«Аднак жа... Аднак жа ўсё гэта прыносіць радасць толькі таму, што бываеш тут рэдка, што гэтыя наезды — як хвілінная стрэча з дзяцінствам, звароту ў якое няма і не будзе. Пупавіна, якая звязвала цябе з тым, што некалі яднала ў дарагім адзінстве парог бацькоўскай хаты, вёску і наваколле, з кожным годам робіцца ўсё танчэйшаю, і аднаго разу ты не заўважыш, як яна станчэе і перарвецца. А можа, і ўжо абарвалася? Чалавек жыве паўнакроўным жыццём там, дзе працуе, дзе паядноўваюцца і скрыжоўваюцца з інтарэсамі іншых людзей яго асабістыя інтарэсы, дзе ён адчувае сябе патрэбным у тым кругабегу дзён, які завецца жыццём. А ўсё гэта, што зараз акружае цябе, усяго толькі трызненне душы, салодкі сон. Заўтра ты паедзеш адсюль — і сон мінецца...»
Падумаў пра тое, каб не забыцца заўтра пакінуць маці грошы. Што яшчэ, апроч грошай, ён можа зрабіць для маці? Памочнік па гаспадарцы з яго кепскі. Зрэшты, і непатрэбны: Івану ўсе тое зрабіць і зручней, і, пэўна, лягчэй. На добры лад, маці даўно трэба было б перабрацца да іх у горад. Чаго ёй тут адной сядзець, трымацца гэтых добра такі спарахнелых вуглоў? Магла б спакойна жыць ці ў яго, ці ў Івана, урэшце. Дык — не ўгаварыць. На зіму пару разоў перабіралася ў горад, але і то хапала яе толькі на самыя лютыя месяцы, а як толькі сонца паварочвала на вясну,— ехала дадому.
І нічога тут не зробіш, уздыхаў Уладзімір Антонавіч. Капрыз старога чалавека — гэта горш, чым капрыз малога. Апошняга можна ўгаварыць альбо прымусіць. Калі ласка: пару разоў прыязджала — і ўсё да Івана. Чаму? Заўпарцілася старая, няйначай. А мо саромеецца ягонай Сямёнаўны, падумаў нечакана? Мо было калісь паміж імі што-небудзь? Не, не падобна! Адкінуў тут жа гэтую думку. Яго Сямёнаўна заўжды ўмела ўгадаць любое жаданне маці і нічым не выявіць перад свякрухай сваёй незадаволенасці. Значыць, звычайны старэчы капрыз...
Паволі цела апаноўвала млявасць — падкрадваўся сон. Ужо ў дрымоце ці не пасміхнуўся Уладзімір Антонавіч, нечакана зноў падумаўшы пра Івана, пра іхнюю сутычку за сталом.
«Парашыў падкузьміць!.. Братка ты мой, харошы ты хлопец! Я назаўжды зберагу ў сэрцы шчырую і цёплую ўдзячнасць да цябе за ўсё, што ты зрабіў для мяне, але... Але не лезь туды, куды не трэба. Што дазволена Юпітэру... Ах, якія яны былі мудрыя, старажытныя!..»
І, канчаткова супакоены, Уладзімір Антонавіч заснуў.
Прачнуўся Іван рана, яшчэ да таго, як загаварыў дынамік. Стараючыся не пабудзіць Надзі, ссунуўся з ложка, нацягнуў штаны і выйшаў на двор. Сонца было повен двор — ён ажно зажмурыўся. Ухапіў вядро, збегаў да калодзежа. Тут жа, у двары, памыўся, няўмела (усё ж адвык) паліваючы сам сабе з кубка. Галіцца не стаў — паголіцца перад ад'ездам. Скокнуў у хату, апрануў тэніску і пабег да Смаляка.
А калі на каламажцы прыпёр ад Смаляка рухавічок і станок з цыркуляркаю, убачыў у двары Валодзьку.
— Здароў, шэльма! — гукнуў, заходзячы ў двор.— Як спаў?
Уладзімір Антонавіч павярнуўся, скрывіўся:
— Што, ад учарашняга не адышоў?
— Ды не, братка! Жартую! Мо пабарукаемся?
Уладзімір Антонавіч усміхнуўся:
— Ці ж гэта будзе сенсацыяй, калі ваграншчык пакладзе на лапаткі гнілога інтэлігента?
— Так ужо і гнілы! Цяльпук — дай бог! — Іван моцна тыцнуў брату кулаком у грудзі.
— Ад цельпука чую! — выгукнуў Уладзімір Антонавіч і таксама пару разоў збаксіраваў Івану ў жывот.
Іван, знарок корчачыся, быццам ад болю, застагнаў:
— Так і кішкі парваць можаш, артыст! — І, нечакана зарагатаўшы гучна, ад душы, загаварыў: — Галя паднялася? Тады пайшлі снедаць. Бо і вам не трэба марудзіць — аўтобус можа пабегчы, і мне няма калі расседжвацца.
Сняданак быў лёгкі, на скорую руку. Зрэшты, есці ніхто і не хацеў. Адно — з ахвотай папілі малака. Не сырадою, а ўчарашняга, вячэрняга — халоднага.
На вуліцу выйшлі разам — Уладзімір Антонавіч, Галіна Сямёнаўна, Іван і маці. Браты падалі адзін аднаму рукі, Галіна Сямёнаўна пацалавала маці, кіўнула Івану галавой. І разышліся. Уладзімір Антонавіч з Галінай Сямёнаўнай паволі пайшлі вуліцаю ўгору, да аўтобуснага прыпынку, а Іван, хвіліну паглядзеўшы ім услед, шпарка пакіраваў у адваротны бок — уніз, за рэчку: будзіць Сяргея, які абяцаў яму пасабіць парэзаць круглякі, што ляжалі на вуліцы ля мацерынай хаты.
АПОВЕСЦІ
ТАЦЯНІН ЧЭРВЕНЬ
Серада, 28 чэрвеня
Рыта прыехала нечакана — сярод тыдня. І аўтобус выбрала нейкі нязвычны. Яна, Тацяна, дык і не ведала, што ёсць такі аўтобус, каторы ўдзень прыходзіць. Алёшка, як прыязджаў, калі яшчэ матацыкла не меў, то заўсёды вечарам дадому прыходзіў, зрэдзь часу ажно поначы. А то ж во — днём, у самы полудзень. Тацяна якраз з поля ішла — Падласку даіла, у хату не паспела зайсці, на вуліцы сустрэла нявестку з унучкай.