Здаецца, першы раз за ўсе дзесяць апошніх год Драгун выпрастаў свае плечы!
Ён сядзеў дома і пісаў, нават перастаў хадзіць у бібліятэку. Пісалася добра, ішло лёгка, за дзень можна было зрабіць добры кавалак, не тое што, прыйшоўшы з работы, калі адчуваеш сябе, як выціснуты лімон — можаш пасядзець не болей дзвюх гадзін, а там ужо пачынаеш адчуваць, як пухне галава, стукае кроў у скронях. А як хутка пачаў ісці час! Месяц пралятаў як тыдзень, а тыдзень — як дзень. Праўда, толькі ад зарплаты да зарплаты ў жонкі чакаць было доўга.
Зноў пачала наклёўвацца работа — гэты раз у газеце. Другун трохі ўжо ведаў, што гэта за смак, па Уладзівастоку, ды і быў знаёмы з многімі журналістамі, якія некалі канчалі разам з ім вучобу, а цяпер ужо даслужыліся да рэдактараў або загадчыкаў аддзелаў. Працаваць у газеце гэта тое самае, што ліць ваду ў дзіравае вядро. Давай-давай! Лі без адпачынку, бо адразу відаць, што вядро не поўнае. Але некаторыя яго падбадзёрвалі: паездзіш у камандзіроўкі, пабачыш жыццё, збярэш матэрыялу. Драгуна і самога цягнула гэтая прынада. За час работы ў ведавецтве ён сядзеў як прыкуты да стала, ніколі нікуды не ездзіў. Ён нават не ведаў гэтага смаку — ездзіць у камандзіроўкі, і чаму гэта, калі куды трэба, то едуць усё тыя, што бліжэй да начальства? Праўда і тое, што ў выдавецтве камандзіроўкі бывалі рэдка, таму заўсёды хапала ахвотнікаў і апроч Драгуна. Ён ужо звыкся з гэтым і лічыў, што так і трэба. Калі не лічыць Уладзівастока і Крыма, нідзе яму болей не давялося пабыць, асабліва дома, у Беларусі. На поўдзень ён не сягнуў далей Асіповіч — Слуцка, на поўнач — Маладзечна, на захад — да Слоніма, а на ўсход — да Оршы. Цяпер ён думаў, што хоць пабачыць свой край, у якім гэтулькі пражыў і так мала яго ведаў.
Палохала яго адна акалічнасць: ісці ў газету трэ было да таго самага рэдактара, які некалі друкаваў рэцэнзію на Мішчанку і якому пісаў Драгун ліст: ісці трэба было да Пашкова. Драгуна падахвочваў загадчык аддзела культуры Стральчэня, той самы, які пісаў разносную рэцэнзію на Мішчанку, схаваўшыся тады пад псеўданім Сідорчыка. Тады вельмі хутка ўсе даведаліся, хто такі Сідорчык. А цяпер неяк так выходзіла, што яны як бы абодва забыліся пра той непрыемны казус, які здарыўся з рэцэнзіяй на Мішчанку.
Пазнаёміліся яны даўно: Драгун рэдагаваў Стральчэневу кніжку нарысаў. Нарысы, праўда, пахлі такой газетай, што хоць ты іх выкідай. Драгун тады і выкінуў іх нямала, але Стральчэня не пакрыўдзіўся. А ўжо нядаўна, калі Драгун пайшоў з выдавецтва, Стральчэня даў у газету яго рэцэнзію на «Партызанскую адысею» Карповіча, да таго ж рэцэнзію самую станоўчую, у той час як у выдавецтве Карповічаву аповесць ледзь не зарэзалі. Увогуле ж Стральчэня, здаецца, нічога не меў да Драгуна і меціў узяць яго цяпер у свой аддзел, бо была вольная адзінка.
Стральчэня пазваніў Драгуну, каб ён прыходзіў. Драгун хуценька пагаліўся, апрануў гарнітур, нават завязаў гальштук і пайшоў.
Стральчэня быў не так высокі, як грузны, з адышкай, хоць яшчэ і не стары мужчына. Ён прывітаўся з Драгуном за руку і запрасіў сесці. У кабінеце цяпер ён гаспадарыў адзін, а працаваць трэба было за дваіх.
— Бяры, братка, анкету, запаўняй, напішы аўтабіяграфію...
— Што, дайшло да анкеты?
— Гэта яшчэ нічога не значыць. Як яму стрэльне ў галаву.
— То мо я вазьму дадому, а прынясу заўтра?
— Кінь ты! Вось зрабі ўсё — тады ідзі. Калі спатрэбішся — пазваню.
Драгун сеў за вольны стол, напісаў спярша аўтабіяграфію, потым запоўніў анкету.
— На, глянь, мо што не так...
Ён прабег вачыма па аўтабіяграфіі і вярнуў назад.
— Чаму не напісаў, што прыняты ў Саюз пісьменнікаў?
— Хіба гэта важна?
— Калі кажу, значыць, важна. Дапішы!
Драгун дапісаў.
— Ну, усё. Ідзі з богам. А гэта я перадам Пашкову, хай вывучае...
...Стральчэня пазваніў Драгуну праз тры дні.
— Прыходзь, стары, пойдзем да Пашкова.
Драгун ішоў і думаў: возьмуць ці не возьмуць? І вырашыў, што не. Надта ён быў сёння спакойны. Гэта заўсёды прарочыла няўдачу. Ён памятае такія выпадкі яшчэ са школы. Вось калі ён хвалюецца, будзе нешта добрае.
Пашкоў прымаў яго ў сваім прасторным кабінеце, як вялікі пан. У белай нейлонавай кашулі, з залатым пенснэ, зачэсаны на прабор, ён мог бы сысці за інтэлігента, каб не велікаваты нос-дуля, трохі сіні, трохі чырвоны.