Выбрать главу

І ніколі яна не папракнула Драгуна за тое, што ён позна прыходзіць дадому. Здаецца, толькі ўсяго адзін раз.

Тады Драгун вярнуўся дадому позна. Дарэчы, Вера ведала, дзе ён. Драгуна запрасіла на імяніны яго ранейшая знаёмая, цяпер ужо даволі вядомая паэтэса Люся Здановіч. Калісьці між імі была ўзаемная, а хутчэй аднабаковая сімпатыя. Драгун хутка пасля таго ажаніўся, а Здановіч жыла незамужняю, з маткай.

Можа, выпадкова, а мо і не, але яна знайшла яго на рабоце і запрасіла зайсці, неяк забыўшы пра яго жонку, а Драгуну было няёмка пра гэта нагадваць. Яна назвала яшчэ некалькіх чалавек, пераважна паэтаў, якія абяцалі прыйсці.

Калі Драгун сказаў Веры, што яго запрасіла на імяніны паэтэса Людміла Здановіч, жонка катэгарычна адрэзала: «Не пойдзеш!» Тады Драгун так жа катэгарычна сказаў: «Пайду!»

І ён такі пайшоў, хутчэй з-за прынцыпу, бо вялікага жадання бачыць Здановіч ён не меў. Купіўшы каробку цукерак, ён паехаў да яе на кватэру. Знарок спазніўся на паўгадзіны, каб не быць першым, але калі падышоў да таго дома (яна жыла на першым паверсе), то праз завешаныя вокны заўважыў, што ніякіх гасцей там не чуваць і не відаць. Ён яшчэ пахадзіў па вуліцы з паўгадзіны, спадзеючыся, што за гэты час нехта ўсё-такі прыйдзе. І рашыў так: калі там будзе многа гасцей, не пойдзе зусім.

Аднак і гэты раз у кватэры стаяла цішыня, не чуваць было ніякіх галасоў, не заўважалася ніякага руху. Драгуну стала шкада жанчын — і не так самую Люсю, як яе матку. Яны тут рыхтаваліся, чакалі гасцей, а тыя мо нават і абяцалі, а вось няма нікога. І ён зайшоў.

Сапраўды, ён быў першы... Яго ўразіла, як узрадаваліся маці і дачка яго прыходу, як ажылі іх твары, як рупна сталі завіхацца ля стала, на якім і так ужо ўсё стаяла гатовае. Ён сядзеў, а яны ўсё нешта перастаўлялі, усё папраўлялі, але Люся была ўвесь час як на іголках: яна ўздрыгвала пры кожным кроку на лесвіцы, чуйна прыслухоўвалася да ўсяго, што робіцца на вуліцы,— відаць, чакала яшчэ гасцей. Хутка прыйшоў яшчэ адзін «ідэаліст» — паэт Ляўковіч, вясёлы і таварыскі хлопец. Драгун ведаў яго яшчэ студэнтам.

Гутарка адразу ажывілася. Ляўковіч за словам у кішэню не лез: праз хвіліну-другую ўсе былі вясёлыя, смяяліся і жартавалі, асабліва ажыла сама імянінніца. Яна, аднак, па-ранейшаму ўсё яшчэ прыслухоўвалася да крокаў на лесвіцы, некалькі разоў выходзіла на двор, але болей ніхто не прыходзіў.

— То, мусіць, пара, дачушка, садзіцца за стол,— сказала маці вінаватым голасам і з асцярогай глянула на дачку.

Тая ўздыхнула і пачала запрашаць гасцей за стол. Спачатку павіншавалі Людмілу Іванаўну з днём нараджэння, пажадалі здароўя і добрых поспехаў.

Ужо недзе ўсярэдзіне вечара зайшоў яшчэ адзін госць — паэт Марушка. Яго буйны бліскучы твар быў як прыгожа аформленая вітрына. Ды і за вітрынай, дзякуй богу, было не пуста, што не так і часта здараецца. Марушка быў вясёлы і трохі нават развязны: паспеў ужо выпіць. Сыпаў жартамі, рыфмамі, расказваў анекдоты і смяшыў усіх. Ён ведаў безліч гісторый, у якіх калі не ўдзельнічаў сам, то галоўным героем быў яго сябра Дубровіч. Не раз яны пілі разам у адной кампаніі і траплялі ў забаўныя пераплёты.

У той час як цвярозы ён гаварыў разумна, быў памяркоўны і выклікаў да сябе сімпатыю, п’яны траціў раўнавагу, рабіўся з’едлівы і нават грубы. У яго была паранена левая рука — адбіты ўсе пальцы і знявечана далонь, ён чамусьці — знарок ці незнарок — увесь час трымаў яе перад сабою, нібы выстаўляючы напаказ.

— Што ты, Костусь,— звяртаўся Марушка чамусьці да Драгуна,— так паспяшаўся ажаніцца? Чым табе кепская была б жонка? — ківаў ён буйнай кучаравай галавою на маладую гаспадыню.— Была б свая паэтэса, у вершах праславіла б цябе і тваё каханне...

Драгуну была трохі непрыемнай такая ўвага да свае персоны, ён неяк ненатуральна ўсміхаўся, паглядваў то на Ляўковіча, то на Люсю, як бы просячы ў іх дараваць Марушку за такія словы.

Люся чырванела таксама і адбівалася жартамі, што позна ўспомніла пра хлопцаў, занадта захапілася паэзіяй.

А калі Марушка пачаў нейкую спрэчку з Ляўковічам, яна нахілілася да Драгуна — яны сядзелі цераз рог стала — і спыталася ў яго шчыра, нібы нават сарамліва:

— Ну, як, Косця, жывеш? Ты шчаслівы?

Драгун не ведаў, што адказаць.

— Жыву звычайна, мо нават цяжка, але не скарджуся і не каюся. Такая ўжо, відаць, мая доля. А ці шчаслівы, дык нешта не задумваўся. Хутчэй за ўсё, што не надта.

— Чаго ж так? Хіба няма кахання?

— Яно ёсць, але нейкае калючае, няласкавае...

Люся дакранулася да яго рукі, уздыхнула.

— А ты мне так падабаўся, Косця... Так ты мне падабаўся,— паўтарыла яна са скрухай — і добра, што хоць у мінулым часе.