Выбрать главу

У бібліятэцы ўзяў часопіс, у якім была надрукавана новая аповесць Базылевіча. Драгун даўно сачыў за ростам гэтага таленавітага пісьменніка і не прапускаў выпадку, каб пачытаць яго новы твор. Цяпер Базылевіч меў ужо гучнае літаратурнае імя, з ім лічыліся, да яго зусім па-іншаму сталі адносіцца ў выдавецтве. І проста сімвалічна, што Драгуну аднойчы ўдалося бачыць сцэну, якую ўбачыш у сто год раз. Той самы галоўны рэдактар Быліна, які некалі шпурляў рукапіс Базылевічавай першай кнігі і нават не зрабіў ласкі падаць Базылевічу руку, калі Гушчынскі знаёміў іх у рэдакцыі, цяпер той самы Быліна першы схіляўся ў нізкім паклоне да Базылевіча, дзвюма рукамі хапаў яго руку, трос яе доўга і рабіў на твары прыветліва-саладжавую ўсмешку, пытаўся пра поспехі і справы, запрашаў зайсці ў свой кабінет і ўсяляк выказваў сваю пашану да чалавека... якога на пачатку яго дарогі не хацеў нават заўважаць...

Драгун ледзь знайшоў вольны столік — у такі час, пад абед, цяжка было разлічваць на што лепшае. Людзей, што вучыліся, чыталі, цікавіліся літаратурай і навукай, з кожным годам робіцца ўсё больш... Узяўся чытаць Базылевіча. Тэма — знаёмая яшчэ з першай аповесці: вайна. Мо паўтараецца? «Пабачым, пабачым»,— думаў Драгун. Пачынала разгортвацца дзеянне, вырысоўваліся людзі, характары. І паступова, крок за крокам, Драгун трапляў у палон, забываў, дзе ён і што робіць. Ён ужо ваяваў — часам са зброяй, часам з голымі рукамі,— але заўсёды за праўду і справядлівасць, і біўся да апошняга дыхання, як і аўтарскі герой. Як каму, а Драгуну такія характары падабаліся. Не заўважыў ён, як прайшоў час. У шэсць гадзін бібліятэка зачынялася.

Ужо выходзячы, унізе ўбачыў знаёмага — Васіля Шаплыку, калісьці разам вучыліся, як былі студэнтамі, а на першым курсе нават жылі ў адным пакоі — той пакой змяшчаў ажно сорак чалавек, і студэнты звалі яго «звярынцам». У бібліятэцы сустракаліся яны часта. Шаплыка рыхтаваў кандыдацкую дысертацыю і нешта доўга не мог яе абараніць.

— Драгун, каб ты здароў быў,— сказаў Шаплыка.— Ты маеш час?

Драгун трохі падумаў.

— Маю, аж занадта!..

— Дык хадзем да мяне. Мы ніколі з табою не выпілі чаркі.

— Хіба без гэтага нельга жыць?

— Аднак жа... Хадзем! Дарэчы, у мяне ёсць твая кніжачка. Падпішаш якраз...— Ён зашпіліў свой вялізны жоўты партфель на два замкі, узважыў яго на руку, нібы правяраючы, ці ўсё там.— Пайшлі, будзеш госцем!

40

У суботу і ў нядзелю, як закон, Драгун ішоў у бібліятэку. Гэта былі самыя спорныя яго дні, бо пасля васьмігадзіннага рабочага дня не вельмі што з сябе выціснеш.

— Людзі адпачываюць, гуляюць з дзецьмі, а ты ўсё ў бібліятэку,— гаварыла сярдзіта Вера.

— Адпачываць мне яшчэ рана. Трэба нешта зрабіць, а потым ужо думаць пра адпачынак.

— Ай, ты нешта робіш, а той работы і не відаць...

— Ты хацела, каб адразу, чыстаганам прыносіў? Так выходзіць толькі ў зладзеяў і ў адной катэгорыі... жанчын.

— Перастань... Дык калі цябе чакаць? — пыталася Вера ўжо трохі лагодней.

Драгун выскаляўся:

— Мо сёння, а не — дык заўтра. Але не пазней.

Вера адразу хмурнела, сціналася. Ды што на гэта глядзець? Драгун жа ішоў не гуляць, нешта хоча зрабіць, і мо не толькі для сябе. Вось пачаў новую аповесць, а ўжо калі ён за што браўся, то тады ўсё астатняе для яго прападала. Тут ён меў бацькаў характар: калі бацька што рабіў, то ўвесь уваходзіў у работу і страшэнна злаваў, калі яго адрывалі. Ён нават ні за што ні пра што мог аблаяць матку, калі тая клікала яго палуднаваць ці вячэраць.

Драгун у нядзелю часцей за ўсё вяртаўся дадому ў гадзін пяць вечара ці нават пазней, бо раніцай, покуль тое, покуль гэта — і ўжо адзінаццаць. А покуль яшчэ заехаць. Але затое, увайшоўшы ў азарт, Драгун рабіў за гэты час немалы кавалак работы. Часам з бібліятэкі заходзіў яшчэ ў Дом афіцэраў глядзець кіно, калі была цікавая карціна. Стомлены, але задаволены, што дзень прайшоў добра, вяртаўся дадому. Абедаў і вячэраў зараз, потым садзіўся з меншаю дачкою глядзець тэлевізар. Старэйшая бавілася ўжо сама. Вера ўсё нешта вязала: то шапкі дзецям, то рукавічкі, то світры. А калі не падабаўся фасон, раскідала, пачынала нанава. Была маўклівая, роўная, без ранейшай жывасці і ўсмешкі, без жарту і гульні. А калі Драгун прыходзіў позна, дзеці ўжо спалі, толькі Вера ляжала ў пасцелі з кніжкай. І не было выпадку, каб яна, не дачакаўшыся яго, заснула. Затое як толькі ён заходзіў у спальню, яна клала кніжку на тумбачку, адварочвалася да сцяны і тут жа засынала.