Выбрать главу

— Мужчынкі, хто там унізе, сыпніце яшчэ жменьку...

Пасля лазні Язэпка зноў садзіўся на прызбу, накінуўшы на плечы кароценькі палатаны кажушок, i да позняга вечара перадражніваў драчоў, што рвалі рыззё ў бярэзніку ўскрай Доўгага балота.

Відаць, гэтыя забаўкі яго i былі прычынай, што на сяле часта можна было пачуць:

— От, дурань, бы Язэпка-пастух!

Але, зноў-такі, гаварылася гэта без злосці...

Я, па-шчырасці, нават i тады, дзіцем, не разумеў, чаму пра Язэпку казалі так,— хоць часам i сам з хлапчукамі мог назаляцца Язэпку. Я любіў быць у яго Падласкам. I не толькі таму, што ён ніколі на мяне не крычаў, не замахваўся пугай. Было ў нас з ім яшчэ адно, тое, што запомнілася, засталося на ўсё жыццё. Я не ведаю цяпер i не ведаў тады, як ставіўся Язэпка да іншых хлапчукоў-падпаскаў: ці быў ён з імі такім, як са мной. Тады, прынамсі, думалася, што толькі мяне вылучаў ён сярод аднагодкаў.

Цяпер, на сённяшні свой розум, дык, можа, i нічога такога не было, можа, проста была ў яго звычка хоць з кім-небудзь пагаварыць за доўгі летні дзень, а я якраз аказваўся ўважлівым слухачом. Апавяданні яго былі неверагодныя, паверыць у ix было цяжка. Можа, таму i сумняваліся Падласкі, крыўдзілі Язэпку сваёй няўвагай. Язэпка ж бажыўся, што ўсё — чыстая праўда. Я не тое што верыў яму, a толькі не спрачаўся, слухаў.

Яшчэ я любіў хадзіць з ім па лесе, куды часта ганялі статак, пакуль у калгасе не ўпраўляліся з сенакосам. У лесе Язэпка ведаў шмат цікавых мясцін, дрэў. I заўсёды, паказваючы мне што-небудзь, гаварыў ціха, таямніча, нібы баяўся, што яго падслухоўваюць.

Памятаю, паказаў ён мне аднойчы алешыну-рагач. У рагач гэты нейк убілася асіна. Дрэвы раслі, алешына сваімі сукамі-абцугамі душыла асіну, а тая не паддавалася, таксама цягнулася да сонца. Вецер гойсаў у вяршалінах, i дрэвы жаласліва скрыпелі, абдзіраючы кару, нібы плакалі, нібы скардзіліся.

— Бачыш, дзіцятка, i яны нечага не падзялілі. I трэба ж было так сашчапіцца! Каб малыя былі, то можна было б i рады даць, а цяпер... Шкада асінку, задушыць яе алешына...

I Язэпка сумна глядзеў на дрэвы, на ix сплеценыя ствалы. Пасля, нібы схамянуўшыся, неўспадзеўкі казаў:

— Ідзі, дзіцятка, ззаду паціхеньку, глядзі, каб цяляткі ў гушчары не пазаставаліся. Дурненькія яшчэ, трубы не разумеюць...

Я ішоў, ледзь не за хвасты цягнуў дурных лабатых цялят i думаў пра Язэпку, думаў пра тое, што гэта ж ён паказаў мне, дзе ў нашым лесе лепшыя грыбныя куткі, дзе раней за ўсё выспяваюць суніцы i арэхі, дзе лепш за ўсё аблюбаваць сасонку, каб надраць з-пад яе на кошык пахучых, гнуткіх карэнняў. Ён, Язэпка, паказаў мне i некалькі вавёрчыных гнёздаў-дуплаў, лісіныя норы i нават адно воўчае логава. Паказваў усё гэта Язэпка ахвотна, але пасля, просячы, папярэджваў:

— Ты ж толькі, дзіцятка, не пайдзі потым па арэшкі вавёрчыны... Навошта ж крыўдзіць звярка? Каб ты ведаў, як яна старанна працуе, арэшкі носіць, грыбкі сушыць. Усё лета, усю восень шчыруе. Як чалавек.

Часам, убачыўшы ўздзёрты мох, ён неяк смешна, па-дзіцячы круціў галавой i журботна, ціхенька казаў:

— Ай-яй-яй! I чаму ж толькі бацькі не лупцуюць такога падшыванца! Вырас грыбок — дык зрэж яго. А смаркача, што i з моху яшчэ не выбіўся, навошта псаваць? Бачыш, павыдзіраў! Вось i не вырасце тут больш баравічок!

Аднаго разу кіўнуў мне Язэпка на стары, спарахнелы пень:

— Тут, дзіцятка, вуж жыў. Вялікі, тоўсты такі. Кароў ссаў.

— Ссаў?

— Ссаў, дзіцятка, як цялё. Усё чысцютка высмакча. Вось палягуць кароўкі — раскажу.

Я ледзь дачакаўся, пакуль каровы палеглі жаваць жуйку, падсеў да Язэпкі. У полі ён чамусьці ніколі не лажыўся, a выбіраў купіну, камень ці проста сухі грудок, садзіўся i падпіраў галаву рукамі i пугаўём. Я падсеў i папрасіў:

— Дзядзька Язэп, дык раскажы пра вужа...

— А тут, дзіцятка, i расказу таго нямнога. Помніш, можа, у Ганны Каўлаёвай карова была. Букетка, рыжая такая, у белыя латы? Добрая карова была, вымя тое, што цэбар, аж ногі раскірэчвае. Шмат малака давала. А тут раптам прапала яно. Дзень — няма, другі — няма. Ганна на мяне пачала наракаць. Што за павалач, думаю, дай — папільную. Аднойчы паляглі кароўкі, як цяпер якраз, а тая Букетка бокам-бокам ды ў кусты. Ну i я за ёй цікую. Падыходзіць яна да таго пня i замыкала. I тут, дзіцятка, з-пад пня, з нары вуж выпаўз. Абкруціўся ў Букеткі вакол нагі i за вымя. Адну цыцку высмактаў, потым за другую ўзяўся. Нa вачах яго распірае. Злосць мяне ўзяла. Ах ты, думаю, поскудзь гэтакая! Зрабіў гэта я рагачык i ўшчаміў гада. Прыходзіць Ганна карову даіць, я i паказваю ёй. Вось хто, кажу, тваю карову выдойвае. А яна яшчэ i не верыць. «Ты ўжо,— кажа,— Язэп, мусіць, i зусім звар'яцеў». Aгa, ледзь не зазлаваў я. Глядзі, кажу, хто звар'яцеў... Як ударыў па вужу палкай, а з яго — малако, як са збана, палілося. Вось, дзіцятка, якое бывае! Я i сам не паверыў бы, каб сваімі вачыма не пабачыў. A людзі мне i цяпер не вераць. Смяюцца, кажуць: «Выдумляеш ты, Язэп!..» А навошта мне выдумляць?