— О, табе ніколі не дагодзіш! Дзе, калі я няправільна кіравала?
— Хоць бы ў адносінах да маіх бацькоў, сясцёр...
— Зноў ты змешваеш бацькоў і сясцёр.
— Змешваю, бо яны мне ўсе роўныя, родныя. І нават не толькі таму, што родныя, а што, калі мне было цяжка, яны жылі разам і памагалі мне. Я адзін вучыўся... Мае сёстры таксама маглі б мець дыпломы, здольнасць у іх была. Але маіх бацькоў не хапала за што нас усіх вучыць. І яны ўсе разам памагалі мне, яны ахвяроўвалі сваім будучым для мяне. Дык я цяпер павінен дзяліць: наце вам, бацькі, а вам, сёстры, фігу? Не! Калі мы памагаем бацькам, то памагаем і сёстрам, а памагаем сёстрам — памагаем і бацькам. Іншая рэч, што мы памагаем мала.
— Табе ўсё мала! Аддай апошняе! Здзяры з мяне сукенку, пашлі сваім сёстрам! Чаму я ім павінна памагаць? Чаму? У іх ёсць свае мужыкі! Для чаго яны? Толькі рабіць дзяцей? А я буду аддаваць ім апошняе да канца сваіх дзён? Што я, наймічка, слуга іх, раба іх? Не хачу, не буду! Калі хочаш ім памагаць, аддзяляйся ад сям’і і жыві адзін. Я ішла замуж, каб мець сваю сям’ю, сваё гняздо... Цяпер бачу, што з табою нічога не збудуеш. З табою згубіш тое, што меў!
— Калі на тое пайшло, я аддзялюся, буду плаціць аліменты, але ім буду памагаць усё роўна. Буду памагаць датуль, пакуль яны будуць жыць горш за мяне. А яны стануць лепш — памогуць мне, я ў гэтым упэўнены.
— Кожны жыве для сябе, потым для другіх!
— Згодзен! Толькі многія памятаюць першую палову гэтай ісціны і зусім забываюць другую.
— Так робяць разумныя людзі.
— У такім разе я не належу да гэтай катэгорыі.
— Яно і відаць! Ты думаеш, чаму я ў цябе спытала, якая ў цябе зарплата, калі мы пазнаёміліся?
— Каб ведаць, ці варта працягваць знаёмства.
— Дурань! Ты выглядаў як жабрак, а не як чалавек з прыстойнай зарплатай. Ты і тады або прагульваў усе грошы, або рассылаў сёстрам і ўсякім знаёмым.
— Ты, як заўсёды, перабольшваеш. Калі б я ўжо так мізэрна выглядаў, ты не захацела б са мною ісці і ў першы вечар... цалавацца. Я прывык да беднасці, і яна мяне не палохае.
— Прападзі ты разам з ёю!
— Я гэта запомню...
47
Мудры Пракурат аднойчы сказаў, што рэформы заўсёды выгадныя для тых, хто іх праводзіць. Гэта ён сказаў на самым пачатку таго працэсу, які ў гісторыі выдавецтва варта было б назваць рэфармізмам. І ён як у сук уляпіў!
Цэлы месяц працавала камісія, падлічвалі аб’ём работы, месячныя нормы на кожнага чалавека. Выходзіла, што рэдакцыя працуе з вялікай недагрузкаю, а план наступнага года яшчэ меншы, чым гэты. Пайшла чутка, што ў мастацкай рэдакцыі маюцца скараціць некалькі чалавек. Драгун падумаў: «Ну, тут ужо мне не выкруціцца... Калі дырэктар не скарыстае такога выпадку, то гэта будзе цуд».
Цуду не адбылося: скарацілі Драгуна, ды нават не аднаго, а каб было трохі весялей і не гэтак крыўдна, яшчэ далучылі Каляду, Нагорнага і Роўбу. Але кожны скарочаны атрымаў сваё, аднаму яму наканаванае шчасце ці няшчасце. Па закону адміністрацыя павінна памагчы скарочанаму знайсці падобную ці хоць нейкую блізкую для яго работу, але Драгун і Каляда такой літасці не заслужылі: ім далі толькі выхадную дапамогу. Роўбу перавялі ў другую рэдакцыю, так што яна грашыма нічога не страціла, мо толькі любімую работу. А Нагорнаму проста пашанцавала: ён пайшоў загадчыкам рэдакцыі перавыданняў, якую толькі што арганізавалі. Такім парадкам ён трывала сеў на класіку: што і трэба было даказаць!
Драгуну і Калядзе ўсе спачувалі, але чым яны маглі памагчы? Скарачэнне — гэта такі хітры спосаб звальнення, калі нельга паскардзіцца на несправядлівасць, некага ж трэба скарачаць. І раз лёс (ці дырэктар) паказаў пальцам на цябе, то прымі гэта як непазбежнасць.
Атрымаўшы разлік, Драгун па дарозе дадому купіў закускі, паўлітроўку. Вера, якая прыйшла з работы трохі раней за яго, убачыўшы ўсё гэта, здзівілася:
— Што гэта ў цябе за свята?
— О, яшчэ і якое! — штучна-бадзёра ўсміхнуўся Драгун.— «Цяпер я вольны чалавек, і гэткім буду цэлы век!»
— Мо павысілі?
— Да самага неба!.. Скарацілі мяне, мая дарагая жонка!
— Ну, даскакаўся...
Яна замоўкла і пачала збіраць на стол. Маўчаў і Драгун.
— Думаеш, я не знайду работы?
Вера не адказала.
Селі за стол, выпілі па чарцы.
— Дык за што ж цябе?
Драгун аблізаў сухія вусны.
— За ўсё... За ўсе мае труды — правільныя і няправільныя.
— Асабліва няправільныя.
— Былі і такія, але не болей, чым у другіх.
— І што, цябе аднаго?
— Чатыры чалавекі...
— Малайцы!.. На дзесятым годзе работы раптам звальненне?
— Скарачэнне...
— Не адзін чорт?
— Не адзін... Я дурань, што не пайшоў сам, дачакаўся скарачэння...