Выбрать главу

Назаўтра ён збіраўся схадзіць да Марыны зноў, але нечакана прыйшлі госці — Верыны знаёмыя.

На наступны дзень, у панядзелак, пайшоў вечарам, каб адразу бачыць, ці ёсць у яе хто ў кватэры, ці не.

Прыехаў таксама на таксі — менш шанцаў на тое, што спаткаеш каго знаёмага. Пад’ехалі ў двор. Ён глянуў на яе акно і ўздыхнуў з палёгкай: у пакоі гарэла святло.

«Ага, цяпер мы з табой пагаворым»,— зларадна падумаў Драгун. Ён яшчэ нават не ведаў, што ёй скажа за тое, што не стрымала слова, але ваяўнічы дух адразу загаварыў у ім, як у паляўнічага, які ўбачыў дзічыну.

— Вазьміце рэшту,— сказаў яму малады таксіст з рыжай густой барадою, як у шкіпера.

— Не трэба. Дзякую.— Драгун бразнуў дзверцамі і пайшоў у пад’езд.

Ён узышоў на трэці паверх, аддыхаўся трохі, стараючыся прыглушыць хваляванне, і пазваніў. Нехта адразу затупаў, але Драгуну падалося, што гэта не жаночыя крокі: яны павольныя і цяжкія.

Дзверы адчыніліся. На парозе стаяў рослы малады хлопец у чырвонай шаўковай тэнісцы, з грыўкай, насаты, чарнявы, і аблізваўся.

Абодва здзіўлена маўчалі. А потым хітраватая ўсмешка рассунула хлопцавы поўныя пунсовыя вусны.

— Што, і ты да гэтай б... ходзіш?

Драгуна нібы ўдарылі ў грудзі, пад самае сэрца. Яму перахапіла дыханне. Ён павярнуўся і, не сказаўшы ні слова, пайшоў уніз. Пачуў яшчэ, як уверсе над ім грукнулі дзверы, аддаючыся рэхам па ўсёй лесвіцы.

45

Прыйшоўшы з работы, Драгун выняў з паштовае скрынкі газеты і паведамленне з магазіна на халадзільнік. Драгун і ўзрадаваўся, што будзе такая патрэбная рэч, і засмуціўся: дзе ўзяць дзвесце дваццаць рублёў?

Праз якой паўгадзіны прыйшла Вера з Аленкаю, якую яна вадзіла да бабкі. Старэйшую ў сад і з сада дастаўляў Драгун.

— Радуйся, гаспадынька.— Ён паказаў жонцы паштоўку.— Халадзільнік едзе!

Вера прачытала паштоўку і аддала яму назад.

Яна памагала Аленцы распранацца.

— Ён-то едзе, але з чым мы яго сустрэнем?

— І я ўжо думаў... Трэба пазычыць грошай, а халадзільнік усё-такі ўзяць.

— Маладзец! — Вера ўсміхнулася.— Аленка, павесь сама сваё палітка,— сказала яна малой.— Я толькі баюся, што ніхто табе не пазычыць.

— Чаго... Пад аповесць...

— Гэтая твая аповесць ужо ўся закладзена і перазакладзена.

— Не бядуй, застанецца трохі і нам. Адно што трэба пачакаць.

— Язьмі мяне на люткі,— напрасілася малая Аленка ў бацькі.

— Цябе на ручкі? Ты ж вялікая.

— Няпраўда, я малая. Язьмі!

Драгун узяў дзіця, яно ашчаперыла яго за шыю і прыціхла. Ён пахадзіў з ёю па пакоі, а потым прысеў на канапе. Аленка была як сонная.

— Ты не выспалася ў бабкі?

— Не, я спала. Але ў мяне балела галоўка.

Драгун прыклаў вусны да дзіцячага лобіка і адразу адчуў — ёсць тэмпература.

— А цяпер у цябе што баліць?

— Цяпер жывоцік.

— У якім месцы?

— Не ведаю.

Драгун стаў абмацваць жывоцік.

— Ай, баліць, не чапай.

Балела ў правым баку. Драгун змераў тэмпературу. Было 38,5. Ён паклікаў Веру з кухні. Тая адразу кінулася да дзіцяці, пачала распытваць, дзе ў яе баліць.

— Не турбуй дзіця,— папрасіў ён жонку.

— Бабка казала, што сёння яна была капрызная, кепска ела і плакала некалькі разоў... Пакажы, у якім месцы ў цябе баліць?

Драгун паслаў малой на канапе, сеў ля яе.

— Як тэмпература будзе расці, то выклічам «хуткую дапамогу».

Вера адразу абвяла, нахмурылася, як бы схавалася ў сябе. Ранейшай гаваркой і неспакойнай Веры не стала. Мяняўся і Драгун, калі хварэлі дзеці. Тады ён рабіўся рэзкі, нават грубы, нібы Вера была вінавата, што хвароба прыйшла ў іх хату.

Аленка спакойна не магла паляжаць і хвіліны, усё круцілася, не знаходзіла сабе зручнага месца, прасіла піць.

Вера прывяла з сада Вальку, стала гатаваць вячэру.

Час цягнуўся марудна. Праз кожную гадзіну Драгун мераў малой тэмпературу. Тэмпература патрохі спадала, і гэта супакойвала бацькоў. Доктара рашылі не выклікаць. Спаць клаліся позна. Драгун лёг на ложку з дзіцем, а Вера прымасцілася на раскладным крэсле. «Баліць жывоцік»,— скардзілася малая праз кожныя паўгадзіны, і трэба было то насіць яе на руках, то гладзіць галоўку, то прыкладваць кампрэс. Недзе ў гадзіны дзве дзіця заснула — стома ўзяла сваё.

Раніцай тэмпература была зноў за трыццаць восем.

— Ну, збірайся, дачушка, пойдзем,— сказала Вера дзіцяці.

— Куды, да бабкі?

— Не, дачушка, у яселькі.

Дзіця даўно не спускала з языка яселькаў, і таму ўгаворваць яе доўга не давялося. Сабраліся і пайшлі пехатою, а малую няслі на руках, бо да бальніцы было недалёка. Падаў невялічкі сняжок, зямля была шэра-белая, яшчэ не закрытая на зіму. Дзіця трохі павесялела і ўвесь час круціла галавою — то ўбачыла ката, то галубоў, якія дзяўблі на тратуары высыпаны некім праз акно дробна накрышаны хлеб, то на белага калматага сабачку, якога вяла старая жанчына на павадку.