— Не ісці трэба было, а глядзець як след. Тады б не скарачалі. Нябось Маскалевіча не скарацілі?
— Маскалевіч — заслужаны чалавек... А што я? — Драгун наліваў па другой чарцы.— Будзь здарова, мая карміцелька, цяпер я поўнасцю на тваёй шыі.
— Хопіць, што дзеці на маёй шыі, дык яшчэ і ты... Ах, чалавек! Хоць бы ты калі параіўся са мною, пагаварыў, расказаў! Усё сам, усё маўчыш! Вось і дамаўчаўся...
— Ты сярдуеш?
— На цябе сярдуй ці не — ты ўсё на свой лад вернеш.
— А хіба ты робіш іначай? Я ніколі не пайду супраць свайго сумлення, як і ты.
— Затое пойдзеш супраць свае сям’і.
— Як гэта?
— А так... З чым мы застаёмся?
— Ты пра гэта... Нічога, з голаду не памром. Яшчэ трохі засталося ад кніжкі...— Драгун засмяяўся.
— Тут трэба плакаць, а ты смяешся.
— Я? Не! Я плачу... Ха-ха! Я плачу! Не, не буду! Хай плача Важнік! Ад радасці, што мяне выжыў! «Я — або Драгун! Дваім нам няма месца ў выдавецтве!» Так ён мне сказаў... Бачыш, сам не пайшоў! Усе пойдуць, а Важнік застанецца...
Драгун захмялеў. А на сэрцы стала яшчэ цяжэй. І нейкая крыўда падступала да яго, душыла за горла. Дзесяць год рэдактарскай работы! Дзесяць год катаргі, няўдзячнай цяжкай працы, якая забірала ўсю сілу, сушыла мазгі... Гэта работа, на якой толькі аддаеш, а сабе застаецца толькі зарплата — сто дзесяць рублёў у месяц.
З таго, школьнага, выдавецтва ён фактычна ўцёк, пасварыўшыся з дырэктарам. З першага дня не спадабаўся яму гэты чалавек. Ён усё рабіў напаказ, і справядлівасць і дабрата ў яго былі паказныя. І яшчэ не мог ён пераносіць дырэктаравай двухлікасці, ліслівасці на словах і жорсткасці на справе. І калектыў ён падабраў сабе такі, каб рабіць што хочаш. Была старая гвардыя, напаўпісьменная, але заслужаная, з вялікім партыйным стажам. То была яго апора. Маладых ён не любіў, яны ўсё ведалі, ва ўсё сунулі свой нос і не хацелі маўчаць. Папрацаваўшы год і добра разгледзеўшыся, Драгун выступіў аднойчы на вытворчым сходзе і перад намеснікам міністра асветы добра прайшоўся па дырэктарскім стылі работы. З таго часу дырэктар з асцярогаю пазіраў на яго. Драгун ведаў, што хай толькі знойдзецца повад — хай толькі выйдзе кніжка з памылкамі,— як дырэктар скарыстае сваё немалое права на ўсю катушку. Драгун рашыў, што лепш пайсці самому, не чакаць, пакуль табе скажуць: пішы заяву.
Папрацаваўшы тры гады, ён сам падаў заяву на звальненне. Прыйшоў у другі калектыў, на другую, хоць і падобную, работу. І кіраўніцтва тут таксама было не тое, што там. Тут было лепей, тут было як у людзей: можна нешта зрабіць, нешта сказаць. Калі твая праўда, цябе маглі падтрымаць, ты мог паскардзіцца хоць у мясцком, сказаць слова ў Саюзе пісьменнікаў. Калектыў тут быў большы, смялейшы, дужэйшы, хоць і тут не абыходзілася без сваіх падхалімаў, кар’ерыстаў і даносчыкаў... Спачатку ён адпачываў душою, усё ішло гладка, ад начальства ён быў далёка і не бегаў, як некаторыя, па кожнай дробязі да дырэктара ці галоўнага. Усе пытанні, што паўставалі ў працэсе работы, ён вырашаў сам або разам з непасрэдным сваім начальствам — Гушчынскім... Але далей-болей... У любым месцы, на любой рабоце, калі ты хочаш застацца сам сабою, табе будзе цяжка. Так і з Драгуном. За сем год ён стаміўся ад бясконцых сутычак, бо ў яго не быў ад прыроды ваяўнічы характар, ён прымушаў сябе супраціўляцца, хоць натура яго прагнула спакою і цішыні. Ён жыў свядомасцю таго, што здавацца нельга, а трэба весці сваю лінію. Няхай гавораць, што сякітакі-гэтакі, што ты не можаш даць палітычнай ацэнкі рукапісу, што ты не бачыш крамолы, што ты ліберал і яшчэ горай. Трэба набрацца цярпення, бо нехта ж павінен цярпець, інакш...
Гэтым ён сябе толькі суцяшаў.
Да таго ж кухонныя канфлікты, кватэрныя баталіі, хваробы дзяцей, нервознасць жонкі — усё патрохі кладзе свой след на яго жыццё. Патрохі здаюць нервы, збіраецца стома і злосць. Злосці шмат, яна ўсё расце... Гэта як парахавая бочка. І яна можа ўзарвацца не там, дзе трэба, і не ад свядома запаленага шнура, а ад выпадковай іскры... Толькі хапіла б цярпення! Каб толькі ж хапіла!
— Мне было нялёгка, Вера,— Драгун пагладзіў лысіну, абапёрся на далонь падбародкам, пазіраў на жонку. Хваравіты румянец паліў яе шчокі.
— А мне, думаеш, лягчэй? — яна ўжо бралася складваць посуд, выносіць на кухню.
— Але ж я не скарджуся. Проста толькі кажу, што мне іншы раз хацелася выць воўкам, але я цярпеў. І буду яшчэ — дакуль трэба...
— Аднаму можна цярпець. А вось калі сям’я, дзеці. Ім трэба даць кожны дзень тры разы, хоць выламі з калена, а дай!
— Не бядуй за дзяцей. Неяк будзем жыць. Работу знайду. Што я, горшы за ўсіх? — Ён грукнуў кулаком па стале.
— Я табе веру,— сказала жонка.— Супакойся... Цяпер схадзі забяры Вальку.