Па меры таго як Драгун стамляўся, навакольныя гукі ўсё больш сталі далятаць да яго свядомасці, а тое, што ён чытаў, даходзіла штораз горай. Урэшце ён стаў разбіраць, пра што гавораць Роўба з Трошыным. Яны замянялі выкрасленыя некім сказы, каб не рабіць перавёрсткі: на месца кожнага выкрасленага радка трэба было ўставіць новы. Але, як правіла, выкрэсліваліся самыя вострыя, самыя мускулістыя, багатыя сэнсам радкі. А на іх месца трэба было даць нешта мяккае, аморфнае. На справе выходзіла прыблізна тое ж, што замяніць дрэва націнай: адразу відаць, дзе папраўлена.
Паступова, хоць і прыцішаная, гутарка стала нерваваць Драгуна. Ён выйшаў у пярэдні пакой, сеў на канапу. Трохі яшчэ нязвыкла было бачыць за загадчыцкім сталом новага чалавека, заместа Гушчынскага — Птушко. Акрамя Птушко, у пакоі сядзеў яшчэ Маскалевіч. Яны пра нешта гаварылі, але замаўчалі, як толькі зайшоў Драгун.
— Слухайце, што яны там робяць? — рэзка пачаў Драгун, паказаўшы рукою на дзверы.
Маскалевіч зарагатаў.
— Што ты ў нас пытаеш? Ты ж адтуль.
А Птушко нібы нічога не зразумеў.
— Хто гэта «яны»?
— Ну, Роўба і Трошын... Яны ж псуюць кнігу!
— Ты як з неба зваліўся,— сказаў Маскалевіч.— Хаця ж ты быў у надомніках.
— Дык што тут такое?
— Трошына вярнулі адтуль... Зрабілі сур’ёзныя заўвагі. Цяпер аўтар і рэдактар дапрацоўваюць,— спакойна растлумачыў Птушко, хоць звычайна ён быў хуткі і нават мітуслівы.
— Якое дапрацоўваюць? Яны ж калечаць кнігу, я ж яе чытаў перад наборам. Здаецца, і ты, Маскалевіч, чытаў?
— Чытаў. Мне здалося, што зборнік будзе неблагі.
— Што за д’ябал! Калі што добрае, то абавязкова прычэпяцца, а як якая лухта — тая ідзе хоць бы што!
Маскалевіч падтрымаў Драгуна.
— Каб ужо якія дробныя заўвагі, а то здымаюць два апавяданні — «Двайнікі» і «Леначка».
Загадчык у гэты час устаў і недзе выйшаў.
— Гэта ж самыя лепшыя апавяданні з кніжкі.
Маскалевіч раптам перавёў гутарку на другое:
— А куды гэта Птушка паляцела? Няйначай, да начальства.
— Чаго?
— Ты не ведаеш? Ён чуць што — адразу да начальства. Далёка пойдзе!
— Ну, рана яшчэ рабіць прагнозы...
Зайшоў Птушко, але не сеў за свой стол, а прымасціўся на канапе, побач з Драгуном. Твар яго здаўся ўсхваляваным.
— Я быў у дырэктара. Расказаў пра вашу скаргу.— Ён кіўнуў на Маскалевіча і зірнуў у вочы Драгуну.— Дырэктар загадаў сабраць рэдакцыю і растлумачыць рашэнне бюро па зборніку Трошына... Каб не было ніякіх непаразуменняў.
— Хіба было спецыяльнае бюро? — спытаў Драгун.
— А як жа! Выклікалі толькі адну Роўбу... Яна прыняла ўсе заўвагі.
— Што ёй заставалася рабіць? Гэта ж бюро! — Маскалевіч крыва ўсміхнуўся.— Паспрабуй не прымі!
Птушко зайшоў у другі пакой, каб сказаць астатнім рэдактарам, што назначаны збор.
Маскалевіч зашаптаў Драгуну:
— Ці я табе не казаў? Хто яго прасіў гаварыць таму дырэктару?
Драгун прамаўчаў, хоць у яго ў душы збіраўся гнеў. Сапраўды, Птушко ў гэтай сітуацыі павёў сябе па-дзіцячы.
Праз хвіліну з таго пакоя выйшаў Трошын, надзеў капялюш, раскланяўся.
— Ну і цяжкая ў вас праца! — паспачуваў і выйшаў за дзверы.
Праз хвілін колькі ўся рэдакцыя сабралася ў дырэктарскім кабінеце.
Дырэктар, заклаўшы рукі за спіну і ходзячы ад свайго стала да даўжэзнага стала для нарадаў, гаварыў строгім голасам:
— Мяне здзіўляе, што нашы рэдактары адстаюць нават ад падзей нашага ўнутрывыдавецкага жыцця. Што ўжо тады гаварыць пра тое, як яны сочаць за поспехамі нашай краіны, за падзеямі за рубяжом. Мо яны не паспяваюць чытаць нават газеты? Для рэдактара гэта, таварышы, недаравальна. Рэдактар павінен трымаць вуха востра, павінен сачыць за ўсім. Аднак, як ні дзіўна, сёння я выклікаў вас для таго, каб растлумачыць рашэнне нашага партыйнага бюро, пра якое некаторыя чулі, а некаторыя не. Чаму не чулі — гэта трэба спытаць у іх. Гэтае надомніцтва мне ўжо ў нырках. Яго даўно трэба прыкрыць, але не дае цесната. На добры лад, усякую інфармацыю пра выдавецкія справы ў рэдакцыі павінен рабіць загадчык рэдакцыі, аднак ён новы чалавек, таму з яго я не патрабую таго, што патрабаваў бы з Гушчынскага. Хоць, калі гаварыць шчыра, з Гушчынскага нельга было нічога ўзяць.
Потым дырэктар перайшоў да зборніка Трошына, ахарактарызаваўшы яго як недапрацаваную, змрочную і тэндэнцыйна-аднабокую кніжку, якая магла б прынесці толькі шкоду чытачу. І толькі дзякуючы пільнаму воку галоўліта кніжка ў такім выглядзе не ўбачыла свету. Рэдактар Роўба, хоць ужо і даўно працуе ў выдавецтве, не адзін раз рабіла такія промахі, бласлаўляла ў свет творы, якія не адпавядалі духу часу і нашым сучасным патрабаванням.