Выбрать главу

А вось жа — найлепшая яе, Тацяніна, сяброўка. З малалецтва самага сяброўка. Яна, Тацяна, дык і расла пад яе прыглядам і заступніцтвам, хоць Манька на нейкія два гады і маладзейшая. Манька яе на вуліцы нікому ў крыўду не давала. Калі якія падшыванцы чапіліся, як дзеўчынёхамі ўжо былі, дык Манька так адшые каторага, што дзесятаму закажа. Дарма, што дзеўка! Дужая і ўвішная была Манька. Што казак той! Казаком жа і дражнілі. Яна, Тацяна, помніць, як яны з Манькай, не зважаючы на матчыны вокрыкі, пачалі патроху ацемняваць на вуліцы, бегаючы па падаконню хаты-чытальні, у якой рыпеў гармонік і прагіналіся пад абцасамі маснічыны. Калі б не Манька, дык яна, Тацяна, наўрад ці і швэндалася б там да паўночы. Манька ўсё яе зводзіла...

Яно і цяпер Манька мае над ёю верх. Тацяна дык і звыклася з тым. Ці купіць што, ці зрабіць — да Манькі ідзе, нібы яна матка ці сястра. І шкадуе яе, як родную. Але цішком шкадуе. Бо скажы што Маньцы пра жаласць тую, дык рада не будзеш. «Мне яшчэ тваёй жаласці не хапала, трасцу табе ў бок!..» Чула Тацяна такое ад яе, не адзін раз чула...

— Слухайце, дзеўкі, прыходзьце вечарам у суботу да мяне,— шырокі, скуласты, троху рабаваты Маньчын твар яшчэ болей шырэе ва ўсмешцы.

— А што ў цябе ў суботу — кошка акоціцца?

— Угадала! Зноў брухатая, хай яна выпруціцца! — Манька ўжо зусім рагоча.— Толькі я, Танька, не жартую. Дзень нараджэння ў мяне. Роўна паўсотні лясне. Вось і пагуляем. У сяле такой завядзёнкі раней не было, але ж цяперака і мы можам, га? Пагуляем, дзеўкі!

Тацяна ажно галавой крутнула:

— Кажаш абы-што! Я во і не помню таго дня свайго.

— Ну і дарма! У горадзе штогод адзначаюць, а мы што — горшыя ці бяднейшыя?

— Ат! Каб пра што разумнае, дык і пагаманіць можна. А пра такое... Папалуднаваць, свінчаці даць — і глядзі, што Міця будзе ехаць.

— Каця, скажы ты ёй, што я дурное кажў?! — Манька тузанула за каптан Шулячыху.— На добры лад Куніцкі з парторгам тэлеграму мне павінны былі б адбіць і падарунак даць. А яна — «кажаш абы-што!». Паўста, дзеўкі, гадоў адгуляла на гэтым свеце ваша таварышка.

— Ага, адгуляла! Так адгуляла, што і валасы ссівелі ад гуляў тых, і рукі пакарчэлі, і ногі ад вузлякоў-жылаў папруцянелі.

— Дармо, Танька! І хай! А цяперака от і гульнём! Самы час! — Манька казала тое вясёла, але ўжо ранейшай весялосці ў голасе яе не было.— У суботу падоіце кароў і — да мяне!

— А няхай на цябе, мая ты Манечка! Рабі свае госці, калі ўжо табе так прыспічыла. Але ж пара не жджэ...

Павярнулася Тацяна, каб даёнку з лаўкі ўзяць, і — угледзела Рыту з Алачкай. Спярша дык і не пазнала. Ідзе нейкая кабета з дзіцём, а хто — не ўгадвае. І Каця з Манькай таксама абазналіся. Шулячыха дык сказала нават:

— Ці не Смалякова нявестачка? Іж ты на яе, штаны ўздзямбурыла!

А яна, Тацяна, глядзіць і вачам не верыць: якая ж нявестка Смалякова, калі гэта Рыта з Алачкай! І як нешта раптам у грудзях заныла, бы ўсярэдзіне нешта адарвалася. І думкі ні пра што благое не было, здаецца, а сэрца раптам нечага замлела, як спынілася.

Паставіла яна назад, на лаўку, даёнку, ступіла колькі крокаў насустрач нявестцы і ўнучцы — яны зусім блізенька былі,— прысела на дыбачкі пасярод вуліцы, рукі да малой выставіла:

— А хто ж гэта так харашэнька тэпае ножкамі? А чые ж гэта вачаняткі з-пад шапачкі бліскаюць? А чые ж гэта зубкі, чый раток так смяецца? А-а-а, гэта ж Алачка да сваёй бабкі прыехала! І разам са сваёй матачкай... Ну, хадзі, хадзі, хадзі ж да мяне, мая ты ласаўка, мая ты кветачка ненаглядная! — Падхапіла Алачку на рукі, зноў загаманіла-засакатала: — Ну, дай жа бабцы буську... Ай, якая смачная буська! Дай жа і я цябе пацалую, мая ты ўнучачка! Во, во і во! І ў носік яшчэ, во, і ў лобічак...

Рыта стаяла побач — у блакітных, вузенькіх уверсе і шырокіх унізе, штоніках і ў каптанчыку ў чорна-белыя пасачкі, стаяла і, здавалася, збянтэжана, неяк скрыўджана ўсміхалася. Калі яна, Тацяна, урэшце апусціла малую з рук, Рыта адной рукой (у другой быў невялічкі пярэсты чамаданчык з маланкай-замком) абняла яе, дакранулася вуснамі да шчакі:

— Дабрыдзень, мама!

— Здрастуй, Рытачка! — яна таксама пацалавала нявестку.— А я саўсім не чакала. І ў хаце не прыбрала, і не прыгатавала нічога. Як жа гэта вы даўмеліся сярод тыдня?