Выбрать главу

Маўчала Гілена. А як з'ехаў нейк раптоўна той заатэхнік, дык толькі тады пахвалілася жанчынам: «Бабачкі, угаворваў, каб жыла з ім, каб за жонку была... Як сказаў тое, а сына якраз дома не было, бегаў недзе, дык я аж забаялася... Мусіць жа, i шчыра казаў, бо голас аж дрыжаў... А я i рабіць што — не ведаю. I сябе шкада стала, i яго... Пасля ноччу не спала, усё ўздыхала. Ну добра, прыму яго, а Пецька мой як? Ды i сорамна перад ім маладзіцца, сам во, глядзі, хутка нявестку ў хату прывядзе... Думала-думала, ды i адмовіла чалавеку...»

I вось, на табе, Іван заявіўся... Гілена дык i не бачыла яго, знарок не ходзіць у той канец вуліцы, за рэчку, дзе хата Васілёва. Бабы, праўда, казалі, што мала чым i змяніўся, такі ж, як i быў, толькі пасівеў ды пуза нагадаваў. Ёй, Гілене, то i ўсё роўна, які ён там, а сын вось, бачыш, захацеў паглядзець, пазнаёміцца. I што яму скажаш? Свая галава на плячах. Хаця — які ён яму бацька? Але ж — хіба загадваць будзе? Не маленькі, дзякаваць богу...

* * *

Пятро ляжаў на канапцы i пад пошум дажджу чытаў кнігу. Неўзабаве пацішэла. У акно, што выходзіла ў агарод, заглянула нізкаватае — ужо вечарэла — сонца. Пятро падняўся, расчыніў акно. Дажджу не было. Толькі гулка падалі на лісце лопуху рэдкія кроплі. Недзе шастала маці — пэўна, прарывала буракі.

З вуліцы пачуліся галасы — ішлі, гамонячы між сабой, жанчыны. I згледзелі, мусіць, у гародзе маці, бо...

— Гілена, чуеш, не? Паехаў жа твой... Васіль вунь павёў на аўтобус... Што ж ты з Пецькам не пайшла правесці?..

Пятро пазнаў — гаварыла цётка Ганна. На яе, відаць, зашыкалі бабы, бо Ганна абарвала сябе на паўслове.

— Да нас, Ганна, ніхто не прыязджаў,— голас маці быў роўны, спакойны.

Стала ціха. Зноў было чутна, як падалі ca страхі на лісце лопуху дажджавыя кроплі.

ЯЗЭПКА

Доўгі час у нашай вёсцы быў пастухом дзівакаваты Язэпка. Вяскоўцы наймалі яго, звычайна, кожную вясну, абяцаючы тры пуды бульбы, колькі кілаграмаў жыта i тры рублі грашыма ад каровы. За цялят i коз Язэпка браў палавіну гэтай платы. Яму давалі ў дапамогу двух падпаскаў, кармілі па чарзе, i за гэта ён хадзіў за статкам усё лета — з ранняй вясны, калі можна было выганяць у поле, да першага снегу.

Язэпка быў шчуплы, невысокі, нібы падлетак, мужчына, з вузкімі, як у дзіцяці, плячыма i востранькім мышыным тварыкам, на якім амаль нічога не расло. Толькі на барадзе вілося некалькі рэдкіх бялявых валасін. Язэпка ix ніколі не збрываў, а зрэдку — ад лазні да лазні — падразаў нажніцамі.

Ён быў ціхі, спакойны, рахманы чалавек, не курыў, не піў, не лаяўся. I справу сваю рабіў спраўна. Труба яго заўсёды будзіла вёску на самым золку, задоўга да таго, калі сонца пачынала распальваць свой ярка-барвовы пажар, не асмельваючыся выпаўзці з-пад Чырвонага бору. Тады ж, калі пажар гэты ахопліваў паўнеба, калі пачынаў трапятацца полымем сцяжок па трубе цагельнага завода, Язэпка са статкам бываў ужо далека — у куп'істым кутку Доўгага балота ці аж на самой Роўніцы, за Смаляковымі раўкамі.

I хоць ніколі Язэпка нічога дрэннага не зрабіў i не сказаў, хоць ніколі нікога не пакрыўдзіў, у вёсцы яго не тое што недалюблівалі ці зневажалі, а от проста — пацяшаліся i жартавалі. Часам, праўда, вінаваты ў гэтым быў сам Язэпка. Просіцца ён, напрыклад, адпусціць яго «на дзянёк». Усе ведалі, што ў гэты дзень Язэпка мяркуе пайсці ў лазню. Ведалі, але абавязкова пыталі:

— А што здарылася, Язэп?

— У лазеньку трэба схадзіць,— ціха, нібы саромеючыся, гаварыў ён,— па гаспадарцы штокольвечы зрабіць...

— Якая там у цябе гаспадарка...— казаў у такіх выпадках хто-небудзь з мужчын,— Усю прадаць i за дзень на цукерках праесці можна. Жаніўся б ты, Язэп, га?

Яго адпускалі, заўсёды вось так жартуючы — без кпінаў, без злосці, а проста па звычцы. I ў жартах гэтых было, бадай, больш лагоднасці i спагады, чым крыўды i знявагі.

Язэпка камячыў шапку, колькі хвілін стаяў, потым зноў, нібы просячы, гаварыў:

— Ну, дзякую, людцы. А вы там па радоўцы пастушка лішняга дайце: хай утрох папасуць...

I Язэпка ішоў дахаты.

Жыў ён ля рэчкі, у самым канцы вёскі, за мастком, у старэнькай бацькавай хаціне, з бабкай Даркай.

У той свабодны дзень, калі Язэпка, як жартавалі на вёсцы, «браў водпуск», ён амаль увесь час сядзеў на прызбе i аб нечым думаў. A ўвечары ішоў у лазню. Там ён залазіў на палок як вышэй i падоўгу цёр i хвастаў сябе венікам. Нам, дзецям, памятаю, асабліва дзіўна было тое, што Язэпка ў лазні ніколі не знімаў шапкі. I таму мы, не зважаючы на штурхалі, стараліся трапіць у духоўку,— паглядзець, як Язэпка, падстаўляючы над венік то адзін бок, то другі, крэкча, вохкае i просіць: