— А твой Пецька малайчына! Важнага фрыца ўпаляваў!
Пачырванела яна, а самой — радасна зрабілася. Нібы і яна на таго фрыца палявала.
А пасля той красавік надышоў. Сорак чацвёртага года. Ужо ўсе партызаны казалі, што апошнюю вясну ў лесе сустракаюць, што ўлетку Чырвоная Армія пачне наступленне і фрыцам прыйдзе капут. Настрой ва ўсіх быў радасны. Прыйдуць раніцою хлопцы з задання, дык смеху, жартаў — на цэлы дзень. А ў яе яшчэ болей радасці праз тое, што Пецька побач, што вярнуўся з хлопцамі цэлы: з некаторай пары пачала непакоіцца, як ішоў ён куды ў ноч. Пойдзе, а ёй усё нейкія благія думкі ў галаву лезуць...
Пабыць з ім адзін на адзін не надта і выпадала — дысцыпліна ў атрадзе вайсковая была. Толькі, мусіць, аднаго разу і заседзеліся яны позна. Сядзелі, слухалі, як дыхалі ў будане коні, як нейкая птушка падавала голас то ў адным месцы, то ў другім, і не пачулі, як падышоў да іх... сам Мацылевіч. Але не раскрычаўся. Пастаяў, паўзіраўся ў іх, намагаючыся, пэўна, пазнаць, урэшце загадаў:
— Падыдзіце!
Падняліся яны з Пецькам, падышлі.
— Любіце адно аднаго ці так?
Яна маўчала, ад страху і сораму калацілася ўся, а Пецька і выпаліў:
— Любім, таварыш камандзір!
— А калі любіце, дык чаму нам на вяселлі не пагуляць, га? Зробім вам партызанскае вяселле. Па Першага мая. Згода?
Мацылевіч і напраўду пажаніў іх. Сам сватам быў. А перад тым быў мітынг першамайскі, і ў канцы Мацылевіч сказаў:
— Сёння ў нас яшчэ адна ўрачыстасць. Уступаюць у шлюб маладыя партызаны Пятро Раманкевіч і Тацяна Колік. Яны ствараюць новую савецкую сям'ю. Павіншуем іх, таварышы, і зробім усё для таго, каб гэты дзень запомніўся ім на ўсё жыццё, якое, мы не сумняваемся, будзе ў іх доўгае, светлае і радаснае, як гэты сонечны, вясновы дзень...
А дзень і праўда быў харошы — ціхі, зусім па-летняму цёплы. На ёй была белая шаўковая сукенка — Мацылевіч недзе расстараўся парашутнага шоўку. Яна і не здагадвалася, дзеля чаго жанчыны мерку з яе знімалі, ажно во — кроілі і шылі тую сукенку. Раніцою толькі і паказалі. Прынеслі, апранулі — лепш і не трэба! А к вяселлю і вэлюм прынеслі, і лодачкі — праўда, трошку велікаватыя. Дзе і знайшлі толькі! І Пецьку добра ўбралі. Нават і гальштук пачапілі...
А застолле якое зрабілі! Па тым часе і матка з бацькам такога не прыдумалі б. Яна расплакалася, як Мацылевіч — з ручніком цераз плячо — пачаў віншаваць іх... Адно што ні яе, ні Пецькавых бацькоў не было, а так вяселле зрабілі ім самае сапраўднае. Нават каравай дзялілі — спяклі салодкі пшанічны бохан. Пецьку некалькі капшукоў падарылі, запальнічку з патрона, а ёй ажно ці не тузін ручнікоў і посцілак. Быў у атрадзе дзядзька Хведар, не тутэйшы, недзе з няблізкага свету, дык зрабіў ён ім і пярсцёнкі. Дарма, што з пятакоў, але так ужо зіхацелі. І музыка добрая была: і гармонік, і бубен. Скакалі ўсе да ўпаду ля зямлянак...
А ёй, ніколі не забудзецца, надта ж сэрца балела ў той дзень. З саменькай раніцы разбалелася. Прыйшлі жанчыны, сукенку прынеслі, пачалі прымерваць, а ў яе ў душы як заныла нешта, дык і не пераставала. І сама не ведала, з чаго б тое. Адно што — за Пецьку непакоілася. Яго і не пасылалі, сам папрасіўся пайсці ўначы на чыгунку — зрабіць немцам першамайскі гасцінец. І вось ужо мітынг скончыўся, полудзень, а яго з хлопцамі ўсё няма. Збалелася яна тады: Пецька ажно надвячоркам вярнуўся. Казаў, што ўсё добра было, цягнік падарвалі ўдала, а па дарозе на засаду напароліся, давялося ладнага кругаля даваць...
Ад вяселля засталася і цяпер у яе памятка — кніжачка з шэрага кардону. Яе ўручыў за сталом ёй і Пецьку камісар Дзяруга. Прыгожы быў мужчына, шыракаплечы, рослы. Бараду пышную насіў. Казалі, што ў блакаду трапіў пад бомбу, дык на кавалачкі яго разарвала. Дзяруга і ўручыў ім тую кніжачку. Сказаў, што гэта часовае шлюбнае пасведчанне, якое яны павінны абмяняць пасля вайны на сапраўднае.
Так і не абмяняла яна яго...
А праз два тыдні пасля вяселля пачалася блакада, і рассталася яна з Пецькам, можна сказаць, назаўсёды, бо тыя тры дні пасляблакадныя засталіся ў памяці, як сон: быццам былі яны і не былі. Пецька як прадчуваў, што не вернецца адтуль, з-пад райцэнтра, усё казаў:
— Калі будзе ў нас хлопчык, дык назаві Аляксеем — у гонар свата. А калі дачушка, хай Таняй будзе. Абяцаеш?
Яна ці не засмяялася тады па-дурному, бо і сама не ведала, ці будзе што ў іх. Засмяялася, а ў самой ажно захаладзела ўсё ўнутры ад ягоных слоў. Папракнула Пецьку: