Выбрать главу

Вось і клінічны гарадок, знаёмы да дробязі. Тут, у радзільным аддзяленні, ляжала Вера, калі прывяла на свет Вальку, потым калі Валька хварэла на запаленне лёгкіх, цяпер вось зноў. Нешта за гэты час тут змянілася... Ага, вырас высозны васьміпавярховы будынак, які злучалі з суседнім старым корпусам. Драгуны ледзь прашыліся праз вузкі праход, зроблены для пешаходаў і абстаўлены дошкамі. Навокал, злева і справа, узвышаліся горы ўмерзлай зямлі, валяліся ўжо непатрэбныя трубы і перакрыцці рыштаванняў, бітая цэгла. Нешта раўнаваў бульдозер, ссоўваючы ў ямы замёрзлыя камякі і брылы зямлі, экскаватар на гумовых колах ссыпаў у самазвалы ўсялякі хлам. Адным словам, рабочыя спяшыліся здаць да халадоў аб’ект.

У хірургічным аддзяленні ў іх адразу спыталі накіраванне ад участковага доктара. Драгун стаў тлумачыць, што дзіця захварэла ўчора вечарам, а выклікаць сёння — таксама трэба чакаць да 4—6 гадзін дня... Таму і прыняслі адразу сюды... Нічога не памагло. Драгун пайшоў да загадчыка, той урэшце згадзіўся агледзець дзіця. Запісалі ў кнігу прозвішча, імя, адрас, і Веры з малою сказалі ісці ў другі пакой, для аналізаў, а Драгун застаўся чакаць. Цяпер у прыёмным пакоі яму не было чаго рабіць, ён выйшаў у калідорчык, зайшоў у пачакальню, у якой не было ні душы, пахадзіў з кута ў кут. Думкі пра Аленку не давалі спакою. Што ў яе такое можа быць? Чаму баліць жывоцік, справа, дзе дактары знаходзяць апендыцыт?

У пачакальню зайшла русая дзяўчына ў зялёным паліто, якую да гэтага ён бачыў у прыёмным пакоі: яна прыводзіла сваю сяброўку, у якой быў прыступ апендыцыту і якую запісвалі ў кнігу перад Аленкай. Драгун адчуў сябе скаваным пад чужым позіркам, яму неяк раптоўна стала горача, і ён зноў выйшаў на калідорчык. Там было цесна — якія два крокі на два, а потым яшчэ такі ж маленькі тамбур перад выхадам на ганак. Дзверы на ганак былі прычынены, і Драгун убачыў там чалавека. Яму відаць быў бок карычневага паліто, плячо і левае вуха, бо чалавек стаяў задам да дзвярэй. Драгуну раптам здалося, што ў гэтых «дэталях» чалавека ёсць нешта як бы знаёмае. Ён шырэй прычыніў дзверы і ўбачыў, што гэта стаіць дзядзька Васіль, той самы дзядзька, у якога бабка даглядае іх, Драгуновых, Аленку.

— Добры дзень... Чаго вы тут?

Дзядзька Васіль таксама здзівіўся, убачыўшы ля сябе Драгуна.

— А ты чаго тут? — і ён падаў Драгуну сваю цвёрдую рабочую руку.

Толькі цяпер Драгун зразумеў, што пытаць дзядзьку Васіля, чаго ён тут, было лішне: той стаяў, абапёршыся на палачку, а правая нага, аблепленая гіпсам, нязвыкла бялела паўзверх чорнага галёша, які быў прывязаны да нагі вяровачкай.

— Што ж гэта з вамі? — яшчэ раз запытаўся Драгун.

— Ды вось чэрці ўвагналі... Разбіў палец. На другой змене быў... Рэйка жалезная ўпала, не паспеў прыняць нагі... Спачатку нічога, а потым — хоць крычы... Прыйшоў па здымак, пайду ў сваю паліклініку, хай бюлетэнь афармляюць... А што ж гэта вы сваё малое сёння не прывялі?

