Выбрать главу

— Надумаліся. Селі на аўтобус і прыехалі.

— Дык і дзякаваць богу! А ў аўтобусе хаця ж не цесна было?

— Не. Чалавек дзесяць усяго і ехала.

— Ну, то і добранька,— Тацяна паправіла на галаве хусцінку, падабрала за вушы валасы, што выбіліся з-пад грабянца.— Пойдзем жа, а то пасярод вуліцы прыпыніліся...

Каця і Манька ўсё стаялі ля яе, Тацяніных, варотцаў. Калі яны з Рытай павярнуліся да іх, Манька сказала:

— От бачыш, і нявестку з унучкай сустрэла. А то ж — пастаяць не хацела.

— А не кажы! — Яна махнула рукой, узяла з лаўкі даёнку.— Пайшлі, дзеткі, у хату. Табе, унучачка, малачко во свежанькае, толькі што ад кароўкі...

— Чакай, Танька, дай жа хоць з малою паздароўкацца.— Манька прысела перад Алачкай.— Ну, што бабцы прывезла, кірпатая? Ці вы прывыклі толькі ад бабкі?.. На каго гэта ты падобна, га? І ў бацькі ж не такая бульбіна, і ў маткі во...

— Не слухай ты гэтай дурной цёткі, Алачка! — Шулячыха адпіхнула Маньку, ажно тая ледзь пе гопнулася азадкам у пясок, таксама ўкленчыла перад малой.— На самую сябе, скажы, я падобна. А бацька дзе, чаму разам не прыехаў? Ага, на рабоце ён? Ай, малайчына! Прыйдзеш заўтра да мяне, вунь мая хата, бачыш? — цукерку дам. Добра?

Манька хмыкнула:

— Патрэбна ёй цукерчына твая! Але ж во, скажы, і цыганё! Ні трошку не баіцца...

Рыта маўчала. Адно што паздароўкалася з жанчынамі, як падышла, а то маўчала, не азывалася ні на даччыну «бульбіну», ні на тое, чаму разам бацька не прыехаў, ні на гэта самае «цыганё». Стаяла і перакідвала з рукі ў руку пярэсты чамаданчык.

Маўчала і Тацяна. Глядзела на Алачку, на Рыту, слухала бабскую гамонку з малой, а ў грудзях тая трывога не міналася, што зварухнулася з першых хвілін сустрэчы. Твар нявесткі быў спакойны, нават быццам абыякавы, ды бянтэжылі яе вочы — нейкія не то заплаканыя, не то напалоханыя. Раней не бачыла яна такіх вачэй у нявесткі. Рыта ж у яе — весялуха-шчабятуха! Як Алёшка прывёз яе першы раз, дык жанчыны казалі ёй, Тацяне:

— Вясёлую дзеўку адхапіў сабе твой Алёшка. З такой не засумуе!

Яна і сама тое бачыла, і падабалася ёй нявестка за гэта, бо не любіла яна людзей-тумарнікаў, заўсёды насупленых і кіслых, бы яны пахавалі каго. А Рыта — як ластаўка тая. Што ні скажа, дзе ні ступіць — усё з усмешачкай, з радасцю быццам.

Палюбіла Тацяна Рыту. З першага разу ўпадабала, як угледзела. Зайшла Рыта ў хату — Алёшка яе першай цераз парог падштурхнуў, яшчэ і слова сказаць не паспела, а яна, Тацяна, кінула вокам і зарадавалася — быццам такой і жадала бачыць нявестку. Вось такой лёгенькай, пругкай, шустрай і вясёлай. І кабеты ўпадабалі Рыту. Казалі ёй, Тацяне, што бачылі, як Алёшка з ёй вуліцаю ішоў: адразу відаць, што любіць хлопца дзяўчына, бо не абы-як за ім пляцецца, а з гонарам ідзе, поплеч выступае. Тацяне тое было не ў адкрыццё, сама бачыла, сэрцам адчула, што любіць сына нявестачка, але слухаць было радасна.

Смех смехам, а вось жа ўбачыла ранічкою, падняўшыся Падласку падаіць і ў поле прагнаць, як спалі яе госцейкі дарагія: Рыта ляжала, уткнуўшыся носам у Алёшкавы грудзі,— убачыла, і прыемна было ёй тое. І Тэклю Жыляніну, сваю сяброўку партызанскую, успомніла. Гэта ж неяк напаткала яе ў краме, да павароткі на Замошша разам ішлі, дык Тэкля хвалілася-жалілася:

— Мой жа сабе дзеўку са свету прывёз. Яно, можа, і добра ўсё ў іх, а вось жа чуе сэрца, што не любіць яна майго Лёніка. Ну, скажы, Тацянка, дзе гэта відана? Кладуцца спаць, дык яна круць, ад Лёніка адвернецца да сцяны і спіць сабе. Я думала спярша, што мяне стыдаецца, пакуль святло ў хаце, ажно ж — не!.. А што гэта за жонка, калі змалада ад мужыка адварочваецца?..

Успомніла тую гаворку Тэкліну і ўсміхнулася сама сабе: яе нявестачка вунь як да Алёшкі горнецца! А ёй, матцы, што болей трэба? Абы любіліся, шанавалі адно аднаго.

Аднойчы толькі бачыла Тацяна нявестку заплаканай. На вяселлі. Наплакалася Рыта тады — уга! Алёшка спярша, за сталом яшчэ, суцяшаў, а пасля і ў яе, у Тацяны, на грудзях паплакала колькі. Цяперашнія ж маладыя не любяць плакаць на вяселлях. Калі і ўсхліпне каторая, дык толькі пад песню даўнейшую, жаласную. Але Рыта разжалобілася не пад песні, хоць жанчыны і наплялі іх у сенцах тры мяхі пад завязкі. Маладую сват праслязіў. Тады, як дарыць пачалі, каравай дзяліць. Яна, Тацяна, ужо і сварылася пасля на свата.

— Дурны ты, Пятрусь,— казала,— хіба ж так можна? Ці ты сваё вяселле ўспомніў?

— Хацеў жа, Тацяна, як лепей. Каб разжалобіць гасцей, каб шчадрэйшыя сталі...

Гэта ж трэба! Падняўся за сталом, папрасіў цішыні і пачаў гнусявіць, быццам пад нябожчыкамі: