Выбрать главу

І так да канца! Як толькі ў яго хапала цярпення і штучнага пафасу? Гэта многіх смяшыла, а дырэктар сядзеў як на іголках. Жартаваць над такой рэччу, як план, было не ў яго характары. І ўжо калі ён браў слова, то Гушчынскаму даставалася болей за ўсіх. Дырэктар у гэтых справах быў мастак, ён ведаў, калі і на каго націснуць. А апошні час з Гушчынскага ён не злазіў. Усё, што ні рабіла рэдакцыя, было або мала, або кепска. І Гушчынскі атрымліваў усё новыя кухталі. У адпачынак ён ішоў ужо з паніжаным настроем, нібы адчуваў, што яго крэсла-трон захістаўся.

Цяпер усе — а лепей сказаць большасць рэдактараў — глянулі на свайго начальніка па-іншаму. Самае вартае ў ім — гэта што ён ніколі не аддзяляўся ад масы, а прымаў разам з ёю аднолькавы лёс, хоць у яго было ў запасе сто спосабаў, каб выгарадзіць сябе, а ўсю віну звярнуць на некага, як гэта звычайна робяць начальнікі-службісты. Гэты трымаў руку масы, за што начальства і лічыла яго беспрынцыпным і мяккацелым. Ён не мог свядома пакрыўдзіць чалавека, а калі і рабіў гэта, то або пад вялікім націскам, або не ўяўляючы, што з гэтага выйдзе.

Пэўна ж, у яго былі свае сімпатыі і антыпатыі, да адных аўтараў ён падыходзіў чула, з павагай, з другімі быў паблажлівы ці часам рэзкі, адных ён мог абараняць перад начальствам, да лёсу другіх мог паставіцца абыякава. Але ва ўсім гэтым не было злога намеру, знарочыстай злосці і жадання падставіць нагу ці адпомсціць за крыўду. Здаецца, што ў ім не было пачуцця зайздрасці, якое так прыкметна ў большасці людзей, а калі яно і было, то ён умеў яго хаваць глыбока і не даваў яму волі. На першым месцы ў яго стаяла шчырае жаданне памагчы чалавеку.

А Драгуну вельмі падабалася ў Гушчынскім тое, што ў яго не было начальніцкай пыхі, ён з кожным мог стаць на роўную нагу, не камандаваў, а нібы прасіў, раіўся ці раіў. Адным словам, ён верыў чалавеку, і гэтую яго веру кожны стараўся не падвясці, а апраўдаць. Праўда, іншы раз ён злаваў, калі хто-небудзь ужо вельмі падводзіў яго пад дурнога хату, лаяўся, але хутка астываў і праз колькі часу, здавалася, зусім забываўся пра сутычку — зноў быў роўны, прыветлівы і жартаўлівы. Галоўнае, ён не стараўся навязваць чалавеку свае думкі, яго можна было пераканаць, чаго ніколі не скажаш пра галоўнага рэдактара Быліну, які не пасаваў нават перад самымі важкімі довадамі.

...Драгуну спатрэбіліся канверты, і ён пайшоў на «сваю» пошту — у падвале суседняга дома, злучанага са старым Домам друку пераходам на трэцім паверсе, было паштовае аддзяленне. Якраз на пераходзе Драгун спаткаў свайго аўтара — некалькі год назад рэдагаваў яго аповесць — Птушко. Яны павіталіся, сталі ля акна. Птушко быў высокі, тонкі, цыганаваты, з цёмнымі жывымі вачыма. А скроні ў чорных, трохі кучаравістых валасах ужо зусім пабялелі.

— Што, братка, невясёлы? — заўважыў адразу Птушко.

— Ды так,— ухіліўся ад прамога адказу Драгун.— Усялякія дробязі.

— А як у рэдакцыі?

У гэтым пытанні адчувалася прыхаваная цікаўнасць. Падумалася, што Птушко нешта ведае.

— Невясёлыя чуткі... Гушчынскі быў сур’ёзна хворы.

— Чуў... Нічога, ужо ж папраўляецца. Мо хутка на работу выйдзе?

— Мо і хутка, ды што тут прыемнага? Яго збіраюцца спіхнуць... Прышлюць якога чорта лысага...

Птушко, здавалася, нічуць не здзівіўся такой навіне, і ўжо аднаго гэтага было даволі, каб Драгун насцярожыўся.

— А каго мецяць да вас, якога чорта лысага?

— Хто іх ведае. Хіба ж яны скажуць? Ці спытаюць у нас?

— Гэта праўда. Яны бяруць для сябе, а не для вас.

— А Гушчынскі якраз хіліўся болей да масы, чым да начальства.

— Таму яго і спісваюць... А ўсё ж — гэта цвёрда?

— Яшчэ невядома... Кажуць, што дырэктар нават самому Гушчынскаму пра гэта намякнуў. І той чуць дуба не даў...

— Навіна не вельмі вясёлая,— паспачуваў Птушко.— Ну, бывай, мо хутка ўбачымся...— Ён загадкава ўсміхнуўся і падаў Драгуну доўгую, касцістую руку.