Выбрать главу

Птушко выклікаў у Драгуна дваістае пачуццё. Да яго цягнула і адштурхоўвала, давер і падазронасць змянялі адно другое. За яго такой натуральнай і простай шчырасцю адчувалася яшчэ нешта прыхаванае, нешта сакрэтнае і таямнічае. У іх адносінах засталася нейкая нябачная мяжа, якую яны так і не пераступілі: Драгун застаўся для Птушко проста рэдактарам, Птушко для Драгуна — проста аўтарам. І цяпер, пасля сустрэчы, Драгун ішоў на пошту і думаў, што вось добры чалавек гэты Птушко, а ёсць у ім нешта такое, што насцярожвае, не дае раскрыць душу, хоць Птушко робіць усё, каб чалавек перад ім быў шчыры. І гэтыя яго намёкі, недагаворкі, загадкавыя ўсмешкі...

Але што гэта ўрэшце для Драгуна? З Птушко яны сустракаюцца раз у год. Такіх знаёмых у Драгуна многа, і жыць яны яму не мяшаюць, як і ён ім. А калі напіша новую рэч, то могуць зноў сысціся іх дарогі, але таксама ненадоўга — на якіх месяц ці два, пакуль рэдагуецца кніжка.

Ды не думаў ніколі Драгун, што можа здарыцца такое: праз два тыдні пасля той сустрэчы Птушко прыйшоў да іх у рэдакцыю... загадчыкам. А Гушчынскі, які пасля хваробы толькі што сеў за свой загадчыцкі стол, быў пераведзены ў звычайныя старшыя рэдактары, як Нагорны, Маскалевіч, Пракурат.

А яшчэ праз два тыдні Гушчынскі падаў заяву аб звальненні. Ён ішоў працаваць загадчыкам рэдакцыі ў толькі што арганізаванае выдавецтва «Полымя».

42

На дзвярах рэдакцыі вісела белая папяровая абвестка:

«Прыём аўтараў — з 4-х да 6-ці гадзін».

Гэтую рэформу правёў яшчэ сам загадчык Гушчынскі, каб павысіць ККД работнікаў рэдакцыі. Пакуль усе не даведаліся пра новыя парадкі, заходзілі, як і раней, хоць, праўда, не ўсе. Ёсць людзі, якім гавары ці не, пішы ці заклікай — яны ведаюць сваё. А болей далікатныя і шляхетныя, прачытаўшы на дзвярах такое папярэджанне, паварочвалі назад, прыходзілі пасля абеду. Праўда, у каго была мінутная справа: што-небудзь спытаць, узяць на рэцэнзію які рукапіс, забраць карэктуру для чыткі ці даведацца, калі будзе ганарар, тыя не баяліся зайсці, бо яны, як правіла, асядалі ў першым пакоі, дзе сядзеў загадчык і некалькі рэдактараў, але і з тых сёй-той быў у надомніках.

Гэты дзень пачаўся для Драгуна добра. Ён пачуваў сябе бадзёра, галава была свежая, і праца спорылася. Але ўжо недзе ў гадзін адзінаццаць адчуў, што пачынае браць стома. Ён выйшаў з будынка і накіраваўся ў сваё любімае месца ля таполяў, прылёг на траве. Ён часта сюды прыходзіў у вясеннюю пару, калі не трэба апранацца і гаварыць, куды ці чаго. А так ніхто не ведае, дзе ты, куды пайшоў і ці хутка прыйдзеш. Галоўнае, скажуць: недзе тут. А Драгун у гэты час ляжыць пад таполяй, слухае вечны шум тапаліных лісцяў, успамінае лес, у якім жыў і вырас. О, лес ён любіў і калі трапляў пад яго гасцінныя шаты, адразу дабрэў душою, спадала напружанасць нерваў, ён станавіўся сам сабою. Добра адпачывалася, добра думалася; ён пачынаў адчуваць, што яшчэ не ўсе ніткі, якімі звязаны ён з зямлёю, парваліся... Аднак доўга Драгун ніколі не залежваўся, хвілін 10—15, як звычайны перапынак у рабоце, заместа перакуру. У яго свядомасці ўжо жыў клопат, выпрацаваны гадамі службы: трэба цягнуць, трэба варушыцца. Турбавала сумленне — а што скажуць другія, а мо там хто цябе чакае, мо каму ты патрэбен, а мо якраз выклікае начальства, бо неяк заўсёды так выходзіць, што як ты адлучыўся на хвіліну, то табе тут жа звоняць па тэлефоне або трэба ісці да свайго, што сядзіць у суседнім пакоі, ці вышэйшага начальства. І калі ты разы два ўзапар не стаў перад яго яснымі вачыма, то атрымаеш вымову: чаму, што, як, каб апошні раз.

Зайшоўшы ў рэдакцыю, Драгун убачыў, што яго месца занята. За яго сталом сядзеў празаік Трошын, іх аўтар, і нешта гаварыў з Роўбай. Якраз яна вяла яго першую кніжку. Інтэлігентны, лабасты, з прылізанымі валасамі, з ветлівымі манерамі, аматар пагаварыць і паказаць сваё красамоўства, Трошын заўсёды быў поўны энергіі, аптымізму, весялосці — спрачаўся, даказваў, шумеў, пераконваў. А сёння ён быў нейкі посны, ціхі, сціплы — адным словам, такім Драгун яго бачыў упершыню.

Злавіўшы на сабе ўважлівы Драгуноў позірк, які выразна гаварыў: «Дайце маё месца», Трошын устаў з-за стала і папрасіў прабачэння. Ён падсеў да Роўбінага стала.

Перадыхнуўшы, Драгун зноў узяўся за працу. Чытаючы рукапіс, падкрэсліваў, рабіў сям-там выпіскі для заключэння ці занатоўваў думкі, якія ўзнікалі па ходзе чытання. Трэба было азнаёміцца з усімі рукапісамі, якія лічыліся за ім, перш чым ставіць іх у план выдання. Тое, што зусім слабае, недапрацаванае, лепш не пусціць цяпер, бо потым будзе цэлая бяда. Тэматычны план — гэта такая штука, што туды цяжка трапіць, але, трапіўшы, цяжка і вырвацца. Тэматычны план — як чыгуначныя пуці, дзе кожная кніга — шпала. Выняў шпалу — можа сысці з рэек цягнік, выпала кніга — недавыкананне плана.