Выбрать главу

— Не ведаю,— прызнаўся Драгун, яшчэ больш зацікаўлены.

— А яны ведаюць... Каб Рымар быў, ён табе расказаў бы... Генерала Дубровіча ўся ваенная Масква ведала, а ты мяне страшыш... Ты яшчэ зялёны, братка, не ведаеш, хто такі Дубровіч. Я з самым Панамарэнкам на «ты»...

— Мне здаецца,— асмялеў Драгун,— што вы з самым богам на «ты».

— А што мне бог? Абыдуся і без яго.— Дубровіч не зразумеў іроніі.— Я з Твардоўскім на «ты»... з Сяльвінскім, з Маршаком... з кім хочаш!

— Раскажы лепей, як цябе скідвалі на парашуце ў партызанскую зону,— папрасіў яго Нагорны, відаць, для таго, каб адвясці гутарку ў другі бок.

— А, вельмі проста,— ажывіўся Дубровіч.— Сабраў нас Панамарэнка аднойчы ды кажа: «Ведаеце што, браткі беларусы, таму у вас дома партызанская вайна, а мы тут сядзім і фактычна нічога пра яе не ведаем: высмоктваем з пальца ўсякія неверагодныя гісторыі. Трэба нам свайго чалавека паслаць у тыл, каб ён адтуль перадаваў нам не толькі голую інфармацыю, а каб пісаў нарысы, апавяданні, вершы, рэпартажы. Адным словам, каб тое, што там робіцца, неяк адбівалася ў нашым друку тут. Дык вось, я сабраў вас для таго, каб разам абмеркаваць, каго мы пашлём. Ці мо хто хоча па сваёй ахвоце»? Скончыў ён гаварыць, а такая цішыня, што, здаецца, ніхто не дыхае. Кожны хацеў бы зрабіцца як мага меншы, каб з-за спіны таварыша не было відаць. Глядзяць усе ў падлогу, маўчаць. Бачу, Чорны на палачку апіраецца, нешта хоча сказаць. Бяда... Дай, думаю, выручу людзей... Устаю, прашу мяне паслаць добраахвотна... Усе зашумелі, ажылі адразу, як камень з плеч зваліўся. А дагэтуль толькі і чуваць было: «Каб я меў крылы, паляцеў бы хоць сёння... Змагацца, на радзіму...» Ну, тут мяне абдымаюць, цалуюць, ціснуць руку... Потым, значыць, пачалася проза: прайшоў інструктаж, і праз колькі дзён выкінулі мяне на парашуце ў Слуцкім раёне разам з групай разведчыкаў...

— Раскажы яшчэ, як вы хадзілі з Твардоўскім да Фальскага пазычаць гарэлку,— зноў папрасіў Нагорны. Відаць, ён ведаў усе гэтыя гісторыі не менш за самога Дубровіча.

А Дубровіча доўга не трэба было прасіць. Ён толькі прыкурыў яшчэ адну папяросу, пыхнуў дымам і пайшоў:

— Мы тады ў Маскве ў гасцініцы жылі. Сорак другі год, голад, беднасць, а паэту выпіць хочацца... Прыйшоў да мяне Твардоўскі, вершы нашых беларусаў перакладаў... Ну, выпілі мы паўлітру, учора на талоны ўзяў. Але што гэта значыць — паўлітра на дваіх? «Мо тут у каго з вашых яшчэ ёсць?» — пытае Твардоўскі. Ведаў я, што ў нашага старога Фальскага павінна быць, ён сам не п’е, а носіць на рынак і выменьвае на вітаміны — моркву і буракі. Пайшоў я да яго, пастукаў. А ён гімнастыкай займаецца, расцягвае нейкую спружыну, выгінаецца, як вужака. Жывоцік нішто сабе, порткі на шлейках, бародка, як у шляхціца. Кажу, так і так, пазыч паўлітру, там Твардоўскі прыйшоў, трэба пачаставаць. Адчыніў ён тумбачку, ажно ў яго чатыры пляшкі. Даў ён дзве ды кажа: глядзі, каб заўтра аддаў. Аддам, кажу, у мяне ў рэстаране знаёмая буфетчыца, яна дасць колькі трэба. Пайшоў я... Выпілі, пасядзелі, пагаварылі. Ён пачытаў пераклады, сёе-тое паправілі. Бачу, зусім цвярозыя сядзім. Твардоўскі кажа: «Ідзі яшчэ да Фальскага». Не, кажу, не пайду, не дасць гэты скнара, мо ўжо на рынак панёс. «Тады вядзі мяне да яго». Пайшлі. А ён ужо апрануўся, партфельчык у руках трымае. Але раз прыйшлі госці, то трэба прымаць. Пасадзіў ён нас на крэслы, круціцца, не ведае, што рабіць. «А знаете,— гаворыць Твардоўскі,— я вас давно приметил, еще когда вы были на первом съезде писателей. Вот, думаю, человек европейского типа, настоящий интеллигент...» Паслухаў яго Фальскі ды кажа мне: «То бярыце ўжо і гэтыя дзве». І дастаў з партфельчыка астатнія. Узялі мы і пайшлі да мяне...

Потым Дубровіч расказваў, як яны хадзілі да Сяльвінскага, той перакладаў на рускую мову Дубровічаву казку, як узялі з сабою літроўку і два колцы кілбасы...

Пасля яшчэ пайшлі гісторыі, у якіх паўтараліся варыяцыі з паўлітроўкамі, неверагоднымі здарэннямі, з мардабоем...

— Раскажыце яшчэ, як вы аблаялі палкоўніка ў рэстаране...

— Раскажыце, як вы затрымалі самалёт...

— А як «утаймоўвалі» ўтаймавальніцу тыграў...

— А як барукаліся з Яўхімовічам і зламалі яму нагу...

І Дубровіч расказваў — весела, з гумарам, а ўсе рагаталі. Урэшце ён стаміўся, насунуў капялюш на вочы і, трохі хістаючыся, пайшоў з пакоя.

Доўга яшчэ ў рэдакцыі не маглі супакоіцца.

Дзверы адчыніліся, зайшоў Гушчынскі.