— Калі браць кожнае апавяданне паасобку,— працягваў дырэктар,— то яны не выклікаюць асаблівай трывогі, іх можна чытаць і друкаваць, а сабраныя пад адну вокладку, яны так згушчаюць фарбы, ствараюць такі змрочны малюнак жыцця нашых людзей, што робіцца ажно страшна. Што аўтара цікавіць перш за ўсё, што прыцягвае яго ўвагу? Адмоўнае, хваравіта-нездаровае, ненармальнае, ушчэрбнае. Яго героі або безнадзейныя п’яніцы ці нікчэмныя інваліды, сіроты-дзеці, абяздоленыя ўдовы. Прачытаўшы зборнік, здаецца, што ў жыцці наогул няма нічога светлага, радаснага, вясёлага. У Трошына — суцэльная цемра, беспрасветнасць, чарната. А калі і ёсць які-небудзь станоўчы герой, то ў канцы ён абавязкова гіне... Дык ці можам мы выдаваць такі аднабокі, такі тэндэнцыйны, нездарова-тэндэнцыйны зборнік, каб потым нас скланялі на ўсіх сходах і нарадах з высокай трыбуны? Таму, калі галоўліт вярнуў нам зборнік, мы вырашылі разгледзець яго на бюро, каб рэдактар, таварыш Роўба, улічыла ўсе свае промахі на далейшае. І каб некаторыя рэдактары, якія, дарэчы, многія чыталі гэты зборнік перад здачай у набор, таксама зрабілі для сябе вывады...
Маскалевіч узняў руку:
— Дазвольце для даведкі?
— Гавары,— кіўнуў галавой дырэктар.
— Хачу ўнесці яснасць, каб не склалася няправільная думка... Я чытаў не ўсё, а толькі некаторыя апавяданні са зборніка, так што я не мог, натуральна, улавіць агульнага настрою зборніка... Акрамя таго, я гаварыў Трошыну, што некаторыя яго апавяданні вельмі змрочныя. Гэта я гаварыў і рэдактару Роўбе...
Дырэктар перавёў позірк на сцішаную, збедненую Роўбу, якая сядзела паміж Пракуратам і Нагорным і, здавалася, гатова была ўціснуцца ў крэсла.
— Гаварыў вам Маскалевіч?
— Гаварыў,— ціха сказала Роўба.
— Чаму ж вы не ўлічылі парады старэйшага таварыша?
— Мне здавалася, што зборнік не такі ўжо змрочны...— ледзь не плачучы, прамовіла яна.
— Вам здавалася! — груба паўтарыў яе словы дырэктар.— Не бярыце на сябе многа. Усё, што гавораць вам старэйшыя, прытым партыйныя таварышы, заўсёды прымайце да ведама, не саромейцеся раіцца. Для гэтага ў вас ёсць загадчык, ёсць галоўны рэдактар, ёсць я, дырэктар. Лепш пяць раз параіцца, чым потым рэзаць кнігу, затрымліваць яе ў вытворчасці. Няўжо вы гэтага яшчэ не разумееце? — Дырэктар памаўчаў, абвёў вачыма рэдактараў і перавёў гутарку ў новае рэчышча: — Цяпер скажыце, хто яшчэ чытаў зборнік Трошына перад наборам?
— Я чытаў,— сказаў Драгун і прыўстаў са свайго крэсла.
— Вы чыталі ўсё ці асобныя апавяданні?
— Усё...
— І якая ваша думка? — спытаўся дырэктар.
— Як я бачу, усякія думкі тут ужо лішнія. Аднак калі вы хочаце ведаць маю, то я вам скажу. Тут ніякіх сакрэтаў няма...
— Ну, ну,— падахвоціў яго дырэктар і ўсміхнуўся, стаў ля вялізнага стала і ўпёрся нізам жывата ў яго край.
— Калі быць шчырым, то зборнік мне спадабаўся... І як аўтар, я з асалодай падпісаўся б пад кожным апавяданнем са зборніка Трошына,— сказаў Драгун і сеў.— Як аўтар,— паўтарыў ён ужо седзячы.
Рэдактары пазіралі на яго, як на вар’ята.
А дырэктар стаяў з вырачанымі вачыма і спачатку не ведаў, што сказаць — нібы яму адняло мову. Нарэшце праз зубы спытаўся:
— Што ты сказаў?
— Што вы чулі,— адказаў Драгун і, сцяўшы зубы, глянуў ў твар дырэктару.
— Ну, Драгун... Я думаў, што ты паразумнееш, а ты застаўся такі, як быў! Так не можа цягнуцца бясконца!..
І тут пачалося. Дырэктар, намеснік галоўнага рэдактара, парторг (не было толькі галоўнага рэдактара, пайшоў у адпачынак) адзін перад другім грамілі Драгуна, вымяшчалі сабраную гадамі злосць. Здавалася, усе забыліся, што абмяркоўваецца не работа Драгуна, а рэдактара Роўбы.
Калі добра накрычаліся і нашумеліся, дырэктар заявіў у канцы нарады перад усімі:
— Або я, або Драгун — у выдавецтве нам дваім не месца.
43
Падбіў жа Веру нейкі д’ябал сказаць вечарам Драгуну:
— Сёння другога. Ці выпісаў ты за кватэру і за тэлефон?
Драгуну нібы стукнулі абухам па галаве: стала млосна. Сёння другога... Роўна месяц... У дзевяць гадзін, чорт вазьмі! А ён зусім забыўся. Ці не фатальнае што ў гэтым? Прыпомніўся яму нядаўні сон. Здаецца, недзе, як бы на тым праспекце, да яго падыходзіць жанчына і моцна бярэ за руку. Здаецца нават, што ён трохі ведае яе — разам калісьці хадзілі ў сталовую, калі ён яшчэ быў нежанаты. Рослая, дужая, з прыгожымі густымі валасамі пшанічнага колеру, яна адразу чаруе яго, Драгун фізічна адчувае над сабою яе ўладу. Яна бярэ яго за руку і некуды вядзе. Драгун са смехам і жартамі аднекваецца, кажа, што ён жанаты, у яго дзеці, але ідзе за ёю, адчуваючы на сваёй руцэ вышэй локця яе моцную хватку...