Выбрать главу

— Што сёння ў вас так весела?

— Ды Дубровіч расказваў тут усялякія байкі,— адказаў за ўсіх Нагорны.

Гушчынскі сёння нешта быў хмурны.

— Трэба, каб аўтары заходзілі ў вызначаныя гадзіны і, відаць, найлепш пасля полудня. А то прыйдзе такі Дубровіч, стане мянціць языком, усе слухаюць, а работа стаіць.

— Нашу работу за нас усё роўна ніхто не зробіць,— заўважыла Жывіца.

— Усякую работу трэба рабіць з найменшымі затратамі.

— Ад каго мы чуем пра найменшыя затраты,— засмяялася Жывіца.— Нешта наш загадчык стаў эканоміць час. Ці не старэе ён часам? — Яна гаварыла з ім проста, па-панібрацку.

— Мне не да жарцікаў, Волька, я кажу сур’ёзна. Мы зноў не выканаем месячнага графіка. Думаеш, нас за гэта пахваляць?

— І не з’ядуць.

— Вас-то не, а мяне могуць з косткамі...

Зайшла сакратарка і папрасіла загадчыка да дырэктара.

— Вось бачыце, пачынаецца,— сказаў Гушчынскі і пайшоў.

Праз некалькі хвілін Драгуна папрасілі да тэлефона. Званіў Бортнік. Ён пытаўся, што з яго рукапісам. Драгун сказаў, што ён канчае рэдагаваць, але што праўка вельмі вялікая, прамоўчаў. Спытаў толькі, ці хоча аўтар паглядзець, як адрэдагавана. Бортнік памяркоўна адказаў, што лепей ён прачытае ў карэктуры, а цяпер не будзе глядзець. «Я веру вам і вашаму густу»,— сказаў ён Драгуну. На гэтым размова скончылася.

Драгуна гэта здзівіла. Адкуль Бортнік ведае яго густ і чаму ён верыць рэдактару, якога яшчэ не паспеў распазнаць, бо прайшоў які тыдзень часу ці болей, як яны пазнаёміліся. Першы раз ён сустракае такога памяркоўнага аўтара.

У сваім пакоі Драгун расказаў пра гутарку з Бортнікам і дадаў, што нічога не разумее.

— Дзівак,— пачаў Пракурат вучыць маладога рэдактара.— А ты хочаш, каб ён з табою сварыўся за кожнае слова? Гэта ідэальны аўтар. Ён дае канву, касцяк, рэдактар даводзіць да кандыцыі — і ўсё. Чао! Аўтар атрымае грошы, падзякуе рэдактару, можа нават паставіць паўкварты — і возьмецца за новую кнігу. А што ты фактычна суаўтар, а не рэдактар, дык пра гэта ніхто не ведае, апроч вас дваіх. Але ты будзеш маўчаць, ды і яму таксама не вельмі захочацца пра гэта ўспамінаць.

— Але ж арыгінал застаецца, ён ідзе ў архіў...

— Архіў — гэта магіла. Што туды папала, то прапала.

— Як хочаце, а для мяне гэта цёмны лес.

— Усе з гэтага пачыналі,— умяшалася Жывіца.— Мой першы аўтар адразу напісаў на мяне ліст у ЦК — што я яго рэжу. То хай ужо будзе лепей такі, як Бортнік.

— Не трэба браць крайнасці,— разважыў Пракурат.— А ўсё-такі аўтар павінен умець пастаяць за сябе, бо калі не ён сам, то хто за яго заступіцца? Ён першы адказвае за тое, што напісаў.

— Гэта ўсё на словах, таварыш Пракурат, а на практыцы, як вы самі ведаеце, усё наадварот. Калі што не так, то спачатку здымаюць стружку з рэдактара, потым з загадчыка рэдакцыі ці галоўнага, а аўтару могуць нават не сказаць,— упэўнена даводзіла Жывіца.

— Выходзіць, што аўтарам быць лягчэй, чым рэдактарам? — з недаверам спытаўся Драгун.

— Гледзячы якім аўтарам...— адказаў Пракурат.

Зайшоў загадчык рэдакцыі і паклаў перад Драгуном тоўсты, перавязаны шпагатам рукапіс.

— Не палохайся,— сказаў ён з усмешкай.— Гэта Маркаў, наш рэабілітаваны паэт, загінуў зусім малады. Паглядзіце, што тут ёсць. Па плане ў нас чатыры аркушы, а тут, відаць, у два разы болей. Адбярыце лепшае, падрыхтуйце ў набор.

— А хто гэты рукапіс рыхтаваў для выдавецтва?

— Адзін вучоны з акадэміі. Але вы яму вельмі не давярайце, тут ён сабраў усё, што ў чалавека было, згроб у адну кучу і прынёс. Да кнігі тут яшчэ ой як далёка.

— А правіць тут ужо няможна?

— Пэўна, не, гэта ў нейкай меры класіка, хоць яшчэ і няспелая: паэт яшчэ рос, як след не аформіўся. Так што глядзіце...

— Буду глядзець,— няўпэўнена адказаў Драгун.

Вершаў яму яшчэ не даводзілася рэдагаваць.

6

На каталіцкія каляды гаспадары запрасілі Драгуна да сябе.

Ён доўга аднекваўся, але не змог: спачатку запрашаў адзін гаспадар, а потым на дапамогу прыйшла гаспадыня. Драгун здаўся. Толькі зайшоўшы да іх у хату, ён зразумеў, чаму яго так угаворвалі зайсці. За сталом сядзела таўстушка Ліда Чалевіч. Яна прыветліва ўсміхнулася яму. Твар яе быў густа напудраны, бровы і павекі падведзены чорнаю фарбай, а валасы светлыя, як аўсяная салома. Драгун вырачыў вочы, зводзячы ўсё на жарт, але ў сэрцы нешта заварушылася. Ён павітаўся з ёю за руку, спытаў, чаму доўга нідзе не было відаць.

— Была далёка адгэтуль... Ажно на цаліне...

— І праўда, далёка... У якой вобласці? У мяне там сястра жыве ў Акмолінскай...

— А я ў Кустанайскай...

— І што, ты ў водпуску?

Ліда не паспела адказаць, бо гаспадыня, якая дагэтуль усё расстаўляла на стале, спынілася насупраць іх і сказала жартоўна: