Выбрать главу

Драгун устаў, прайшоўся па пакоі. Нейкі жаль варухнуўся ў яго сэрцы да жонкі, але ён не даў яму разрасціся — надзеў шапку і выйшаў на вуліцу. На дварэ стаяла цяплынь, пачыналася лета. Раней гэтай парою тут поўна дзяцей, а цяпер — ні душы. Усе параз’язджаліся... Што ж... Можна пару месяцаў пагуляць на волі, бо ён яшчэ ні разу па-людску не адпачыў за гэтыя дзесяць год работы, адзін раз толькі ездзіў у Крым, ды і то працаваў, рыхтаваў першы зборнік...

Сад быў недалёка, два прыпынкі трамваем. Драгун пайшоў пешкі. Ён крочыў памалу, задумаўшыся, апусціўшы галаву. Перад гастраномам на тратуары ён заўважыў нейкае ажыўленне, нейкія рэзкія хуткія рухі. Ён зірнуў туды і ўбачыў развязку: адзін чалавек ляжаў на тратуары, а другі, з бітончыкам, пераступіў праз яго і шпарка пайшоў насустрач Драгуну, раз-пораз азіраючыся. А чалавек, які толькі што ўпаў, стаў падымацца. Ён стаў на ногі якраз тады, калі Драгун падышоў да яго. Чалавек, высокі, аброслы шчаціннем, неахайна апрануты, відаць, быў моцна п’яны, яго вадзіла ў бакі. За нанесеную яму крыўду нехта павінен быў расплаціцца, і Драгун быў першы, хто трапіў яму на вочы і быў блізка, каб дастаць рукамі. Чалавек ашчэрыўся, узняў рукі і пайшоў на Драгуна. Драгуну не было часу падумаць. Ён адвёў руку і рэзка ўдарыў чалавеку ў падбародак. Чалавек упаў. Драгун момант пастаяў над ім, покуль той заварушыўся, і пайшоў далей. Азірнуўшыся, убачыў, што чалавек даганяе яго. У Драгуна закалаціліся рукі, ён стаў.

— Што табе трэба? — чалавек ужо стаяў ад яго за два крокі.— Не лезь, а то заробіш яшчэ!

Сказаў і пайшоў. Чалавек застаўся на месцы. У Драгуна цяпер было такое адчуванне, нібы ён улез у вялікую гразь, а потым яму сказалі зайсці ў чысты, прыбраны пакой. Паскудна, брыдка было на душы. Яго аж муціла: ніколі ў жыцці ён не ўдарыў нявіннага.

Дзяцей у садзе засталося ўжо мала. Драгунова Валька кінулася бацьку ў рукі. Ён падняў яе, закруціў вакол сябс.

— А мы паедзем на дачу! — закрычала Валька.— Вольга Іванаўна сказала!

Драгун падышоў да выхавацелькі.

— Гэта праўда, што вы едзеце на дачу?

Вольга Іванаўна, спакойная, павольная і вельмі прыгожая жанчына, ля якое дзеці круціліся, як пчолы ля маткі, устала з лаўкі і падышла да Драгуна.

— Якраз я хацела спытаць, ці хочаце вы адпраўляць сваю Вальку на дачу.

— А куды гэта, далёка?

— Не вельмі, там, за Ждановічамі, ля Мінскага мора. Можна аўтобусам, можна электрычкай.

— То што, хай едзе. Абы ўсё добра было.

— Ды ўжо ж, пастараемся... Скажыце сваёй гаспадыні, хай падрыхтуе змену бялізны, сукеначку, на ўсякі выпадак палітка не пашкодзіць, абутак.

— Добра, скажу. Ну, пойдзем, Валька.

— Да свіданья! — закрычала Валька, і яны пайшлі.

Драгун дарэмна сябе цешыў, што пару месяцаў пагуляе на волі. Ён зусім забыўся, што яшчэ зімою даў згоду праходзіць летам лагерныя зборы. Нечакана позва з ваенкамата нагадала яму пра гэта. Да адпраўкі заставаліся лічаныя дні. Драгун хацеў адпрасіцца: ён цяпер без работы, сям’я не атрымае нават палавіны яго зарплаты... Нічога не памагло! Саюз пісьменнікаў спехам выдаў яму сто рублёў дапамогі. Разам з маладым паэтам Сінякевічам яны разам бегалі па горадзе, заказвалі білеты на самалёт, куплялі новыя штаны, туфлі, рукзакі. Дарога іх чакала вялікая — Далёкі Усход.

48

У Мінску Драгуна сустракалі так, нібы ён прыляцеў з Месяца, а не вярнуўся з Уладзівастока. Кожны дзівіўся: «Як гэта цябе занясло на край свету?»

Так, пабыў ён далёка, пабачыў многа, пазнаёміўся з многімі людзьмі, шырэй стаў глядзець на свет. Доўга жыло ў ім адчуванне, што ён зусім не той, што быў дагэтуль. Новыя думкі, незнаёмыя дагэтуль пачуцці, другі погляд на рэчы, якія здаваліся назаўсёды ацэненыя...

Адзін вельмі важны вывад зрабіў для сябе Драгун: чым болей ездзіш і бываеш далёка, тым болей будзеш любіць той край, дзе ты нарадзіўся і вырас. І яшчэ адна незнаёмая дагэтуль думка пасялілася ў яго галаве, калі ён хадзіў і ездзіў па неаглядных прасторах Далёкага Усходу, а потым Сібіры: магутная ўлада прасторы над чалавекам. Прастора паглынае чалавека, як акіян кроплю, як стог сена іголку, як слон камара — і ніякага следу, ні голасу, ні гуку. Праўда, чалавек жыве, але гэта тое самае, што яго і няма — ён прапаў тут на векі вечныя, і калі не суджана вырваць яго адгэтуль, то болей пра яго не даведаецца ніхто — чым ён жыў, што думаў, што хацеў зрабіць і што зрабіў... У яго адчуванне такое, што ён тут навечна згубіўся... Цікава, што ў еўрапейскай цеснаце ў чалавека ніколі не бывае такога пачуцця: тут ён жыве, нешта робіць, яго ведаюць усе, ён ведае ўсіх. Ва ўсякім разе, так яму здаецца, і гэта яго супакойвае: ён адчувае сябе патрэбным. А там людзям вусцішна, іх палохае неабжытая прастора — іх ніколі не пакідае думка вярнуцца назад, у Еўропу. А мо так думаюць толькі тыя, хто яе памятае? Мо іх дзеці ўжо будуць лічыць гэты край сваёю радзімай і палюбяць яго, як і ўсякую радзіму? Тыя ж, хто вырас у другім месцы, наўрад ці прырастуць тут. Іх да смерці будзе цягнуць дадому. Настальгія — хвароба невылечная...