Выбрать главу

І тым разам прахапілася яна яшчэ да пеўняў — трэба ж і карову падаіць, бо матка ўжо нядужая была, і жанчын абабегаць, каб ранішні ўдой забраць, і перакусіць што на дарогу. Хуценька парабіла ўсё, апранулася, бітон на саначкі паставіла, вяроўкай прывязаўшы яго, упрэглася — і да гравейкі. А там і пашанцавала: доўга не стаяла, узяў яе на лесавоз шафёр. У самую пару і на базар трапіла, і зноў пашанцавала — зусім няшмат жанчын з малаком. Прыстроілася і яна з саначкамі, пачала прадаваць. Ведае, малако свежае, добрае, дык спакойна сабе прадае і нахвальвае. А й хваліць не надта трэба было, і без таго пакупнікоў ледзь не чарга выстраілася. І ўсё б, пэўна, добра было, каб...

Падыходзіць да яе кабета адна, падстаўляе бітончык і кажа:

— Налі, дзеўка, мне тры літры.

Чаму ж не наліць! Наліла. Кабета грошы заплаціла, адышлася на колькі крокаў, а потым раптам вяртаецца і кажа:

— А што гэта ў цябе ў малацэ плавае?

Яна і не падумала ні пра што такое, спакойна адказвае:

— Лёд, пэўне. Ля гарлавіны падмерзла троху.

А кабета голас павышае:

— Які лёд? Сена нейкае! А мо і гной!

Тут і іншыя пакупнікі ўзбурыліся, акружылі яе, пачалі крычаць па-ўсякаму: што яна вады ў бітон чабохнула, што сумлення ў яе няма — за кроўныя капейкі людзям ледзь не атруту падсоўваць, што судзіць такіх трэба...

Скончылася тым, што падышоў да яе міліцыянер і пацягнуў тое малако на праверку, а там прызналі, што яно разведзенае, і, пэўна, сырой вадой, бо тое, што ў ім плавала, не іначай як бросня калодзежная, мох са зруба, і давялося ёй вывернуць бітон на памыйцы... Плакала яна, бажылася, што не вінавата, ды чым дакажаш? Трэслася ў кузаве ад сіверу пранізлівага і ад крыўды на Адарку. Бо хто ж, акрамя яе, мог такое зрабіць? Колькі разоў ездзіла, ніхто ніколі слова кепскага не сказаў, наадварот, хвалілі, што добрае малако, густое і тлустае, а тут — на табе! Дык жа раней не было ў іхняй кампаніі Адаркі. А гэта ж напрасілася. Яна, Тацяна, дык і падумала была, што нешта ці не зашмат малака Адарка прынесла — паўнюткае вядро ўвечары і раніцою яшчэ гладыш ладны, на літраў шэсць. Але ж бажылася:

— Даліпан, Танька, ні кроплі сабе не пакінула, нават кату паласавацца не дала, усё чысцютка табе...

Не паехала яна пасля таго ў горад. Як Манька ні ўгаворвала, як ні казала, што і дурная яна, калі думае, што да яе зноў тая самая мінская баба падыдзе,— а не паехала. Везлі іншыя жанчыны малако, дык прасіла каторую і яе колькі літраў прадаць — на пару кулідак хлеба. А з Адаркай і гаварыць перастала. Як угледзіць яе, дык ажно ўсярэдзіне ўсё пераварочваецца: адразу Камароўка тая ўспаміналася і як яе вёў міліцыянер на праверку...

Пакуль думала пра тое, дык і ў сяло прыехалі.

Рыта з Алачкай у хаце былі. Малая ў шуфлядцы з цацкамі корпалася, а нявестка ў чамаданчыку сваім нешта парадкавала.

— Дык вы і не позна, мама,— сказала, калі Тацяна ў хату зайшла.

— Але ж. Парою ўправіліся. Ну а вы? Ці паспалі ж хаця?

— Падрамалі крыху. Алачка, здаецца, і добра выспалася. Так дык укласці днём не магла, а тут адразу заснула.

— Ведама! На свежым паветры дык і соладка спіцца. А й здарожылася. Колькі тае дарогі, а як малой, дык і досыць. Ці мо на ручкі прасілася?

— Не, усю дарогу сама тэпала, як вялікая.

Яна, Тацяна, ухапіла малую на рукі, прыгарнула яе:

— А я, скажы, ужо і вялікая. Во якая! — падняла ўнучку ажно пад столь.— Што вячэраць будзем, га, Алачка? Кажы, што хочаш, каб бабка прыгатавала?

Забаўлялася з унучкай, а самой усё карцела да Рыты загаварыць, распытаць пра ўсё, ды не рашалася. Мо паспеецца, думала, мо і сама раскажа, без прынукі, яна ж у яе гаваркая была. Лепш пакуль пра што іншае, хай абвыткнецца, супакоіцца. Нябось, і ў самой кошкі на душы скрабуцца. Хай яны адна адной не крыўдзілі, але ж — не да роднай маткі прыехала, ведала, як гэта будзе лёгенька і ёй, нявестачцы, і свякрусе.

Хай, паспеецца...

Апусціла долу малую, да цацак падштурхнула, сама да Рыты павярнулася:

— Ай праўда, Рытаўна, што на вячэру прыдумаем?

— Што там выдумляць, мама. Вунь у абед нічога не з'елі, дык і вячэра будзе.

Азвалася нявестка ахвотна і, падалося, нават лагодна, як і раней, і ад гэтага палягчэла па душы і ёй, і сама яна загаварыла праз тое весялей: