Але мо ўжо гэта і здаецца ёй? Абы-што вярзецца! Цяпер і тое трызніцца, і другое. А тады дык і думкі мо ні пра што такое не было. Пачні во так, дык ліха яго ведае, да чаго дадумацца можна. Галава кругам пойдзе. А ці яе варта прыплятаць тое, чаго не было? Ці ж яна Алёшкі свайго не ведае? Ці не ён сам не гадаваўся без бацькі, каб на такое рашыцца? Не, хто-хто, а яе Алёшка — нізавошта! Вачэй у сабакі пазычаць не пойдзе, не!
І нібы супакоілася Тацяна троху. Быццам трывога, прадчуванне благога недзе глыбей схавалася. Ды на сэрцы ўсё роўна цяжка. І ў скронях цісне. Яна, пэўна, з твару зблажэла ўся. Бабы, праўда, нічога не заўважылі праз рогат свой, а Манька — угледзела. Яна пазней села, ужо ля самага задняга борта прыткнулася, далёка ад яе, Тацяны, але як толькі злезлі, так і да яе:
— Што з табой, Танька?
— А што? — як мага абыякава перапытала яна. Яшчэ ў кузаве седзячы, наважылася пакуль што нічога не казаць нават Маньцы: а можа, усё тое выдумка, сварка дзіцячая?
— Ты, дзеўка, не залівай! Ці ж не бачу? Скуксілася ўся! — Манька шэптам тое, каб бабы не ўчулі.
— Нічога, Манечка, мо на сонцы перагрэлася. Галава нешта разбалелася.
— Дык а чаго паперлася?
— А бо! Пабаліць і перастане. Ці ж упершыню?
— Глядзі, дзеўка! Мо і галава, ды не ад сонца. Як учадзелая ты нейкая.
— Ат! Шчаўя насёрбалася, а во на машыне пратрэслася... Пайшлі, бо ўжо вуньдзека бабы!
— Трасцу табе ў бок, а няпраўду кажаш! — Манька паперадзе пашыбавала, граблямі размахваючы.
Толькі пачалі, варочаць сена, як пад'ехаў на матацыкле Пётра-брыгадзір. Паставіў свайго траскуна на крывульку-нагу, задраўшы яму лыч, махнуў кабетам:
— Ідзіце сюды!
Першая Манька падышла і, як заўсёды, пачала:
— Па лузе во гойсаеш, па ржышчы, а бруха ніяк не растрасеш!
— То ж не кісель, як у Каці вунь.
— А ты хацеў, каб у цябе бабскі каўбух вісеў?
— Які вісіць, такі і добра! Мне ён не замінае, і хопіць увагі майму жывату... Вось што, бабы і дзеўкі. Варочаць не трэба. Нешта барометр падае, каб дажджу не нагнала... Дык гэта давайце ў копы. Раскідаць пасля і падсушыць няцяжка будзе. А ты, Тацяна, ты, Манька, і вы абедзве,— ён тыцнуў пальцам на дзвюх Адарчыных дзевак-пярэстарак — Франусю і Марусю,— гайда пад Карчаваты. Стог там будзем кідаць, дык вы будзеце за грабілкай падграбаць. Ясна?
Пётра завёў і асядлаў свайго траскуна і панёсся напрамкі, па сене, якое яны варочалі да абеду, пад Карчавалтку. Пайшлі туды і Манька з дзеўкамі Адарчынымі, і яна, Тацяна.
На гэтым канцы лугу, ля Карчаваткі, было тлумна. Перагукваліся мужчыны, мосцячы стажар'е, вурчаў стагакід, трашчаў, бы Петраў матацыкл, трактарчык-бегу нок, сноўдаючыся сюд-туд з грабілкай... Ды яна, Тацяна, тое чула і не чула. Галава была занята сваім. Падграбала яна каслаўкі сена, што аставаліся пасля ўвішнага бегунка, і ўсё аб тым жа думала, што і ў машыне. Неяк надта яе знячэўку звалілася на яе гэта ўсё. Не думала і не гадала ніколі, што праз такое галава будзе балець у яе. Гэта ж каб яшчэ спачатку, неўзабаве пасля вяселля... А то ж — Алачцы трэці гадок пайшоў, Рыта сваім чалавекам стала, усё адно як і роднае дзіця. Ды пэўна ж — чаму не роднае? Яна, Тацяна, дык прывыкла да Рыты за гэтыя гады мо больш, чым да Алёшкі таго. Пра ўсё — што купілі, прыдбалі там, як на кватэры той, ці гаспадыня не крыўдзіць часам — пра ўсё ж гэта найперш з Рытай перагавораць. Па-бабску, па-простаму. Алёшка ўжо як быццам і збоку. Яму то часу няма, то палянуецца, то яшчэ якая трасца, а нявестачка калі не кожнай суботай, то праз адну — да яе, да Тацяны. А як тоўстая хадзіла, дык і зусім жыла ў Тацяны. Тут жа і Алачку нарадзіла. Алёшка ў горадзе быў, яму тэлеграму давалі. Яна, Тацяна, ажно плакала, як Рыта з малой ад'язджала. Прывыкла, што ў хаце чалавек ёсць, не адна. Ёй жа і палёгка тады была, мала што Рыта з малой няньчылася. Гэта ж не дзеўка, а агонь! І малую дагледзіць, як ляльку тую прыбірала, пялёначкі ды распашоначкі штовечар перапалошча і па хаце колькі работы пераробіць. Пакуль яна, Тацяна, з работы, дык Рыта і парсюку занясе, і бульбы наабірае, і ў грубцы запаліць, і вады трое судоў наносіць, каб і карове хапіла, і на раніцу было... Не, такую ўжо нявестачку бог даў ёй, што пашукаць. Усе бабы зайздросцілі... І вось, на табе, цяпер хай пазайздросцяць! Гэта ж учуюць, дык хоць вачэй не паказвай...