Выбрать главу

Але пасля таго выпадку, як здалося Драгуну, Вера спакайней страчала яго спазненні, якія не здараліся так ужо і часта. Драгун тут нават хітраваў: часам знарок пазніўся, заходзіў у кіно на апошні сеанс, каб жонка «прывыкала». Ды яна, як паказаў час, ніяк да гэтага не змагла прывыкнуць — такі ўжо быў у яе характар.

...Аднойчы вечарам у суботу Драгун вяртаўся з бібліятэкі. Якраз на прыпынку падышоў амаль што пусты тралейбус, бо перад гэтым іх прайшло цэлых тры, набітыя бітком: яны хадзілі неяк статкамі, як сланы. Драгун сеў на крэсла, пасунуўся да акна, бяздумна пазіраў у шыбу. На другім прыпынку ў вагон зайшло некалькі пасажыраў, і праз хвіліну ля яго села маладая жанчына ў карычневай сукенцы, з прыгожымі загарэлымі рукамі, прывабная, з адкрытым загарэлым тварам і чорнымі завітымі валасамі. Ён толькі акінуў яе позіркам і стаў зноў глядзець у акно, падумаўшы сам сабе, што з такою кабетай не грэх было б і пазнаёміцца. Падышла кандуктарка, Драгун сеў роўна і першы падаў ёй дзесяцікапеечную манету, бо яго суседка яшчэ не паспела знайсці сваіх грошай.

— Вам два? — спыталася кандуктарка.

— Адзін,— буркнуў Драгун.

Суседка ўсміхнулася, дастала з сумачкі манету і ўзяла білет, а потым неяк проста, як да знаёмага, сказала да Драгуна:

— А што, каб вы і мне ўзялі?

— Нічога. Толькі вы маглі б пакрыўдзіцца, абазваць мяне нахабным за тое, што набіваюся ў знаёмыя ці намякаю, што ў вас няма грошай.

— Гэта праўда... Але я чамусьці чакала, што вы возьмеце два білеты — і не пакрыўдзілася б.

— Каб жа я ведаў вашы думкі! Я ўзяў бы хоць дзесяць...

Нешта падмывала яго гаварыць з ёю. Тралейбус каціў па праспекце, яны гаварылі. Урэшце яна схамянулася, узялася рукою за парэнчу пярэдняга сядзення.

— Мне выходзіць...— сказала яна.

— Мне таксама.

Праўда, Драгун ужо праехаў свой прыпынак, на якім звычайна сыходзіў, але і з наступнага, вось гэтага, яму дадому было таксама блізка. Яны сышлі з тралейбуса, сталі і стаялі, адчуваючы, што нешта яшчэ, самае важнае, яны не сказалі адно другому.

— А вам тут блізка? — спытаўся ўрэшце Драгун, бо яна зрабіла выгляд, што збіраецца ісці.

— Не, я тут не жыву. Я да знаёмых...

— Вось што...

— Я жыву ў другім канцы.— Яна назвала вуліцу, якой Драгун нават не чуў.

— А дзе гэта?

— Хіба вам цікава?

— Цікава...— Драгун апусціў вочы. Яго цягнула, як у вір.— Я хацеў бы з вамі сустрэцца...— Драгунова сэрца стукала ў грудзях, як молат.

Жанчына стала сур’ёзнай, нешта думала, пазірала ў неба. Потым сказала, глянуўшы Драгуну ў самую душу сваімі цёмнымі праніклівымі вачыма:

— Давайце дамовімся... Праз месяц. Сёння другога... Роўна праз месяц на гэтым месцы.

— У колькі? І чаму праз месяц?

— У дзевяць вечара... Я вам потым усё растлумачу.

— Добра...— Драгун кіўнуў галавою.— А як вас завуць?

— Марына,— адказала яна.

41

У рэдакцыі даведаліся, што Гушчынскі хворы, у той жа дзень. Пазваніла яго жонка і сказала, што ён вяртаўся з адпачынку, яго знялі з самалёта на насілках. Не завозячы дадому, адправілі ў бальніцу.

Замяшчаць загадчыка стаў Маскалевіч, хоць да гэтага месяц быў Нагорны. Чаму такія перастаноўкі, ніхто не ведаў. Звычайна калі Гушчынскі ехаў куды-небудзь у камандзіроўку або ішоў у адпачынак, яго замяшчаў Нагорны. Яны сябравалі даўно, адразу пасля вайны сталі тут працаваць, а Гушчынскі пачынаў працу тут яшчэ ў вайну, калі выдавецтва размяшчалася ў Маскве. Яго, параненага ў партызанскім атрадзе, на самалёце перакінулі ў Маскву, вылечылі і накіравалі, як былога настаўніка, у выдавецтва. Затое калі Гушчынскі выбываў куды нечакана, стыхійна, начальства ахвотней прызначала Маскалевіча, бо дзелавыя іх якасці былі трохі розныя. Нагорны вызначаўся павольнасцю, быў тугадум, а Маскалевіч рашаў усё з ходу, хутка, быў галасісты, напорысты, ніколі не чырванеў, усіх, нават дзядоў з бародамі, праз пяць хвілін пасля знаёмства называў на «ты».

А гэты раз усе ўбачылі непрыхаваную тэндэнцыю. Нібыта таму, што Нагорны ідзе ў адпачынак (хоць той яшчэ не збіраўся), яго змясцілі з часовай пасады, а на яго месца паставілі Маскалевіча.

І рэдактары тут жа адчулі зусім другую руку. Як Нагорны быў мяккі і абыходлівы з людзьмі, так Маскалевіч не адступаўся ад кожнага, выбіваючы, выціскаючы з кожнага «план». План, аднак, не так лёгка было «выціснуць». Дапусцім, рукапіс па графіку планаваўся на гэты месяц, але, узяўшыся за работу, рэдактар убачыў, што заграз па вушы: рукапіс намнога сырэйшы, чым ён лічыў.

Работа зацягваецца, аўтар не згаджаецца з многімі заўвагамі, стаіць на сваім — што ў яго ўсё добра, што з яго ў рэдакцыі здзекуюцца. Аднак, астыўшы, агледзеўшыся, аўтар згаджаецца, што кнігу трэба дапрацаваць (а мо яшчэ і таму, што адчувае: супраць сілы не папрэш).