Выбрать главу

Язэпка змоўк, нібы хацеў пачуць ад мяне адказ на гэтае ягонае — «А навошта мне выдумляць?».

Жанчыны прыйшлі даіць кароў. Стэпка Банукова прынесла Язэпку полудзень — паставіла перад ім гладышык шчаўя, міску яешні-баўтухі, бутэльку малака. Язэпка глядзеў, як Стэпка прыгатаўляла ўсё гэта, усміхаўся i неяк вінавата гаварыў:

— А Стэпачка, гэта ж касцу абед, а то i дваім! Навошта ж так? Я толькі малачка пап'ю.

Ён выпіў з паўбутэлькі малака, закусіў хлебам.

— Дзякуй, Стэпачка. А ты, дзіцятка, бяжы дадому, таксама папалуднуй. Кароўкі яшчэ з паўгадзінкі паляжаць. Не баўся толькі.

Я i так доўга не забавіўся б. Мне карцела быць разам з Язэпкам i слухаць яго дзіўныя гісторыі. Тады я забываўся, што ў вёсцы з яго пасміхаюцца. A калі ўспамінаў, мне станавілася ад таго сорамна...

* * *

Шмат пазней ад маці я даведаўся, што з Язэпкам у дзяцінстве здарылася бяда, здарылася з-за бацькі.

Бацькі яго я не памятаў. Маці ж расказвала, што ён быў высокі, плячысты мужчына, цягавіты i ўпарты, як стары, натруджаны конь. Хадзіў ён вечна прыгорблены, ад чаго рукі яго з чырвонымі вузлаватымі кулакамі здаваліся занадта доўгімі. Яго злыя, бясколерныя вочы вечна глядзелі ўніз на крывыя, збітыя пальцы парэпаных ног, якія ад першай веснавой да апошняй асенняй баразны не ведалі аніякага абутку.

З-за яго, казала маці, i здарылася з Язэпкам тая бяда.

Здарылася тое даўно, яшчэ за старым часам, да рэвалюцыі. Маці гаварыла, што ёй тады, тым летам, споўнілася шэсць гадоў, а Язэпку было на год ці на два болей — ён быў трохі старэйшы за яе, ужо мог бы, як на цяперашпі лад, восенню пайсці ў школу.

Бацька Язэпаў меў на той час дзве каровы. Маці нават памятала, як ix звалі — Панядзёха i Аўтарэня. Тым годам адна з ix гуляла перадойкай. I вось у разгар лета Язэпаў бацька павёў карову ў суседнюю вёску да быка. Прывёўшы яе назад, ён падаў павадок Язэпку:

— Вядзі, папасі сёння, бо ў чараду нельга пускаць. Вядзі ў Лучкі, пад Паповы раўкі. Я туды па дровы прыеду, дык Сівога патрымаеш, а то авадні сякуць дужа.

Язэпка наматаў павадок на руку i пайшоў з каровай у Лучкі. Там, у кустах, густа парос парыннік, які ў нашай вёсцы завуць рабіннікам, i чмялёўнік — каровіны ласункі. Язэпка адпусціў павадок, галінкаю вольхі ганяў аваднёў са спіны i пахвін каровы i слухаў, як яна сакавіта хрумстала росную ў кустах траву, захопліваючы яе шурпатым языком-шчоткай.

Неўзабаве па сцежцы, унізе, заляскаталі калёсы — ехаў бацька.

— Тата, я тут...— азваўся Язэпка.— Мне ўжо ісці?

— Прывяжы карову! — гукнуў знізу бацька.

Калі Язэпка падбег да яго, ён ужо накладваў на калёсы альшэўнік. Язэпка ўзяў каня за аброць, адламаў галінку ганяць з бруха Сівога аваднёў. Але конь усё роўна не стаяў, тузаў калёсы. Язэпка бачыў, што бацька злуецца, i як мага стараўся стрымліваць Сівога, які траха не вылузваўся з аглабель.

I раптам Сівы рвануўся так, што Язэпка ледзь не ўпаў. Аброці ён не выпусціў, але калёсы ўсё ж крыху пракаціліся. Бацька з альшэвінай у руках пахіснуўся, не паспеў адскочыць, i кола праехала па яго босых пальцах. Ён войкнуў, выпусціў альшэвіну i кінуўся да каня.

Заехаўшы аплявуху Язэпку, бацька выхапіў з-пад сядзёлкі пугу, ірвануў з рук сына аброць i пачаў лупіць пугаўём Сівога па галаве. Сівы хроп, кідаўся, падымаўся на дыбкі, біў нагамі па перадку i аглоблях, а бацька вар'яцеў усё больш i больш, i ўсё хвастаў i хвастаў пугаўём па крывавай i пеністай конскай мызе.

Язэпка заткнуў вушы і, забыўшыся на боль, ca страхам глядзеў на бацьку i Сівога. I тут ён убачыў, як з-пад пугаўя выскачыла сіне-белае конскае вока i з вочнай ямкі палілася кроў. Сівы захроп i жаласліва заіржаў.

— А-а-а! — нема закрычаў Язэпка i кінуўся бегчы. Ён бег напрасткі, па нечай бульбе i жыце. Рот яго быў раскрыты, але хлопчык ужо не крычаў, a толькі бязгучна, з усхліпамі, вякаў. Перад вачыма яго ўсё стаяла сіне-белае конскае вока i бацька, які з аскаленымі зубамі раз-пораз узмахваў пугаўём.

Язэпка захварэў. Доўга праваляўся ў пасцелі. Ён застаўся жыць, але, як казала маці, у галаве яго нешта развінцілася. Ён усіх баяўся, асабліва бацькі, забіваўся куды-небудзь адзін i ціхутка сядзеў там, пакуль маці ці хто з суседзяў не знаходзілі яго.

З гадамі страх той прайшоў. Язэпка пасталеў, паспакайнеў. Але да бацькі так i застаўся ў яго не то страх, не то нянавісць. Нават хаваць яго Язэпка не пайшоў: у той дзень некуды сышоў з дому.