Драгун нявесела ўсміхнуўся.

— Бачыце, у жыцці ніколі не ведаеш, што цябе чакае заўтра... Гэта ж мы якраз прыняслі сюды Аленку. Учора вечарам падскочыла тэмпература, скардзіцца дзіця на жывоцік. Баімся, каб не апендыцыт.

— Скажы ты! — здзівіўся шчыра дзядзька Васіль.— Гэта ж трэба!..

Яны яшчэ пабедавалі трохі, павойкалі, паспачувалі адзін аднаму, дзядзька Васіль скурыў папяросу і, кульгаючы, пайшоў па здымак. Людзі заходзілі і выходзілі, а Веры ўсё не было. Дзядзька Васіль выйшаў хутка, паказаў Драгуну апісанне траўмы і папрасіў прачытаць, бо медыцынскі почырк не кожны можа разабраць. Нават і Драгун з цяжкасцю зразумеў, што была разбіта косць вялікага пальца ля пазногця і нешта адламана «удовлетворительно».

Яны пасмяяліся самі між сабой: маладзец, умеў ламаць, калі адламалася «удовлетворительно». Урэшце дзядзька Васіль схаваў свае паперкі ў кішэню.

— Ну, то хай будзе ўсё як найлепей.— І пачыкіляў у тую сваю паліклініку.

Драгун пазіраў яму ўслед. Цікавы быў гэты дзядзька, такіх на сваім вяку Драгун сустракаў нямнога. Ён не трохі, а бязмалым так добра, як любіў некалькі казаць Янка Галубок, Драгуноў сусед, не быў падобны да традыцыйнага беларуса. Ён не ціхманы ды рахманы, а такі, што ў крыўду сябе не дасць, ведае сабе цану і ўмее пастаяць за сябе і за свае пераконанні. І твар у яго валявы, рашучы, цвёрды. Бывае так часам у прыродзе: зробіцца хутка, проста, з першага разу, а глядзіш — усё як выліта, усё да месца, нічога не паправіш і не дадасі. Ды і твар, ды і ўся фігура дзядзькі здаваліся высечаны з граніту таленавітым майстрам неяк вось так раптоўна, у хвіліну вялікага натхнення за адным заходам, без пераробак і ніякага браку. Твар у яго бронзава-бурага колеру, як у селяніна ці ў міліцыянера-рэгуліроўшчыка, які цэлы дзень пячэцца на сонцы і сушыцца на ветры ў спёку і ў мароз. Нос прамы, правільнай формы, моцны, баксёрскі, калматыя бровы, разумныя карыя вочы, прыгожы пукаты высокі лоб, які мае не кожны акадэмік, правільна акрэслены рот і валявы, у меру выпнуты наперад падбародак. Адным словам, твар такі, што адразу на яго звернеш увагу, заглядзішся і здзівішся шчодрасці і майстэрству прыроды, якая ўмее так дасканала тварыць. Мо нават у маладосці ён быў і задзірысты, бо калі чалавек адчувае ў сабе многа сілы, то ён усюды лезе, каб паказаць яе. На твары ў яго нямала слядоў чужое рукі ці часу: шрам на верхняй губе ля носа, нягладка сшытая скура ля правай скроні, кароткі глыбокі след удару нечым вострым над левым брывом. І хутчэй за ўсё гэта сляды не вайны, хоць меў ён і яе меткі, і адмераў ён яе ўсю, ад пачатку да канца, і не раз быў на валаску ад смерці. Ён пачынаў вайну афіцэрам, а скончыў радавым, прайшоўшы праз штрафныя роты за дзёрзкасць з начальствам. Многа цікавых гісторый расказваў ён Драгуну са свайго ваеннага жыцця. Не проста ішло ў яго і ў сямейным плане. І вырысоўваўся вельмі складаны, круты і самабытны характар...