Выбрать главу

— Ты як старая баба, што з табою гаварыць. Я ж не веру ў тое, што ты ў аднаго аўтара, як гавораць плёткі, забраў некалькі карцін — таму што яны табе спадабаліся. Спадзяюся, ты ведаеш, пра што ідзе гутарка.

Умяшаўся Пракурат, падняў угору рукі, закрычаў:

— Хлопцы, мне брыдка ўсё гэта слухаць. Даволі абліваць адзін аднаго памыямі... Не мяшайце працаваць, інакш...

Абодва гарачыя апаненты замоўклі.

— Ладна,— сказаў урэшце Маскалевіч.— У нас была гаворка пра графік... Скажы, Лявон, калі падпішаш том у набор? — Маскалевіч гаварыў з Нагорным так, нібы ранейшай гутаркі з ім не было.

— Хоць заўтра! — Нагорны яшчэ не астыў.— Толькі не збірайся праехаць у рай на чужых гарбах.

— Як гэта разумець? — Маскалевіч бліснуў вачыма на Нагорнага.

— Як хочаш.

Маскалевіч толькі паківаў галавою, зрабіў на твары пагардлівую грымасу і выйшаў.

— Начальнік знайшоўся! — праводзіў яго Нагорны.— Ідзі сваёю жонкай камандуй, а не тут.

— Яго хлебам не кармі, а дай пакамандаваць. Каб толькі яго воля, ён усё ў казармы перарабіў бы, а нас — у салдат. На работу ганяў бы строем, пад маршавую песню. А што норму, то даводзілася б выціскаць самую ўрапатрыятычную,— бубніў сам сабе Пракурат, хоць нядаўна сам патрабаваў цішыні.

У рэдакцыі пасмейваліся з гэтай сваркі, бо чулі яе не першы раз, і факты, якімі казыралі абодва апаненты, таксама былі не новыя для ўсіх. Ведалі яны яшчэ і болей, толькі кожны пра сябе ведае, як правіла, зусім мала. І толькі вось калі адбываюцца такія сутычкі, тады праціўнікі выкладваюць усе козыры, часам вельмі нечаканыя для абодвух. Рэдактары ў большасці спачувалі Нагорнаму, хоць Маскалевіч і казаў праўду пра тое, як ён рэдагуе класіку. Што казаць, у кожнага чалавека ёсць свае грахі, аднак рэдактарам прыемна было чуць, як Нагорны адбрыў Маскалевіча. Пракурат, Жывіца, Роўба ці той жа Драгун або Малышка не вельмі маглі б так паставіцца да Маскалевіча, каб і была вунь якая крыўда, як гэта зрабіў Нагорны, які адчуваў вялікую падтрымку ад загадчыка рэдакцыі, што сам ужо трохі пакаштаваў начальніцкага хлеба і ведаў яго смак. Усе разумелі таксама, што гутарка ці, праўдзівей, сварка, адразу стане вядома дырэктару — ды з усімі дэталямі і фактамі, якія будуць павернуты як супраць рэдакцыі, але што супраць Нагорнага — то ў гэтым усе былі ўпэўнены. А дырэктар не палянуецца склікаць вытворчую нараду пра ўзаемаадносіны ў рэдакцыі літаратуры на прыкладзе Нагорнага і Маскалевіча. А такія сур’ёзныя закіды ў адзін і другі бок наўрад ці пройдуць без следу. Гаварыць такое — трэба мець нейкія доказы, іначай — маўчаць.

Нагорны прынёс у рэдакцыю трывожную навіну. Ён гаварыў па тэлефоне з Гушчынскім.

Гушчынскаму стала трохі лепей, яго ўжо выпісалі з бальніцы, і ён ляжыць дома. Але ўчора з ім ледзь не здарыўся сардэчны прыступ. Прычына — пазваніў дырэктар Важнік. Нагорны перадаваў усю гутарку ў асобах, асабліва націскаючы на дырэктара праз меру мяккае вымаўленне шыпячых.

Важнік. Привет, Гушшинский, как ты там?

Гушчынскі. Дзякую, Павел Іванавіч, трохі лепш.

Важнік. Брось, Гушшинский, не трохай, а давай поправляйся, а то я вынужден буду искать на твое место шеловека.

Гушчынскі (у замяшанні, заікаючыся). Павел Іванавіч, як жа гэта?.. Хваробе ж не загадаеш... Папраўлюся... тады...

Важнік (груба). Брось, Гушшинский, не прикидывайся, берись, за работу. В редакции беспорядок, графики трещат, дисциплины нет, редакторы между собой грызутся, ставят один другому палки в колеса. Это не дело. Так что давай, не медли, а то будет поздно...

І дырэктар павесіў трубку. Здаровы чалавек і то пасля такога «прывітання» мог бы злегчы, а што казаць пра хворага? Гушчынскаму стала кепска, зноў выклікалі «хуткую дапамогу». Крыху адсопшыся, ён пазваніў сяму-таму са сваіх сяброў, каб дазнацца, што азначае такі званок і такі ход гутаркі з дырэктарам. І ўстанавіў, што ў дырэктара даўно сядзіць у галаве план: зняць Гушчынскага з пасады загадчыка рэдакцыі за беспрынцыпнасць і мяккасць. І што на прыкмеце ён ужо мае некалькі кандыдатур, хоць яшчэ невядома, хто мае болей шанцаў.

Расказ Нагорнага адразу знізіў тонус ва ўсіх рэдактараў. Многія павесілі насы. Пракурат адразу пабег у магазін. Людзі адарваліся ад работы, сядзелі, разваліўшыся, на сваіх крэслах, думалі ўслых, разважалі, курылі ў пакоі, што ўвогуле дазвалялася толькі гасцям, ды і то не ўсім. Нават Нагорны закурыў, хоць ён быў самы яры праціўнік усякіх наркотыкаў.

Калі Гушчынскі трывала сядзеў за сваім загадчыцкім сталом, рэдактары часам пасмейваліся з яго неарганізаванасці, неахайнасці ў рабоце і зігзагападобнасці яго лініі ў адносінах з начальствам і аўтарамі. Гушчынскі быў выдатны амартызатар — ён змякчаў удары абодвух бакоў, многае прымаў на сваю галаву, але ў яго была добрая звычка не вешаць носа, не звальваць на другіх чужой віны і смяяцца, жартаваць тады, калі другі на яго месцы плакаў бы. Напрыклад, калі рэдакцыя правальвала графік, а ён рабіў справаздачу за месяц у дырэктара, то звычайна гаварыў так, нібы рэдакцыю ўзнагародзілі ордэнам ці сама мала прагрэсіўкай. Выразным дыктарскім голасам, узнёсла, як Левітан, націскаючы на «р», ён гаварыў прыблізна так: «Наша рэдакцыя ў гэтым месяцы, як ніколі, вызначылася сваімі паказчыкамі. Мы выканалі план ажно на... 56 працэнтаў! Гэта, таварышы, вялікі поспех! Асабліва вызначыліся рэдактары (тут ён назваў некалькі прозвішчаў). Яны далі ажно 3 працэнты плана, хоць абяцалі даць усяго 32. Хіба ж гэта не поспех?»