

Пасля прыбегла думка пра дзяцей. Нэла ў апошнім пісьме так напісала, што яны з Надзяй і не разабраліся, ці хаця добра ў яе там. Хлопец, здаецца, неблагі трапіўся. Летась, як падхапіліся, прыязджалі, некалькі дзянькоў пагасцявалі, і сюды во, да бабы, з'ездзілі. Упадабалі хлопца і тут, у сяле. Пэўна, нездарма, бо калі што — кабеты тут жа абгаварылі б. І спецыяльнасць добрую мае, і так чалавек быццам сур'ёзны. Ужо больш як год не бачыліся. А Нэла нешта не такія пісьмы пачала пісаць. Вось і апошняе. Нібы хоча нешта сказаць і недагаворвае. Надзя дык і паплакала над тым пісьмом. Добра было б з'ездзіць, але — на край свету забралася дачка. Ажно на Алтай, у горад Рубцоўск. Ён дык і не чуў такога горада, а казалі, і немалы, як наша Маладзечна. Трэба будзе ўзяць водпуск і з'ездзіць. Хоць аднаму, калі з Надзяй не ўдасца.

З Ромам — лягчэй. І не толькі таму, што хлопец. Лёс не такі, як у Нэлы. Дачка вучыцца ленавалася, лічы, на троечках ехала. А Рома — па дзядзьку пайшоў, па Валодзьку. З першага класа па дзесяты пяцёркі дадому прыносіў. Студэнтам стаў. Зараз недзе на Палессі, у студэнцкім будаўнічым атрадзе. Пісаў, што абкладваюць дзёрнам адхоны каналаў. У політэхнічным вучыцца. Валодзька параіў паступаць туды. Сказаў, што ў яго там ёсць знаёмы — калі што, дык дапаможа. Не ведае Іван, ці спатрэбілася тая помач яго Рому, ці сам паступіў. Валодзька пра тое маўчыць, а пытацца няёмка, хоць і брат. Калі і памог, дык нашто лішні раз напамінаць? Капнуць жа, за такое па галоўцы не гладзяць.

Вось так, праз дзяцей, думка яго зноў вярнулася да брата.

Двое іх было ўсяго ў маці: ён і Валодзька — меншы. Усё Валодзькам быў, а вось ужо і Уладзімір Антонавіч. А ён як быў Іванам, так ім і астаўся. А Валодзька, бач, у людзі выйшаў. Як каму што на раду напісана — старыя людзі кажуць. Ды, пэўна, не зусім яно так. Ён, Іван, таксама быццам няблага вучыўся, і хто ведае, што было яму на раду напісана, калі б не вайна. Да вайны скончыў пяць, а пасля вайны ўжо і зусім не думаў у школу ісці. Адно што перарос свой шосты клас, а другое — за кім было ісці? Каб бацька вярнуўся, дык яно, вядома, можна было б і вучыцца, як некаторыя пераросткі вучыліся. А так гаспадаром у хаце зрабіўся. І маці пра школу надта не надакучала. Але настаўніца, яшчэ даваенная, Ганна Фёдараўна, угаварыла, паслала яго адразу ў сёмы, абышоўшы шосты. Дык ён той першы для іх пасляваенны, а ўвогуле яшчэ ўсё ваенны год правучыўся, атрымаўшы дакумент аб заканчэнні сямігодкі. А далей не пайшоў. Узяў коней і да арміі рабіў у калгасе. А пасля арміі падаўся ў Мінск, на трактарны. Паслалі яго вучнем у ліцейны — пэўна, зважаючы на тое, што быў хлопцам ёмкім, шыракаплечым, дужым. З той пары ў ліцейцы і парыцца. Уцягнуўся, прывык — работа як работа. Мо і праўда не з лёгкіх, але затое заробак неблагі. Там, на трактарным, неўзабаве ажаніўся, кватэру атрымаў. Спачатку жыў з Надзяй у пакойчыку з агульнай кухняй, а пасля асобную кватэру, двухпакаёвую, далі на вуліцы Стаханаўскай, паблізу ад завода,— гэта як Нэла ў іх паявілася.

А Валодзька... А Валодзька за яго, Іванавай, спіной у школу пайшоў. У сорак шостым. Ён — асянчук, яму якраз тым вераснем стукнула сем. І загадваць нікому не трэба было, само так сталася, што ён над Валодзькам клопат узяў. Лічы, бацькоўскі клопат. Ці купіць што жэўжыку, ці памагчы-падказаць што — яго, Іванава, турбота была. Перапынак быў толькі на час службы ў арміі, а потым зноў на сябе той клопат узяў. Надзя, малайчына, ніколі насуперак не ішла ні ў чым: не папракала ні ягонымі частымі наездамі да маці, ні грашыма, што траціў на абновы Валодзьку, на ягоныя школьныя прычындалы.