Выбрать главу

— Ты яшчэ не спіш?

— Сплю,— сонна прамовіў Драгун.

Яна ведала, што гэта азначае: не чапай мяне.

Аднак, памаўчаўшы трохі, сказала зноў:

— Я хачу з табою пагаварыць.

— Не выдумляй...

— Няўжо ты так стаміўся за дзень?

— Стаміўся... І заўтра рабочы дзень...

— Няўжо цябе не цікавіць, што я хачу табе сказаць?

— Я ведаю тваё «сказаць»... На ўсю ноч. Заўтра днём пагаворым.— І ён дэманстратыўна пазяхнуў, адвярнуўся ад яе.

Вера толькі цяжка ўздыхнула і замоўкла.

Яна ляжала доўга і не магла заснуць, не спаў і Драгун, але абое, як змоўшчыкі, маўчалі. Драгун думаў пра тое, што нарэшце яго лёс можа крута змяніцца, што мо гэтая Марына стане тым каталізатарам, паскаральнікам падзей, яна скране яго са звыклых, наседжаных падвалін і звядзе на новыя рэйкі, якія прывядуць яго да таго невядомага, што запланаваў ён у сваёй галаве. «Сам я, як той штучны спадарожнік, не дам рады сысці са свае арбіты, пакуль нешта не паскорыць ці не замарудзіць майго руху. Толькі тады я змагу змяніць арбіту. Інакш інерцыя прывычкі навечна прывяжа мяне да таго, да чаго я прывязаў сябе сам, завёўшы сям’ю... Гэта будзе страшэнна цяжка, страшэнна цяжка... Маючы ўсё — і адмовіцца ад усяго... Самому... Вось гэтая мяккая, чыстая пасцель... Цяпло жончынага цела... Вясёлы шчэбет дзяцей... Звыклая думка знаёмых, сяброў, што Драгун робіць поспехі, набірае тэмп... Упэўненасць бацькоў у тваім жыцці... І раптам — усё гэта разбурыць адным махам! Для гэтага патрэбна жалезная воля, якой у яго, здаецца, няма... Але трэба скіраваць падзеі так, каб усё рабілася нібы само сабою... Вось гэтая Марына... Невядома, у які бок зможа яна павярнуць звыклае Драгунова цячэнне жыцця. Але трэба зрабіць усё, каб якраз у той бок, што трэба... А як сапсуе ўсю задуму, перакрэсліць такі вынашаны даўно і абдуманы план? Ой, глядзі! Каб потым не каяўся, не грыз сабе локцяў. Глядзі!»

44

Цяжка нават уявіць, як нязвыкла мяняць чалавеку дарогу, па якой ён ішоў не год і не два і, здавалася, будзе ісці па ёй да канца сваіх дзён. А тут раптам... Не, не раптам, але ўсё ж... Адно ведаць, што вада халодная, а зусім другое — ускочыць у яе...

— Ты прыйшоў? — вітае яго Марына.— Скідай плашч. Разувайся таксама. Усе, хто да мяне заходзяць, разуваюцца.

— Дык хто тут разуваўся да мяне? — жартам пытае Драгун, а ў самога нешта непрыемна скрабе па сэрцы.

— Ты першы...

— Якая чэсць! А я думаў, ты скажаш: не ты першы, не ты апошні...

— За такія словы ведаеш што я магу зрабіць?

— Пэўна ж, не пацалаваць...

— Магу папрасіць, каб ты зачыніў дзверы з таго боку...

— Ідучы сюды, я падрыхтаваўся да самага горшага.

— Што ты разумееш пад самым горшым?

— Гэта калі ты скажаш: разувайся.

— Ах, які ты калючы! — Марына ляпнула Драгуна па плячы.— То што ж тады самае лепшае?

— Гэта мой сакрэт...

Гэтае пустое зубаскальства, гэты флірт быў такі невыносны для Драгуна, што яму хацелася кінуць усё і бразнуць дзвярыма — зачыніць з таго боку. Ён так востра адчуваў усю нязвыкласць свайго становішча, што яго проста муціла. Людзям хутка па сорак, а яны, як дзеці, гуляюць у нейкае заляцанне, гавораць такое глупства, якое не сорам было б гаварыць гадоў пятнаццаць, дваццаць назад, толькі не цяпер. Ні кроплі шчырасці, адна найгранасць, а за лёгкім фліртам надта далёкія ад паэтычнасці думкі. Як усё гэта брыдка! Як нясцерпна гадка! Але... раз надзеў на сябе воўчую шкуру, то і вый па-воўчы...

Марына ўжо нешта робіць на кухні. Драгун нячутным крокам у адных шкарпэтках ходзіць па мяккім дыване, азірае сцены, мэблю. Здаецца, яна тут няблага асталявалася. А ўсяго паўмесяца. Тэлевізар на модным століку. Новая раскладная канапа — ложак бардовага колеру, драўляны ложак. На сцяне — таксама прыгожы дыван з нейкім усходнім узорам, мо персідскі. Кантовы лакіраваны стол, мяккія крэслы навейшай канструкцыі, на якіх не ведаеш, як сядзець... Усё, нават люстра самая модная, якой у звычайным магазіне не ўбачыш.

«Цікава, хто быў муж у гэтай кабеты,— думае Драгун.— Нешта не падобна, што ён няўдачнік». На серванце стаяла фатаграфія ў рамцы — яна, Марына, з моднай прычоскай, з густа нафарбаванымі вуснамі, падведзенымі вачыма. Скажаш хутчэй, што гэта артыстка, а не акушэрка. Побач — у такой жа рамцы — быў зняты хлопчык гадоў дзесяці, нечым далёка падобны да яе. Позірк і яшчэ, здаецца, форма вуснаў, хоць у яго яны пухнатыя, не так рэзка абрысаваны. Цікава, што ў кватэры ніводнай кнігі. З газет «Правда» і «Медицинская газета» апошняя, відаць, таму, што прымушае спецыяльнасць, а першая мясцком...